«У пражытыя ёю сорак гадоў змясцілася б некалькі доўгіх жыццяў». Да дня народзінаў Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
Уладзімір Арлоў назваў яе самай яркай дзяячкаю нацыянальнага Адраджэння пачатку XX стагоддзя, Антон Луцкевіч захапляўся цётчыным «палымяным сэрцам», Янка Купала дасылаў ёй новыя вершы. Алаізай Пашкевіч немагчыма не захапляцца — запрашаем у яе сусвет.
Стала на чале стварэння «Кругу беларускай народнай прасветы»
Шляхетная 16-гадовая паненка Алаіза Пашкевіч з Лідчыны прыехала ў Пецярбург у 1902 годзе, скончыўшы прыватную гімназію ў Вільні. Мэтай прыезду было навучанне на курсах прафесара Пятра Лесгафта — выбітнага навукоўца, гуманіста, дэмакрата. Цётка артымала веды па медыцыне і педагогіцы.
Два гады, праведзеныя ў Пецярбургу, былі для Алаізы лёсавызначальнымі. Разам з Антонам і Іванам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім у тым жа 1902 годзе яна стаяла на чале стварэння пецярбургскага «Круга беларускай народнай прасветы і культуры» — падпольнай арганізацыі.
Як адзначыла Вялянціна Коўтун у часопісе «Наша Вера», «гэта была адчайная, прыгожая моладзь самых першых гадоў новага стагоддзя, якая ўзводзiла «будынак» дзяржаўнай беларускай iдэi, замешваючы «цэмент» трываласцi на непахiснай любовi да роднай зямлi i самаахвярнасцi. Самаахвярнасці ў імя будучыні».
«Адразу самавызначылася беларускай і гэткаю засталася назаўсёды»
З успамінаў Стэпонаса Кайрыса, мужа Цёткі:
«Студэнцтва было тады пульсам царскае імперыі, пульсам, што пачынаў біцца ўсё мацней і бескантрольней. Студэнцкаму рэвалюцыйнаму руху, што ахапляў розныя ідэалагічныя плыні з розных нацыянальных групаў, было супольным адно: змаганне з манархічным царскім рэжымам. Паасобныя нацыянальныя групы лучылі з гэтым і свае спецыфічныя заданні.
У асяроддзі вось гэтай усё больш распальванай моладзі Алаіза Пашкевіч пачулася адразу «як у сябе дома». Вельмі чуйная на падзеі, выбуховага характару, не церпячы аніякіх кампрамісаў ані ў сябе, ані ў іншых, адкідаючы ды высмейваючы ўсякія канвэнансавыя формы ў дачыненнях,- яна уважала за свой абавязак і гонар быць усюды там, дзе так ці гэтак выяўляўся нарастаючы супроць існуючага стану настрой. Яна акуратна наведвала сходкі, брала ўдзел у дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў. Адразу самавызначылася беларускай і гэткаю засталася назаўсёды».
У Вільні Аліза Пашкевіч стала выбітнай аратаркай
У 1904 годзе Цётка вярнулася ў Вільню. Наперадзе яе чакалі лепшыя, найбольш актыўныя гады.
Юльяна Мэнке, нявеста Івана Луцкевіча, узгадвала: «…Перад намi была аратарка, якая з вялiкай сiлай i перакананнем усiм сваiм сэрцам будзiла ў слухачоў запал i любоў да прыгнечанага работнага люду й беларускага сялянства, за вызваленне й лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сiлы й жыццё. Слухаючы Алаізу Пашкевiч, я зразумела, што яна сапраўды тое адчувае, да чаго ўсiх заклiкае, i таму, што гэта было ў яе ад душы, яна мела вялiкi ўплыў на ўсю аўдыторыю».
Дзяячка беларускай сацыялістычнай грамады
Алаіза Пашкевіч разам з паплечнікамі заснавала першую беларускую партыю, першы сход якой абыўся ў віленскай кватэры Цёткі.
Муж Алаізы Пашкевіч пісаў: «Яна была адным з закладнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ды ўважала сябе ўвесь час за сябру гэтай арганізацыі, не набіраючы, аднак, характэрных партыйнаму чалавеку якасцяў. Яе не вязалі пастановы партыйнае праграмы, і яна не гэтак ужо вельмі і пільнавала партыйнай дысцыпліны.
Хоць Беларуская Грамада была сацыялістычнаю арганізацыяй, Цётку няшмат цікавілі асновы тэорыі сацыялізму. Была ёй, аднак жа, сваёй маральная існасць сацыялізму. Яна была арганічна зліўшыся з народам свайго асяроддзя, і яе, як у творчасці, гэтак і ў жыцці — заўсёды цягнула туды, дзе было больш гора, дзе больш крыўдзілі, паніжалі «малога» чалавека, дзе была ў ім паніжаная сама ягоная чалавецкасць».
У сутарэнні лякарні трымала шапірограф, на якім друкавала вершы
Алаіза Пашкевіч працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. Там яна трымала шапірограф (прылада для памнажэння рукапіснага або друкаванага тэксту без друкарскага набору). Вершы Цёткі распаўсюджваліся па вуліцах Вільні на ўлётках. Вось адзін з вершаў таго перыяду:
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь у нас — ня брыну,
Бачу, братцы, мы ня з карт,
Мы ня з гіпсу, мы — з каменьня,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламеньні,
Каб мацнейшыя мы сталі...
