«Пакуль вайна ва Украіне працягваецца, Еўропа знаходзіцца ў бяспецы»

Як бы гэта не гучала цынічна, але аб'ектыўна Украіна цяпер бароніць Еўропу ад расійскай агрэсіі, лічыць экс-кіраўнік Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганг Ішынгер. Адначасова Расія выступіла супраць плана Дональда Трампа правесці ва Украіне рэферэндум і прэзідэнцкія выбары. Прынамсі, яна не будзе ствараць для гэтага ўмоў. Ідуць 1389-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 178 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Радзінскага, Пакроўску, Ніканараўкі, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Філія і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Аляксандра-Шульціна, Яблонаўкі, Русінага Яру і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 25 разоў каля Сярэдняга, Зарэчнага, Дробышава і ў бок Дружалюбаўкі, Новага Міру, Ставак, Аляксандраўкі, Навасёлаўкі, Лімана.

На Аляксандраўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак паблізу Ворана, Прыволля, Вербава, Аляксееўкі, Зялёнага Гаю і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 17 атак расіян у раёнах Прыволля, Салодкага і ў бок Дабраполля, Гуляйполя і Новага Запарожжа.

* * *

У ноч на суботу, 13 снежня, расіяне масіравана атакавалі Адэсу і вобласць ракетамі і БПЛА. У большай частцы горада адсутнічае электрычнасць і ацяпленне, паведамляюць мясцовыя СМІ і сацсеткі.

Увечары ў пятніцу, 12 снежня, расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па партах Чарнаморска і Адэсы. У выніку атакі пашкоджаны паром пад сцягам Турцыі і ўзнік пажар на адным з суднаў.

«Расійскі ўдар, як і многія іншыя падобныя ўдары, не меў і не мог мець ніякага ваеннага сэнсу. Было пашкоджана грамадзянскае судна ў порце Чарнаморск», — паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Ён адзначыў, што гэта ў чарговы раз даказвае, што РФ не толькі не ўспрымае сур'ёзна шанц на дыпламатыю, які ёсць цяпер, але і спрабуе знішчыць нармальнае жыццё ва Украіне.

У Мікалаеве прагрымелі выбухі пасля аб'яўлення ракетнай небяспекі. Пра наступствы пакуль не паведамляецца.

У ноч на суботу, 13 снежня, у Расіі беспілотнікі атакавалі Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод, паведамляе шэраг Telegram-каналаў. Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод — адно са старэйшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Расіі. Па стане на 2023 год аб'ём перапрацоўкі нафты складаў 4,8 млн тон.

* * *

597322533_1212582114388198_8069861368248038168_n.jpg

* * *

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф сустрэнецца ў Берліне з еўрапейскімі лідарамі і прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Мерапрыемства мае ключавое значэнне на фоне імкнення Белага дома дасягнуць міру ва Украіне, піша The Wall Street Journal.

Чакаецца, што ў берлінскай сустрэчы прымуць удзел прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, а таксама профільныя дарадцы па Украіне.

У Белым доме заявілі нядаўна, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагодзіцца накіраваць свайго афіцыйнага прадстаўніка толькі пры ўмове «дастатковага прагрэсу» ў мірных перамовах. Першапачаткова еўрапейскія лідары разлічвалі арганізаваць асабістую сустрэчу з Трампам у Еўропе, каб абмеркаваць прапанаваныя імі змены да амерыканскага мірнага плана.

Па словах крыніц, застаюцца сур'ёзныя супярэчнасці, у прыватнасці адносна ўкраінскіх тэрыторый, на якія прэтэндуе Масква, але ад саступак Кіеў адмаўляецца. У ЗША і Еўропе растуць асцярогі, што план прадугледжвае для Украіны значна большыя саступкі, чым для Расіі.

* * *

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія выступае супраць перамір'я на фронце і разглядае нібыта толькі варыянт «паўнавартаснага міру». Ён сцвярджае, што часовае спыненне агню нібыта толькі «зацягне сітуацыю» і «ўвядзе ўсіх у зман».

