Новая канстытуцыя, квітнеючая Беларусь і дзяржава для народа

Каля 5 тысяч дэлегатаў звезлі ў Мінск 19 катрычніка 1996 года на І Усебеларускі сход. Колькі ж наогул было такіх сходаў і чым яны былі адметныя?

Лукашэнка
 падчас працы Першага Усебеларускага народнага сходу з іконай св. 
Міхаіла Архангела — падарункам дэпутатаў Дзярждумы Расіі

Лукашэнка падчас працы Першага Усебеларускага народнага сходу з іконай св. Міхаіла Архангела — падарункам дэпутатаў Дзярждумы Расіі


Фармальна Усебеларускі сход збіраецца для абмеркавання пытанняў развіцця краіны на наступныя пяць гадоў. На самай жа справе ён заўсёды быў прымеркаваны да пэўнай палітычнай акцыі.

Першы — па рэферэндуме

Першы Усебеларускі сход адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 года з нагоды ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму, галоўным пытаннем якога была новая рэдакцыя Канстытуцыі, якая істотна ўзмацняла прэзідэнцкую ўладу.

Ён праходзіў у Палацы спорту ў атачэнні армейскіх фармаванняў. Па словах самога Лукашэнкі, гэта яму «по-отечески» параiў кіраўнік расійскага ўраду Віктар Чарнамырдзін.

Першы сход быў самым шматлікім. На яго прызначылі ажно 4740 дэлегатаў. З іх 1164 складалі жанчыны, 637 — працоўныя і калгаснікі, 554 — інжынерна-тэхнічныя кадры, а таксама студэнты, пенсіянеры і вайскоўцы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі сацыяльна-культурнай сферы.

Гэты сход зацвердзіў сваю структуру, якая застаецца нязменнай і да сёння: прэзідыум, сакратарыят, мандатная камісія, рэдакцыйная камісія, падліковая камісія.

Менавіта тады Лукашэнкам былі вызначаны галоўныя прыярытэты развіцця: экспарт, жыллё, харчаванне. У знешняй палітыцы ўпершыню была дэклараваная знакамітая шматвектарнасць.

Першы Усебеларускі сход меў праблемы з легітымнасцю. Форум не быў прапісаны ў Канстытуцыі. Нездарма дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання Анатоль Нятылькін, які падтрымліваў Лукашэнку, заклікаў замацаваць статус сходу ў новым праекце Асноўнага закона.

На тым мерапрыемстве выступіў былы кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Косінец, які тады быў прафесарам Віцебскага медінстытута: «Гарантам правоў, свабодаў і сапраўднай дэмакратыі быў, ёсць і будзе Лукашэнка. Моцнага Вам здароўя!»

Варта адзначыць, што тады былі рэдкія, але ўсё ж крытычныя ацэнкі і прапановы. Напрыклад, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання па адукацыі, навуцы і культуры Уладзімір Плецюхоў прапанаваў уключыць у канстытуцыйны праект прапанову, якая дапускала адхіленне кіраўніка дзяржавы ад улады з-за парушэння прысягі. Ён жа прапанаваў прыбраць з праекта норму, згодна якой адлік паўнамоцтваў прэзідэнта пачынаецца з уступлення ў дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Рэзалюцыя першага сходу мела палітычны характар: яна была цалкам прысвечана рэферэндуму і заклікала дэпутатаў Вярхоўнага Савета адклікаць альтэрнатыўны праект Канстытуцыі. З 4740 дэлегатаў 11 выказаліся супраць такой рэзалюцыі, а 47 устрымаліся.

На наступных сходах такой «дэмакратыі» больш не было.

Зборнік матэрыялаў сходу быў надрукаваны пад грыфам прэзідэнцкай адміністрацыі іпад назвай «Толькі народ мае права вызначаць свой лёс» накладам у 1000 асобнікаў.

Другі — да прэзідэнцкіх выбараў

Лукашэнка і Жарэс Алфёраў падчас працы Другога Усебеларускага народнага сходу

Лукашэнка і Жарэс Алфёраў падчас працы Другога Усебеларускага народнага сходу

 

Сход адбыўся 18 мая 2001 года ў будынку Палаца Рэспублікі. Той факт, што ён прайшоў цягам аднаго дня і за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, хутчэй за ўсё сведчыў пра ўпэўненасць кіраўніка дзяржавы ў паспяховым выніку будучай кампаніі. Форум праходзіў пад лозунгам «За моцную, квітнеючую Беларусь!», а яго лейтматывам сталі словы Лукашэнкі: «Мы паднялі нацыю з каленяў».

