Рэцэпт айца Аляксандра супраць барбарыі. У памяць галоўнага беларусіста і беларуса Захаду
Сёння — дзесяць год, як памёр руплівы кніжнік, кнігар і найвыбітнейшы заходні беларусіст паваеннай Эўропы — Аляксандар Надсан (1926-2015). Дзесяць год, якія хіба часткова зьмірылі нас з стратай і дазволілі ў адсутнасьць айца цьвяроза ахапіць і ацаніць вялізны маштаб ажыцьцёўленай ім беларусазнаўчай навуковай і асьветніцкай працы.

Айцец Аляксандар Надсан у ЭГУ ў Вільні, 2010 год
Айцец Аляксандар сышоў ад нас да беларускага вызваленчага выбуху і гвалту рэжыму 2020 году і да вайны ва Ўкраіне. І хоць новай вайны ў рэгіёне ён не прагназаваў, застаючыся цалкам рацыянальным і цьвярозым, ён тым ня менш у шматлікіх інтэрвію заставаўся пэсымістам, што да будучыні Лукашэнкавай Беларусі пад крыламі Крамля. Аднак гвалт іншай вайны быў вядомы айцу Аляксандру не па чутках, таму ён меў імунітэт супраць барбарыі і пэўны рэцэпт аптымізму. І не заўсёды ды ня толькі ён палягаў у веры — вельмі часта галоўным складнікам таго рэцэпту зьяўлялася навука — беларусіка. Вывучэньне беларускай культуры, мовы, літаратуры, наагул сацыяльных і гуманітарных навук у неідэалягічных варунках па-беларуску, а яшчэ пажадана паралельна на іншых мовах, сталася галоўнай місіяй беларусіста Аляксандра Надсана. Праўда, на засмучэньне айца, гэта стала магчымым не на зыдэалягізаванай радзіме, а на Захадзе. Беларусіка сталася для айца гэткім жа пакліканьнем, як і сьвятарства. З аднолькавай адданасьцю ён прысьвяціў жыцьцё дзьвюм справам свайго жыцьця.
Цікава, падчас размоваў у 2011 і 2013 гадах айцец Аляксандар часам жартаваў, называючы беларускую мову і наагул беларускамоўную справу «сваёй другой рэлігіяй». Але ацэньваючы і раскрываючы шматвэктарную дзейнасьць кніжніка лёнданскай Скарынаўкі ў сфэры беларусікі, я зразумеў, што гэта зусім ня жарт — беларусіка стала сапраўднай ягонай другой рэлігіяй.
Глядзіце таксама

Варта прыгадаць гэтую шматвэктарнасьць і глыбіню навуковай працы айца ў беларусіцы: ад гісторыю рэлігіі, хрысьціянства ў Беларусі ды на Захадзе наагул да багаслоўя, ад філялёгіі да перакладазнаўства, ад беларускай да заходняй, у тым ліку і хрысьціянскай літаратуры, ад фальклярыстыкі да этнаграфіі, ад мэдыявістыкі да сучаснай гісторыі і г.д. Уражвае ня толькі гэтая багатая палітра зацікаўленасьцяў айца, але і дзейнасьць, напісаньне тэкстаў у пералічаных навуковых напрастках. Зрэшты асьветніцкая, публіцыстычная актыўнасьць айца Аляксандра, а яшчэ бясконцыя кансультаваньні заходніх беларусістаў-ак (з ўсёй Эўропы, Паўночнай Амэрыкі, Ізралю) дапаўняюць і падмацоўваюць ягоны навуковы беларусазнаўчы даробак.
Глядзіце таксама

Інтэлектуальная спадчына лёнданскага беларуса ня будзе поўнай, калі не ўлічыць тысячастаронкавага і шматмоўнага ліставаньня айца з сотнямі навукоўцаў-славістаў па ўсім сьвеце: многія свае развагі, а таксама сьмелыя прапановы, што датычыць правапісных нюансаў, выкарыстаньня беларускай лацінкі замест трансьлітарацыі беларускіх імёнаў уласных на замежныя мовы, гісторыі і паходжаньня беларускай мовы, этнагенэзу беларусаў і сацыяльна-палітычнай рэлігійнай гісторыі Беларусі і рэгіёну, айцец Аляксандар пакінуў якраз у лістах. Няма сумневу, публікацыя ў будучыні ягонага ліставаньня ня проста ўзбагаціць беларусіку, але канчаткова апраўдае сьмелае і праўдзівае тытулаваньне айца галоўным беларусістам і беларусам Захаду.
Глядзіце таксама

А пакуль жа ёсьць сэнс ужыць дзейсны рэцэпт айца Аляксандра супраць барбарыі — надалей займацца і разьвіваць шматкірункавую беларусіку ў розных краінах, на розных мовах, тым больш тым, хто апынуўся ў спрыяльных ўмовах дэмакратыі. Якраз айцец Аляксандар на ўласным прыкладзе прадэманстраваў ўсё ж-такі эфэктыўнасьць падтрымкі часам сымбалічнай, часам рэальнай беларускай позвы дня на Захадзе ўпартым навуковым шляхам, шляхам беларусікі.