Канец глабалізацыі? Дасье ў карыкатурах
Пасля таго, як Трамп абвясціў палітыку пратэкцыянізму, свет змяніўся і мы ўвайшлі ў новую эру. Усё, што адбываецца, для нашчадкаў пільна фіксуюць карыкатурысты.
Такім чынам, 2 красавіка Трамп аб'явіў аб увядзенні імпартных пошлін у дачыненні да большасці дзяржаў свету, назваўшы гэтую дату «днём вызвалення» ЗША. Базавы тарыф склаў 10 працэнтаў, але для асобных дзяржаў пошліны дасягалі да 50 працэнтаў. Каб падкрэсліць маштаб таго, што адбылося 2 красавіка, карыкатурыст The Guardian праводзіць аналогіі паміж «тарыфнай вечарынкай» ад Трампа і Бостанскім чаяваннем, калі амерыканцы выкінулі ў мора скрыні з ангельскай гарбатай, што стала пачаткам вайны за незалежнасць ЗША.

Не абышлося без кур'ёзаў. Напрыклад, пошліны ўведзены на імпарт з вострава, на якім жывуць толькі пінгвіны. Іх рэакцыю на навіны з Вашынгтона паспрабаваў змадэляваць адзін з нямецкіх мастакоў.

У чым сутнасць рэформы Трампа? The Times ілюструе яе гэтай карыкатурай. Маўляў, прыхільнікі MAGA па сваім жа жаданні апынуліся за сценкай з калючым дротам. Насамрэч усё больш складана. Трамп за кошт новых акцызаў хоча скараціць імпарт, што дапаможа часткова вырашыць праблему ўнутранага доўгу. Плюс пошліны мусяць стаць стымулам для амерыканскай эканомікі. Дарагія імпартныя тавары будуць кампенсавацца таннымі, якія зроблены ў Штатах.

Курс Трампа нібыта вядзе да ўмацавання прамысловай незалежнасці ЗША, аднак гэта доўгатэрміновая стратэгія. Пакуль на амерыканскіх біржах паніка, кошты растуць, а даляр падае. На думку The Daily Telegraph, выйграць ад гэтага могуць жыхары Грэнландыі, якую марыць анексаваць Трамп. «Калі рынкі ў ЗША працягнуць падзенне, мы неўзабаве зможам купіць Амерыку», — кажа адзін грэнландзец іншаму.

Падобныя драматычныя працэсы назіраюцца і на сусветным рынку. Аб'ява Трампа аб пошлінах абрынула сусветныя фондавыя рынкі, знізіўшы рынкавы кошт акцый шматлікіх кампаній. Цэны на нафту і сыравінныя тавары рэзка ўпалі. Мастак газеты The Sunday Times наступнай карыкатурай паказвае, што адбываецца з сусветным гандлем пасля ўвядзення пошлін Трампа.

Але найважнейшае тое, што Трамп не пашкадаваў нават саюзнікаў з Еўропы. Імпарт з ЕС будзе абкладацца 20%-мі пошлінамі. Еўрапейцы ў сваю чаргу таксама заявілі аб пачатку тарыфнай вайны са ЗША, што ўжо графічна пракаментавалі графікі.

Так ці інакш, крок Трампа сведчыць пра разбурэнне сусветнага парадку свабоднага гандлю, які Злучаныя Штаты абаранялі і ўзначальвалі з часоў Другой сусветнай вайны. Усё гэта сведчыць аб пачатку новай эры — пакуль што поўнай нявызначанасці.