Па словах Пяскова, заявы ўкраінскіх уладаў аб магчымым рэферэндуме па пытанні тэрыторый могуць быць «спробай стварыць перадумовы для паўзы на фронце», на што Масква «не пагодзіцца».

Каментары Пяскова прагучалі на фоне патрабаванняў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа правесці ва Украіне прэзідэнцкія выбары. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ён гатовы правесці выбары, калі ЗША гарантуюць бяспеку і дапамогуць арганізаваць іх бяспечна і ў разумныя тэрміны. Па словах Зяленскага, пра бяспеку ЗША павінны дамовіцца з Расіяй.

* * *

Краіны Еўрасаюза пагадзіліся замарозіць расійскія актывы ў памеры 210 млрд еўра на бестэрміновы тэрмін. Цяпер гэтае рашэнне не будуць працягваць кожныя шэсць месяцаў, паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у сацсетцы X.

«Мы пасылаем Расіі ясны сігнал: пакуль гэтая жорсткая вайна агрэсіі працягваецца, выдаткі Расіі будуць толькі расці. Гэта магутны сігнал для Украіны: мы хочам пераканацца, што наш адважны сусед стане яшчэ мацнейшым на полі бою і за сталом перамоваў», — падкрэсліла яна.

Reuters піша, што такое рашэнне ліквідуе рызыку таго, што Венгрыя і Славакія, якія захоўваюць «цёплыя адносіны» з Расіяй, могуць заблакаваць працяг замарозкі расійскіх актываў і, такім чынам, грошы вернуцца РФ.

Таксама бестэрміновая замарозка актываў можа пераканаць Бельгію падтрымаць план ЕС па выкарыстанні гэтых сродкаў для надання Украіне «рэпарацыйнага крэдыту» ў памеры да 165 млрд еўра для пакрыцця яе ваенных і грамадзянскіх бюджэтных патрэб у 2026 і 2027 гадах.

Чакаецца, што Еўрасавет збярэцца 18 снежня, каб канчаткова ўзгадніць дэталі «рэпарацыйнага крэдыту» і вырашыць астатнія праблемы, у тым ліку гарантыі ўсіх урадаў ЕС для Бельгіі, што яна не застанецца адна з аплатай рахункаў, калі патэнцыйны пазоў Масквы акажацца паспяховым.

* * *

Пакуль вайна ва Украіне працягваецца, Еўропа знаходзіцца ў бяспецы. Калі ўкраінцы складуць зброю, у Расіі будзе час на перагрупоўку, а наступная яе мэта — НАТА, экс-кіраўнік Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганг Ішынгер у інтэрв'ю для DW.

Ішынгер высока ацаніў ролю Украіны ў забеспячэнні бяспекі Еўропы на фоне агрэсіўных памкненняў Расіі. «Пакуль гэтая вайна (Расіі супраць Украіны) вядзецца — рашуча і мужна — нашымі ўкраінскімі сябрамі, Еўропа ў бяспецы», — заявіў ён.

Еўропа ў бяспецы, таму што ўкраінцы паспяхова «скоўваюць армію РФ ва ўпартай барацьбе». У момант, калі вайна скончыцца, «калі зброя змоўкне на Данбасе і ў іншых рэгіёнах Украіны», Крэмль зноў атрымае «дастаткова часу, каб перагрупавацца».

Пры гэтым Ішынгер лічыць, што намаганні Еўропы, накіраваныя на самаабарону, на гэтым не завершацца, а наадварот, па-сапраўднаму толькі пачнуць праяўляцца. «Да гэтага часу цяжар нясуць украінцы. Пасля заканчэння вайны нам давядзецца несці значна большую частку гэтага цяжару», — дадаў экс-кіраўнік Мюнхенскай канферэнцыі.

Ён пагадзіўся з меркаваннем генеральнага сакратара НАТА Марка Рутэ пра тое, што Паўночнаатлантычны альянс з'яўляецца наступнай мэтай Крамля пасля Украіны.