На выбарах у Рэйхстаг ультраправыя набралі 44%. Ішоў 1933-ці год

Ці трэба непакоіцца ў 2025 годзе апошнім вынікам партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» з высокімі 20,8% галасоў? Пра гэта мы даведаемся пазьней, а зараз – самы час падрабязна разгледзіць мінуўшчыну, калі НСДАП набрала, на першы погляд, шавальныя лічбы на парлямэнцкіх выбарах. Што было пазьней — мы ведаем. Але як жа так атрымалася? 

Адольф Гітлер галасуе на апошніх дэмакратычных выбарах у Нямеччыне ў сакавіку 1933 года. Наступныя адбудуцца толькі пасьля вайны.

Адольф Гітлер галасуе на апошніх дэмакратычных выбарах у Нямеччыне ў сакавіку 1933 года. Наступныя адбудуцца толькі пасьля вайны.

Ад маргіналаў да лідэраў

У пачатку 1920-х гадоў нацыянал-сацыяялісты былі толькі адной з многіх радыкальных груповак у Нямеччыне. Яны выступалі супраць вэрсальскага «дыктату». Умовы так званага міру пасьля Першай сусьветнай ніяк не маглі быць успрынятыя як справядлівыя ў самой Нямеччыне. Гэта прынесла свае «плады».

НСДАП была маргінальнай партыяй, якая набрала толькі 2,6% галасоў на выбарах у Рэйхстаг 1928 года. Параўнайце гэта з фэнаменальнымі 44% усяго праз 5 гадоў. Гітлер адкалібраваў сваю стратэгію: замест гвалтоўнай рэвалюцыі ён хацеў бы «заткнуць насы і ўвайсьці ў Рэйхстаг» (як ён нібыта сказаў), каб падарваць сістэму з сярэдзіны. Нацысты стварылі дысцыплінаваную партыйную структуру і прапагандысцкую машыну, але яны заставаліся на палітычнай узбочыне, пакуль эканоміка Нямеччыны паляпшалася.

Усё зьмянілася з «Вялікай дэпрэсіяй». У канцы 1929 года абвал фондавага рынку ЗША выклікаў шок у эканоміцы Нямеччыны, якая падтрымлівалася амэрыканскімі крэдытамі. Банкі разваліліся, фабрыкі зачыніліся, і да 1932 года беспрацоўе ў краіне перавысіла 6 мільёнаў (больш за траціну працоўнай сілы). Здавалася, што звычайныя партыі вырашыць крызіс не ў стане.

Гісторык Рычард Эванс адзначае, што «шматлікія беспрацоўныя, якія зьбіраліся ўступіць у Камуністычную ці Сацыял-Дэмакратычную партыю, запанікавалі і адвярнуліся ад партыяў, якія яны раней падтрымлівалі. Увыніку яны аддалі свае галасы замест гэтага за нацыстаў».

Глядзіце таксама

Нацыянал-сацыялісты прапаноўвалі зразумелыя адказы на складаныя праблемы. Гітлер паабяцаў аднавіць эканоміку, аднавіць гонар Нямеччыны і зьнішчыць марксісцкую пагрозу. Гэтая рыторыка мела шырокую прывабнасьць у грамадзтве, ахопленым страхам.

Гебельс і іншыя прапагандысты НСДАП, адаптавалі пасланьні да розных групаў насельніцтва, абяцаючы працоўныя месцы працоўным, прыбыткі бізнэсоўцам, зямлю фэрмерам і адраджэньне нацыянальнай славы  ўсім. Расчараваныя выбарцы рознага паходжаньня – сельскія жыхары, разгромленыя гандляры падчас дэпрэсіі, маладыя выбарцы, якія ўпершыню галасавалі, нават беспрацоўныя – усе знаходзілі надзею ў сьмелых абяцаньнях Гітлера.

У той жа час страх перад камунізмам гнаў сярэднія і вышэйшыя клясы ў нацысцкі лягер. Па меры пагаршэньня эканамічных умоваў Камуністычная партыя таксама атрымала падтрымку сярод радыкалізаваных працоўных, яна атрымала 100 месцаў на выбарах у Рэйхстаг у лістападзе 1932 года.

Перадвыбарчыя плякаты ў 1933

Перадвыбарчыя плякаты ў 1933

Вулічныя сутычкі паміж камуністамі з «Чырвонага фронту» і нацысцкімі «карычневакашулечнікамі» ператварылі нямецкія гарады ў палі бітваў. Многія немцы, нават тыя, хто насьцярожана ставіўся да нацысцкага экстрэмізму, бачылі ў Гітлеры апору супраць левай рэвалюцыі. Нацысцкая прапаганда ўзмацняла гэты страх, паказваючы партыю як апошнюю абарону Нямеччыны ад бальшавіцкага хаосу.

