Суд над Юрыем Гараўскім у Швейцарыі прызначаны на 22 верасня

 Апеляцыйнае слуханне па справе былога байца беларускага САХРу Юрыя Гараўскага адбудзецца 22 верасня ў Кантанальным судзе Санкт-Галена. Пасяджэнне прызначана на 8:30.

Юрый Гараўскі накіроўваецца ў залу суда. Верасень 2023 года. Фота Вольгі Класкоўскай / «Новы Час»

Юрый Гараўскі накіроўваецца ў залу суда. Верасень 2023 года. Фота Вольгі Класкоўскай / «Новы Час»

Раней слуханне, якое павінна было адбыцца 24 чэрвеня, перанеслі на нявызначаны тэрмін. Цяпер у раскладзе суда пазначана дата 22 верасня 2026 года.

Гараўскі раней прызнаваўся ў датычнасці да выкрадання апанентаў Аляксандра Лукашэнкі — былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Паводле матэрыялаў справы, Гараўскі сцвярджаў, што перад выкраданнем Захаранкі не ведаў пра намер яго забіць, але пасля смерці Захаранкі яму, як і іншым удзельнікам, стала вядома, што інфармацыя пра выкраданне і смерць не павінна была выйсці вонкі. Што да Ганчара і Красоўскага, Гараўскі сцвярджаў, што яшчэ да іх выкрадання ведаў пра намер іх забіць.

Захаранка лічыцца зніклым без вестак з 9 мая 1999 года, Ганчар і Красоўскі — таксама зніклымі без вестак. Іх смерць афіцыйна не пацверджаная.

28 верасня 2023 года Роршахскі раённы суд Швейцарыі апраўдаў Гараўскага па абвінавачаннях у шматлікіх гвалтоўных знікненнях і альтэрнатыўным абвінавачанні ў перашкоджанні правасуддзю. Суд палічыў ягоныя паказанні недастаткова надзейнымі. Грамадзянскія пазовы пацярпелых былі перададзеныя для разгляду ў грамадзянскім судзе.

Глядзіце таксама

Прадстаўнікі пацярпелых падалі апеляцыю і дамагаюцца абвінаваўчага прысуду і адпаведнага пакарання за шматлікія гвалтоўныя знікненні, а таксама кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу. Абарона просіць адхіліць апеляцыю.

Слуханне пройдзе на нямецкай мове ў галоўнай зале суда. Для публікі прадугледжаны сінхронны пераклад на расейскую мову ў малой зале.