Гэты сход быў амаль удвая меншы па колькасці за папярэдні: у ім прынялі ўдзел 2 500 дэлегатаў, з іх — 755 жанчын, 221 — працоўных, 273 — прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі, а таксама інжынерна-тэхнічныя кадры, прадстаўнікі сацыяльна-культурнай сферы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, студэнты, пенсіянеры, прадпрымальнікі.

На ім была замацавана традыцыя запрашэння ў якасці дэлегатаў асоб з сусветным імем. У працы Другога Усебеларускага сходу браў удзел лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў, які там жа быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Алфёраў заклікаў Беларусь, Расію і Украіну падпісаць новую дамову аб стварэнні Саюза ў Брэсцкай крэпасці.

Запіска
 міністра працы і сацыяльнага развіцця Расіі Аляксандра Пачынка, 
перададзеная ў прэзідыум Другога Усебеларускага народнага сходу

Запіска міністра працы і сацыяльнага развіцця Расіі Аляксандра Пачынка, перададзеная ў прэзідыум Другога Усебеларускага народнага сходу


Што да легітымнасці, то гэты сход адбыўся паводле закона «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», які быў прыняты 12 ліпеня 2000 года. Лукашэнка, звяртаючыся да дэлегатаў сходу, асабліва звярнуў на гэта ўвагу.

Гэты форум быў самым «лагодным» з усіх. На ім адсутнічалі выпады адносна палітычных апанентаў, рэзалюцыя мела выключна сацыяльна-эканамічны характар. На першае месца была пастаўлена эфектыўная медыцына, затым ішла актывізацыя інвестыцыйнай і інавацыйнай палітыкі і г.д.

Пасля сходу накладам у 3000 асобнікаў выйшаў зборнік дакументаў і матэрыялаў. У складзе рэдкалегіі — такія вядомыя асобы, як Уладзімір Замяталін (на той час — намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта), а таксама пісьменнік Эдуард Скобелеў (на той час — галоўны рэдактар Інфармацыйнага бюлетэня прэзідэнцкай адміністрацыі).

Трэці «Дзяржава для народа»

Адкрыццё Трэцяга Усебеларускага народнага сходу

Адкрыццё Трэцяга Усебеларускага народнага сходу

Да прэзідэнцкіх выбараў быў прымеркаваны і Трэці Усебеларускі сход. Ён адбыўся 2–3 сакавіка 2006 года пад лозунгам «Дзяржава для народа».

Гэта быў самы ўзнёслы і эмацыйны форум. Ён паклаў пачатак выпуску адпаведных прапагандысцкіх плакатаў. З нагоды яго правядзення з’явілася адмысловая паштовая капэрта з маркай. Зборнік дакументаў і матэрыялаў пад рэдакцыяй першага намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Анатоля Рубінава і намесніка Алега Праляскоўскага выйшаў накладам у 7000 асобнікаў.

Напярэдадні сходу Інстытутам сацыяльна-палітычных даследаванняў пры прэзідэнцкай адміністрацыі была выдадзена брашура «Беларусь напярэдадні Трэцяга Усебеларускага народнага сходу», дзе пад адной вокладкай былі сабраныя заклікі пра паляпшэнне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, росце даходаў насельніцтва, якія дзяржаўная прапаганда паўтарала гадамі.

У гэтай брашуры не інакш як з іроніяй можна прачытаць: «Сведчаннем высокага даверу Расійскай Федэрацыі да нашай рэспублікі з’яўляецца захаванне для Беларусі льготнага кошту на газ па ўнутрырасійскіх цэнах (46 долараў за 1 тыс. кб.)».

У трэцім сходзе бралі ўдзел 2500 дэлегатаў. Кожны пяты ўдзельнічаў у працы папярэдняга сходу. Упершыню былі запрошаны былыя партыйна-дзяржаўныя кіраўнікі БССР: Мікалай Дземянцей, Анатоль Малафееў, Мікалай Слюнькоў, Яфрэм Сакалоў, а таксама лётчыкі-касманаўты СССР — беларусы Уладзімір Кавалёнакі Пётр Клімук. У працы сходу прымаў удзел кіраўнік расійскай Дзярждумы Барыс Грызлоў.