Гэты антыкамуністычны заклік быў асабліва эфектыўны сярод кансэрватараў, уладальнікаў бізнэсу, ветэранаў вайны і рэлігійных людзей, напалоханых атэістычным марксізмам. Па меры росту беспрацоўя і гвалту сам дэмакратычны ўрад Вэймарскай рэспублікі ў Нямеччыне быў спаралізаваны.

Некалі дамінуючыя памяркоўныя партыі (сацыял-дэмакраты, цэнтрысты, лібэралы) не змаглі стварыць устойлівыя кааліцыі. З 1930 года канцлеры Генрых Брунінг, Франц фон Папэн і Курт фон Шлейхэр пры кіраваньні абапіраліся на надзвычайныя ўказы прэзідэнта краіны, а не на большасьць у Рэйхстагу, чым, фактычна, абыходзілі дэмакратыю.

Да канца 1932 года «Вэймарская рэспубліка знаходзілася ў тэрмінальным стане крызісу», піша брытанскі гісторык Эванс, і многія сярод элітаў Нямеччыны верылі, што «толькі аўтарытарны ўрад» можа аднавіць парадак. Гэтыя настроі ў вышэйшых колах неўзабаве згуляюць непасрэдна на руку Гітлеру.

Улада коціцца ў рукі

Гітлер на перадвыбарчым мітынгу

Гітлер на перадвыбарчым мітынгу

Сярод гэтай мітусьні колькасьць прыхільнікаў нацыстаў на выбарах выбухнула. На выбарах у Рэйхстаг у верасьні 1930 года НСДАП падскочыла з 12 да 107 месцаў (18% галасоў), яны сталі другой па велічыні партыяй у парлямэнце за адну ноч. У ліпені 1932 года нацысцкая партыя дасягнула піка на выбарах (да таго моманту), атрымаўшы каля 37% галасоў і 230 месцаў у Рэйхстагу, што зрабіла яе найбуйнейшай партыяй Нямеччыны.

Тым не менш, Гітлер па-ранейшаму не меў большасьці і, такім чынам, не мог кіраваць самастойна. Фактычна, калі Адольф Гітлер запатрабаваў пасаду канцлера пасьля перамогі ў ліпені 1932 года, прэзідэнт краіны Паўль фон Гіндэнбург – паважаны генэрал Першай сусьветнай вайны – адмовіўся прызначыць «гэтага капрала» лідэрам, не давяраючы яму. На выбарах у лістападзе таго ж 1932 года, здавалася, нацысцкі імпульс крыху паслабеў: галасы НСДАП упалі прыкладна да 33% (страта 2 мільёнаў галасоў і 34 месцаў у парлямэнце).

Некаторыя немцы пачалі стамляцца ад бесперапынных выбараў і нацысцкай агітацыі. Імідж Гітлера як беспамылковага выратавальніка быў крыху парушаны, а таксама было адчуваньне, што самае страшнае з дэпрэсіі, магчыма, ужо ў мінулым. Тым часам камуністы ў лістападзе 1932 года набралі дадатковыя галасы, тым самым палітычны тупік толькі павялічваўся. Ніхто не жадаў саступаць і аб'ядноўвацца ў Рэйхстагу.

Нягледзячы на ​​некаторую няўдачу нацыстаў у канцы 1932 года, партыя заставалася найбуйнейшай у Рэйхстагу. У лёсавызначальным моманце гісторыі шэраг палітыкаў і дарадцаў сярод іх быў і былы канцлер Франц фон Папэн пераканала састарэлага прэзідэнта Гіндэнбурга прызначыць Адольфа Гітлера канцлерам у межах кансэрватыўнай кааліцыі.

Яны лічылі, што змогуць выкарыстаць масавую падтрымку Гітлера ў сваіх мэтах, адначасова трымаючы яго пад кантролем. 30 студзеня 1933 года Гіндэнбург неахвотна прызначыў Гітлера канцлерам Нямеччыны на чале кабінэта міністраў, дзе дамінавалі зусім не нацысцкія кансэрватары. Прапагандыст Ёзэф Гебэльс радаваўся ў тую ноч, напісаўшы ў сваім дзёньніку: «Гэта як сон. Вільгельмштрасэ — наша» (маецца на ўвазе ўрадавы квартал у Бэрліне – заўв. П.Х.).

