Мінюст ініцыяваў ліквідацыю абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва»

Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў пра ліквідацыю грамадзкага абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва», паведаміў яго старшыня Анатоль Шумчанка ў сацсетках, перадае БелаПАН.

Анатоль Шумчанка. Фота «Свабоды».

Анатоль Шумчанка. Фота «Свабоды».

Паводле ягоных слоў, гэтую інфармацыю ён атрымаў ад чыноўнікаў Мінʼюсту.

14 ліпеня Следчы камітэт арыштаваў разліковы рахунак «Перспектывы».

Аб’яднанне «Перспектыва» прадстаўляе інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізацыя з'явілася ў снежні 2002 пасля масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў летам і восенню таго году. Прадпрымальнікі выступілі супраць уціску з боку дзяржавы іх эканамічных правоў. На хвалі акцый пратэсту лідары розных арганізацый прадпрымальнікаў дамовіліся аб супрацоўніцтве.

Старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка — арганізатар правядзення акцый пратэсту прадпрымальнікаў, ініцыятар перамоў і сустрэч прадпрымальнікаў з уладамі.

Шумчанка адбыў агулам 70 сутак арышту за акцыі пратэсту. Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» у 2005 годзе прызнавала яго вязнем сумлення.

Міністэрства юстыцыі ліквідуе шэраг самых розных беларускіх арганізацый. На цяперашні момант вядома ўжо больш як пра пяць дзясяткаў арганізацый, які падпалі пад ліквідацыю.

Паводле «Свабоды».