Ці піўная краіна Беларусь?
А вы ведаеце, што пад Расійскай Імперыяй у Беларусі
спажыванне піва было выціснута гарэлкай? А пра тое, што наша краіна мае старадаўнія
броварскія традыцыі? У Міжнародны дзень піва мы вырашылі пазнаёміць вас з цікавымі піўнымі фактамі.
Піва — адзін з найстаражытнейшых
напояў, вырабленых чалавекам. Верагодна, піва было вынайдзена выпадкова, калі
пакінутае ў гаршку зерне намокла і шляхам ферментацыі атрымаўся слабы
алкагольны напой. У нашай кліматычнай зоне, на поўначы Еўропы, для вырабу піва
выкарыстоўваўся ячмень, але ў іншых краінах можа быць і іншае зерне — пшаніца,
авёс, грэчка, кукуруза, рыс.
Ячмень быў найбольш пашыранай аграрнай культурай. Адпаведна піва, разам з пітным мёдам, былі найбольш пашыранымі ў сярэднявечнай Беларусі алкагольнымі напоямі. У судовых фармулёўках XVI ст. словазлучэнне «ў піве быць» азначала “знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення”. У гэтым сэнсе піва выступала як сінонім спіртных напояў наогул.
Але апроч зерня для вырабу важны яшчэ адзін кампанент — хмель, які выкарыстоўваўся каб заглушыць рэзкаваты смак соладу, а таксама для антыбактэрыяльных якасцей.
У Вялікім Княстве актыўнае вырошчванне хмелю распачалося ў XVI ст., разам з бурлівым ростам колькасці бровараў у суседняй Польшчы і ў самім ВКЛ.
Прывілеі на зямельныя наданні XVI
ст. нязменна згадваюць хмельнікі ў чарадзе гаспадарчых тэрыторый: «и со всими
их землями пашными и бортными и з сеножатьями, и з лесы, и з дубровами, и с хмелники,и з боры, и з
ловы звериными и пташыми...»
Як адзначае гісторык кулінарыі Алесь Белы, большая частка хмельнікаў месцілася на захадзе Беларусі, бліжэй да рынкаў збыту. А Статут ВКЛ 1588 года прадугледжваў досыць сур'ёзную адказнасць за пашкоджанне хмельнікаў:
«Хто бы кому хмелища подрал або порубал... таковый маеть гвалту платити дванадцать рублей грошей. А если бы дерева не посек, толко хмель подрал, то маеть тры рубли грошей заплатити».
Піва і вытворчасць піва сталі
заўважнай сферай гаспадаркі Вялікага Княства Літоўскага і практычна ўсе
прывілеі гарадам на магдэбургскае права так ці інакш краналі праблему гандлю і
імпарту піва. Вялікакняская ўлада імкнулася кантраляваць гэтую сферу і
забяспечвала прыярытэт раздробнага гандлю піва за мясцовымі купамі.
Так, напрыклад, магдэбургскі прывілей вялікага князя Аляксандра ад 1499 года прадугледжваў, што “ні адзін купец нашага места, апрача віленцаў” не мог прадаваць у Менску “нямецкае піва і іншае пітво замежнае” ў дробнай тары — толькі “цэлаю бочкаю”: “Чужыя купцы не маюць права меншымі мерамі ні прадаваць, ні купляць, толькі як вышэй напісана. Калі ж бы хто з іх асмеліўся б інакш учыніць, тады войт тую пакупку павінен забраць у клець на нашу карысць”.
Сур’ёзныя выпрабаванні для піва пачаліся ў ХІХ ст. — у гэтага старажытнага напоя з’явіўся вельмі эфектыўны канкурэнт. Развіццё аграрнай гаспадаркі і перапрацоўчай вытворчасці зрабіла высокарэнтабельным масавую вытворчасць гарэлкі. Расійскія ўлады напоўніцу ацанілі фіскальныя магчымасці гэтай новай сітуацыі.
Гарэлка была завезена ў Вялікае Княства Літоўскае ў канцы XV — пачатку XVI ст. з Нямеччыны. Таму першапачатковая назва гарэлкі было «віно падпаленае» (калька з нямецкай Gebrant Wein). Да XVIІ ст. гарэлка была адносна дарагім і маладаступным алкагольным напоем. Але з памяншэннем выдаткаў на вытворчасць гарэлкі яе кошт памяншаўся.