Плакат, прысвечаны Трэцяму Усебеларускаму народнаму сходу

Плакат, прысвечаны Трэцяму Усебеларускаму народнаму сходу


Акрамя Лукашэнкі безумоўным фаварытам форума стаў старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч, якія атрымаў званне Героя Беларусі. Сам Лукашэнка і Пётр Клімук, які «сядзеў з Пецем Пракаповічам за адной школьнай партай», прамовілі сапраўдныя панегірыкі галоўнаму банкіру краіны.

Па напалу эмоцый Трэці Усебеларускі сход пераўзышоў папярэднія. Лукашэнка абрынуўся на альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты — Аляксандра Казуліна (які быў удзельнікам папярэдняга сходу і імкнуўся ўдзельнічаць і ў гэтым, але быў жорстка збіты) і Аляксандра Мілінкевіча. Дасталося і былому старшыні Вярхоўнага Савета XII склікання Мечыславу Грыбу, які быццам бы, па словах прэзідэнта, старэйшы за яго ў два разы.

Трэці сход запомніўся «перламі» кіраўніка дзяржавы наконт Скарыны і Піцера, «здорового дурака», лякалаў для адзення. У выдадзеных афіцыйных матэрыялах тыя хібы былі, безумоўна, выкрасленыя.

У рэзалюцыі Трэцяга Усебеларускага народнага сходу на першае месца была пастаўлена барацьба з карупцыяй, а таксама «ўсебаковае гарманічнае развіццё чалавека на аснове павышэння рэальных грашовых даходаў».

Чацвёрты «Разам дзеля будучыні»

Плакат, прысвечаны Чацвёртаму Усебеларускаму народнаму сходу

Плакат, прысвечаны Чацвёртаму Усебеларускаму народнаму сходу

 

Чацвёрты Усебеларускі сход адбыўся 6–7 снежня 2010 года пад лозунгам «Разам дзеля будучыні», і быў прымеркаваны да чацвёртых прэзідэнцкіх выбараў. У ім прымалі ўдзел 2500 дэлегатаў.

На сход упершыню былі запрошаны былыя прэм’ер-міністры Вячаслаў Кебіч,Уладзімір Ярмошын, Сяргей Лінг, а таксама партфункцыянер часоў БССР Аляксей Камай.

Зборнік матэрыялаў выйшаў накладам у 3000 асобнікаў. Невядома, хто курыраваў яго выданне: адсутнічае склад рэдкалегіі, а таксама грыф Адміністрацыі прэзідэнта. Пазначана толькі шараговае прозвішча адказнага за выпуск.

Удзельнікам Чацвёртага Усебеларускага сходу шляхам збору подпісаў за сваё вылучэнне імкнуўся стаць адзін з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта — Уладзімір Някляеў. Аднак у адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы яго кандыдатура не была зарэгістраваная.

«Чырвонай рысай» выступу Лукашэнкі на форуме праходзіла ідэя лібералізацыі эканомікі, свабоды бізнесу. Менавіта тады нарадзіўся знакаміты лозунг: канкурэнцыя — паўсюль, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна. Беларускі кіраўнік таксама папярэджваў аб недапушчальнасці рэвалюцый, ліміт якіх нібыта ўжо вычарпаны.

Галасуюць дэлегаты Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу

Галасуюць дэлегаты Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу

 

На сходзе выступіў лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў, які аддаў належнае геніяльнасці Сталіна, маючы на ўвазе заключэнне пакта «Молотова-Ребентропа» (так у тэксце зборніка матэрыялаў. — А.К.).

Прамовы астатніх выступоўцаў зводзіліся да ўсхвалення кіраўніка дзяржавы. Рэзалюцыя сходу мела выключна авантурны характар: «Лічыць ключавой задачай пяцігоддзя стварэнне ў Беларусі прынцыпова новых вытворчасцяў, фармаванне новага аблічча беларускай эканомікі, Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу».

Усебеларускі народны сход ператварыўся ў добра адрэжысаваны спектакль са строгім іерархічным размеркаваннем роляў удзельнікаў.

Фота з уласнага архіву Аляксандра Кур'яновіча