Праз палітычны пераслед была вымушаная эміграваць у Львоў
Гісторык Уладзімір Арлоў адзначаў: «Шэсьць гадоў палітычнай эміграцыі яна скарыстала на вывучэньне філязофіі, гісторыі й філялёгіі. ў Львоўскім і Кракаўскім унівэрсытэтах. Тамсама, у Аўстра-Вугоршчыне, у Жоўкве пад Львовам, выдала два зборнікі — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», якія сталі клясыкай. Яна вандравала па Італіі, Нямеччыне, Фінляндыі й Швэцыі».
Ёсць звесткі і пра тое, што Алаіза Пашкевіч нелегальна прыязджала на радзіму. А на жыццё паэтка зарабляла працай масажысткі.
Напісала верш «Суседзям у няволі» (1906), звернуты да ўкраінцаў
Ад сваіх хат, ад сваіх ніў,
Ад усіх братоў, хто толькі жыў,
Нясу слязу, нясу я стогн,
Нясу нагаек царскіх звон.
У нас там ноч, у нас там стук,
Мы ацямнелі з страшных мук,
З нас пот ліецца, сохнуць грудзі.
Нас катуюць! Чуйце, людзі!
Чуйце, чуйце, руку дайце!
Мы вам родны. Праўду знайце:
Ці у долі, ці ў нядолі —
З вамі станем ў адным полі,
Рука ў руку з вашым братам,
За свабоду перад катам
Украінцы ў той час пакутавалі ад аўстра-вугорскага прыгнёту.
Публікавалася ў газетах «Наша Доля», «Наша Ніва»
Зноў жа звернемся да ўспамінаў Стэпонаса Кайрыса: «У 1906 годзе пачынаюць выходзіць у Вільні беларускія тыднёвікі, спачатку «Наша Доля», а пасля «Наша Ніва». Для Цёткі-Пашкевічанкі была гэта ці не найбольш інтэнсіўная пара ейнай палітычна-грамадскай працы.
Поўна было яе ўсюды. Працавала ў газеце, брала ўдзел у сходах, спробвала прамаўляць на мітынгах, выступала як прадстаўніца Беларускай Сацыялістычнай Грамады на нарадах дэлегатаў рэвалюцыйных партыяў. У асобе Цёткі малады беларускі рух здабыў не толькі адданую ўсёй душой працаўніцу, але і няўтомную ініцыятарку самога руху».
Дзякуючы шлюбу змагла вярнуцца ў Вільню
Алаіза Пашкевіч і Стэпонас Кайрыс пазнаёміліся ў 1902 годзе ў Пецярбургу. Ён быў студэнтам-тэхнолагам. «Незвычайна жывога характеру, нештодзённая, яна выразнялася нават і ў шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне «чалавека з жывой душой», — пісаў Кайрыс.
Ажаніліся яны, аднак, толькі праз 10 гадоў – у 1912-м. Некаторыя даследчыкі лічаць брак фіктыўным, бо прозвішча мужа дазволіла ён вярнуцца ў Вільню.
«Уладзіліся мы вельмі сціпла, па-студэнцку, і напачатку зажылі на Звярынцы. Цётка не цярпела мяшчанскага спосабу жыцця, і аж да Першай сусветнай вайны мы абыходзіліся памяшканнем з двух пакояў з кухняй, — узгадваў Стэпонас. — Наймічкі мы не мелі, хоць майго заработку за працу ў самаўрадзе Вільні хапіла б і на крыху раскошнейшае жыццё; Жонка не мела тады ніякай працы, што звязвала б яе, і ўвесь свой час аддавала справам беларускага руху».
Стварала нелегальныя беларускія школы
У 1911 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч (будучая жонка Янкі Купалы) былі створаныя летнія «лятучыя» школы на Лідчыне і каля Нававільні.
А пазней, у 1914-м, Цётка заснавала дзіцячы беларускі часопіс «Лучынка». Гэтай працы яна прысвячала надзвычай шмат намаганняў, прычым лічыла, што з дзецьмі варта размаўляць па-даросламу, распальваць у іх цікавасць да навакольнага свету.
Падчас Першай сусветнай вайны даглядала хворых у тыфозным бараку
«Катастрофа расійскіх армій ува Усходніх Прусах запоўніла віленскія бальніцы раненымі і хворымі на заразныя хваробы, — пісаў Стэпонас Кайрыс.
— Цётка не ўмела быць абыякавай да падзеяў і ўвесну 1915 года падалася на працу сястрою міласэрдзя, у барак для заразных хваробаў у Вільні. Працавала да позняй восені.
Увосені гэтага ж года загінуў у франтавых баях каля Гародні Цётчын брат Язэп. I гэта быў пачатак няшчасцяў, якія ішлі на яе».
У 1916-м ад тыфу памёр бацька Алаізы. Разам з мужам яны прыехалі ў Ліду на пахаванне. Перадаем словы Кайрыса пра далейшыя трагічныя падзеі:
«Я працаваў у віленскім самаўрадзе і мусіў вяртацца дамоў. Жонка засталася на некаторы час на бацькаўшчыне. Пасля некалькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая.
Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак, пешшу дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо некалькі дзён, хворая на той жа тыф. Папрошаны з Васілішкаў лекар-немец мала знаўся на лячэнні тыфу, не дапамог. Шукаць іншых лекараў было немагчыма: на месцы іх не было, а дабрацца да Вільні тады было немагчыма; ды на гэта было ўжо і запозна.
Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 года пад роднаю страхою, не прыходзячы ў прытомнасць. Пахавалі яе на бацькаўшчыне.
Быць пахаванай блізка свайго дома жадала сама Цётка».