На прыкладзе дынамікі цэн у кнігах актаў Магілёўскага магістрата можна бачыць паступовы працэс замены піва гарэлкай. У 1697 годзе суадносіны коштаў гарэлкі і піва складала 11 : 1, але ў 1710 ўжо 7 : 1. У гэты ж час цэны на асноўныя тавары (хлеб, цукар, піва, абутак) выраслі ў два разы, а зарплата мінімум на 20%. Гарэлка стала выцясняць піва і, асабліва, пітны мёд.
Але эпохай сапраўднага росквіту для гарэлкі стаў перыяд панавання Расіі. У 1811 годзе была ўведзена сістэма выкупу гандлю алкаголем у Расійскай Імперыі. Гандляр уносіў у дзяржаўны скарб фіксаваную плату, якая не залежала ад будучага прыбытку. Фактычна купец манапалізаваў гандаль алкаголем на пэўнай тэрыторыі. Найбольшы прыбытак прыносіла продаж гарэлкі, а не піва. Гэта быў перыяд імклівага распаўсюджвання корчмаў і шынкоў з выкупленым правам гандлю алкаголем.
Піва аб'ектыўна тармазіла працэс імклівай алкагалізацыі. Але таксама распаўсюджванне піва ў беларускіх губернях не садзейнічала папаўненню імперскай казны. Палітыка расійскага ўрада была накіравана на атрыманне як мага большай сумы падаткаў і збораў ад вытворчасці і продажу алкагольных напояў. 46% даходаў дзяржаўнага бюджэту Расіі ў 1859 годзе складалі «п’яныя» грошы! Піва прайгравала ў супрацьстаянні з гарэлкай.
Але, у сваю чаргу, прагрэс у аграрнай сферы і развіццё сыравіннай базы, а таксама пашырэнне ўрбанізацыі і кшталтаванне новых гарадскіх традыцый з больш інтэнсіўным рытмам жыцця, калі цанілася толькі лёгкае ап’яненне, аб’ектыўна стварылі ўмовы для новага этапу пашырэння піва ў Беларусі. Апроч таго, у канцы 1863 годзе ў Расіі была ліквідавана заганная адкупная сістэма і ўведзены больш цывілізаваны піцейны збор. У Беларусі пачалі імкліва ўзнікаць індустрыяльныя бровары.
Добра вядомая сёння “Аліварыя” ўзнікла як раз у 1864 годзе. Менскай мяшчанкай Фрумкінай на месцы сучаснага завода была пабудавана драўляная піваварня. Пазней уладальнікам бровара стаў граф Караль Чапскі — адзін з самых удалых гарадскіх кіраўнікоў Менска за ўсю яго гісторыю. У 1894 годзе Чапскі пабудаваў мураваную піваварню. У 1898-м бровар быў прададзены аўстрыйскім купцам братам Лекертам, пасля чаго прадпрыемства пачало звацца заводам Лекертаў.
Да гэтага ж часу адносіцца і ўзнікненне легендарнага лідскага брэнду. Бровар у Лідзе быў пабудаваны ў 1873 годзе лідскім мешчанінам Носелем Пупко. Завод належаў яму і яго нашчадкам на працягу трох пакаленняў.
Беларускаму піваварэнню прыйшлося перажыць у другой палове ХХ ст. няпростыя часы ўніфікацыі і радыкальнага зніжэння якасці масавага прадукту. Рэальна адзін гатунак — “Жыгулёўскае”, — прадаваўся па ўсіх абшарах Савецкага Саюза, а знайсці ў крамах іншае піва было практычна немагчыма.
Піўная галіна Беларусі якасна адраджаецца (ці ўзнікае) практычна толькі апошнія 15—20 гадоў. Усё ж паводле статыстыкі беларусы ўваходзяць у групу “сераднячкоў” па ўжыванню піва.
Паводле дадзеных статыстыкі 2015 года, абсалютным лідарам па выпітаму піву (з разліку літраў на аднаго чалавека на працягу года) выступае Чэхія — 149 л, за ёй ідуць Аўстрыя (108 л.) і Нямеччына (106 л.). Беларусь дае лічбу ў 51 л. Гэта меней, чым ва ўсіх суседзяў Беларусі: Польшчы (99), Расіі (74), Літвы (73), Латвіі (66), Украіны (62).
Разам з тым, Беларусь застаецца адным з лідараў спажывання алкаголю ўвогуле ў свеце. Таму застаецца слабая надзея, што пашырэнне піва ў Беларусі (не проста ў літрах, а ў гатунках) прывядзе да змены структуры спажывання алкаголю, калі менавіта піва пасуне моцныя напоі. У такім разе, гэта будзе азначаць адраджэнне нашых даўніх традыцый.