Ці апраўдаюць катаў «бруднай вайны»?

Каманда фаварыта прэзідэнцкіх выбараў у Аргенціне абяцае ў выпадку перамогі апраўдаць арганізатараў і ўдзельнікаў палітычных рэпрэсій 1976-1983 гадоў.

358003064b99dcb12aa9270e7450cce5_ce_1237x824x341x0_cropped_666x444.webp

Прэзідэнцкія выбары ў Аргенціне, якія маюць адбыцца ў кастрычніку, могуць поўнасцю перайначыць палітычны пейзаж краіны. Нагадаем, што найбольшы рэйтынг пакуль мае Хаўер Мілей — правы папуліст па палітычных поглядах і анарха-капіталіст па эканамічных. Яго постаць вельмі незвычайная для дзяржавы, на палітычнай арэне якой на працягу дзесяцігоддзяў супрацьстаяць пераністы (нешта накшталт сацыял-дэмакратаў) і лібералы.

Але замахам на двухпартыйную сістэму справа не абмяжоўваецца. Ідзе жорсткая барацьба за трактоўку гісторыі краіны. Палітыкі спрачаюцца наконт таго, як аргенцінцам трэба ставіцца да т.зв. «бруднай вайны».

«Брудная вайна» ў Аргенціне — агульная назва курсу дзяржаўнага тэрарызму (масавыя выкраданні, катаванні, пазасудовыя пакаранні), якога трымалася ваенная хунта з сярэдзіны 70-х да 1983-га года. Праваабаронцы ацэньваюць колькасць ахвяр рэпрэсій у 30 тысяч чалавек.

Каманда Хаўера Мілея, і перш за ўсё кандыдат у віцэ-прэзідэнты Вікторыя Эўхенія Вільяруэль, выступаюць за комплексны перагляд ацэнкі тых падзей. Па першае, Вільяруэль робіць упор на тое, што «брудная вайна» была адказам на хвалю левага тэрарызму, якая ахапіла Аргенціну ў першай палове 70-х. Па другое, звяртае ўвагу на тое, што падпольшчыкі нясуць адказнасць за шмат злачынстваў. 

Напрыклад, яшчэ ў 1970 годзе монтэнерас (так называлі пераністаў, удзельнікаў узброенага супраціву) схапілі і забілі пасля зверскіх катаванняў адстаўнога генерала Педра Арамбуру, «вінаватага» ў тым, што 15 гадамі раней ён удзельнічаў у звяржэнні Перона.

Глядзіце таксама

Трэба сказаць, што да сваёй місіі Вікторыя Эўхенія (для даведкі — прафесійны юрыст) падышла вельмі сістэмна. Створаны ёю Цэнтр прававых даследаванняў тэрарызму (CELTYV) спрабуе архіваваць усе крывавыя вылазкі перанісцкага падполля.

Сапраўды, з боку ўзброеных пераністаў мелі месца выкраданні і забойствы. Прычым часта яны не цырымоніліся з метадамі. Разам з простымі людзьмі пускалі ў паветра аўтасалоны, магазіны, офісы банкаў. Ад куль і бомбаў загінулі тысячы выпадковых людзей. 

На падставе выкладзеных фактаў гучаць патрабаванні аб справядлівасці ў дачыненні да вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў «бруднай вайне», і пакаранні паўстанцаў, якія здзейснілі злачынствы. Нагадаем, што пасля падзення ваеннай дыктатуры ў 1983-м вайскоўцы былі абвешчаны злачынцамі, прычым усе агулам, а іх супернікі сталі героямі за тое, што супрацьстаялі бесчалавечнаму рэжыму.

Як ні дзіўна, у сеньёры Вільяруэль з'явілася шмат паслядоўнікаў. Гэта не толькі сваякі тых вайскоўцаў, хто верна служыў дыктатуры. Дарэчы, Вікторыя Эўхенія — унучка афіцэра, які перажыў чатыры замахі. Сярод аматараў рэвізіі гісторыі шмат моладзі. Зрэшты, іх пазіцыя тлумачыцца хутчэй не сімпатыямі да дыктатуры, а антысістэмнымі забабонамі. Пасля падзення дыктатуры тэма рэпрэсій і супраціву стала часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Удзельнікі супраціўлення з'яўляюцца героямі як для лібералаў, так і для пераністаў, а вайскоўцы і сілавікі трактуюцца вядучымі партыямі краіны адпаведна як злачынцы.

Ці зможа Вільяруэль навязаць грамадству новыя падыходы да гісторыі? Некаторыя эксперты ўпэўнены, што татальнае дамінаванне лева-ліберальнага погляду на гісторыю краіны, у тым ліку «брудную вайну» руйнуецца на вачах. Аднак пакуль цяжка уявіць, што ў краіне паўстане нейкі культ сілавікоў-удзельнікаў рэпрэсій. Любы падобны крок у гэтым кірунку адразу ўзмоцніць вагу вайскоўцаў у грамадстве і палітыцы, што можа аднавіць у сілавікоў спакусу захопу ўлады. Ва ўмовах цяперашняга эканамічнага хаосу і палітычнай фрустрацыі такі сцэнар выключыць нельга. Гэта, думаецца, разумее і сам Хаўер Мілей.

У гэтым плане цікава, што тэма перапісвання гісторыі некалькі гадоў таму была папулярнай у суседняй Бразіліі, якая таксама ў 1960-1980 гады прайшла праз стадыю ваеннай дыктатуры. Адзін малады комік нават высмеяў старонку біяграфіі прэзідэнта Дылмы Русеф — прадстаўніцы левай Партыі Працоўных. Эпізод тычыўся катаванняў, праз якія ў маладосці прайшла Дылма як актывіст падполля. Такія настроі дапамаглі прыйсці да ўлады праваму папулісту Жаіру Болсанару, які заклікаў да рэабілітацыі ўдзельнікаў рэпрэсій часоў дыктатуры. Аднак вынікі яго кадэнцыі аказаліся настолькі адмоўнымі, што дазволілі левым хутка вярнуцца да ўлады. Адпаведна заклікі наконт рэабілітацыі катаў зноў набылі маргінальны характар.