Тым не менш, на той момант Гітлер усё яшчэ ўзначальваў нетрывалую кааліцыю толькі 3 з 11 пасадаў у кабінэце міністраў дасталіся нацыстам – і ён не кантраляваў большасьць у Рэйхстагу. Нацыстаў маглі адхіліць ад улады на наступных заплянаваных выбарах.

Гітлер і яго паплечнікі зьбіраліся ўмацаваць уладу легальнымі сродкамі шляхам атрыманьня вырашальнага мандата на будучых выбарах. Новыя выбары ў Рэйхстаг былі прызначаныя на 5 сакавіка 1933 года.

44%

Так выглядалі бюлетэні на выбарах у 1933 годзе

Так выглядалі бюлетэні на выбарах у 1933 годзе

За шэсьць тыдняў паміж прызначэньнем Гітлера і сакавіцкімі выбарамі нацысцкая партыя з аднаго боку навадніла краіну прапагандай, якая выказвала аптымізм, моц і адзінства. Вобраз Гітлера і нацысцкія лёзунгі паўсюль дамінавалі ў газэтах і радыё. Нацысты арганізоўвалі масавыя мітынгі, паказваючы Гітлера як выратавальніка Нямеччыны. Гебельс арганізаваў вялікае перадвыбарчае турнэ для Гітлера, які часам выступаў у некалькіх гарадах за адзін дзень. Выбарцам казалі, што гэта апошні шанец прадухіліць камуністычную анархію ці нават грамадзянскую вайну.

Але з іншага боку штурмавікі Гітлера цяпер былі ўпаўнаважаныя ў якасьці дапаможнай паліцыі ў многіх раёнах. Яны блукалі па вуліцах, нападалі на ​​палітычных апанэнтаў. Сходы апазыцыйных партыяў (сацыял-дэмакратаў і камуністаў) зрываліся або забараняліся.

У канцы лютага падзеі прынялі драматычны паварот, які непасрэдна сыграў на руку нацыстам. У ноч на 27 лютага 1933 года гарэў будынак Рэйхстага. Малады галяндзкі камуніст Марынус ван дэр Любэ быў арыштаваны на месцы здарэньня і абвінавачаны ў падпале. Хаця ван дэр Любэ, верагодна, дзейнічаў самастойна, Гітлер і Герынг неадкладна назвалі пажар як пачатак бальшавіцкай рэвалюцыі.

«Гэта пачатак камуністычнага бунту — яны зараз пачнуць наступ! Нельга губляць ні хвіліны!» закрычаў Герынг, убачыўшы полымя, на што Гітлер дадаў: «Цяпер літасьці ня будзе. Кожны, хто ўстане на нашым шляху, будзе зьнішчаны».

Глядзіце таксама

Ужо на наступны дзень Гітлер пераканаў прэзідэнта Гіндэнбурга падпісаць «Дэкрэт аб абароне народа і дзяржавы». Гэты надзвычайны акт прыпыніў грамадзянскія свабоды па ўсёй Нямеччыне адмяніў свабоду слова, свабоду прэсы, свабоду сходаў і даў Гітлеру шырокія легальныя паўнамоцтвы затрымліваць усіх, хто лічыўся пагрозай.

Тысячы камуністаў былі арыштаваныя за некалькі дзён. Гэта датычылася ў тым ліку ўсіх камуністычных кандыдатаў у Рэйхстаг, якія былі заключаныя ў турму або вымушаныя хавацца (перашкаджаючы ім весьці агітацыю і нават заняць свае месцы ў выпадку абраньня). Аб'ектамі нападу сталі таксама офісы і прэса Сацыял-дэмакратычнай партыі. Сотні сацыял-дэмакратаў і прафсаюзных дзеячаў былі зьбітыя або зьняволеныя.

У гэтай атмасфэры запалохваньня 5 сакавіка 1933 года адбыліся новыя выбары. Вуліцы былі поўныя нацысцкіх плякатаў і сьцягоў. Пераход ад Гітлера як законна прызначанага канцлера да Гітлера як бескантрольнага дыктатара адбыўся практычна за адну ноч – і выбары 5 сакавіка былі патрэбныя, каб забясьпечыць публічнае ўхваленьне гэтай трансфармацыі.

Падчас кампаніі не было афіцыйнай забароны Сацыял-дэмакратычнай партыі, і Цэнтр (Партыя каталіцкага цэнтра) і іншыя па-ранейшаму ўдзельнічалі ў выбарах. Вонкава Нямеччына ўсё яшчэ праводзіла шматпартыйныя выбары, але гэта былі «ні свабодныя, ні справядлівыя». Яўка была велізарнай больш за 88% выбарцаў, якія мелі права голасу, прагаласавалі, што было рэкордам таго часу.

Гітлер забірае ўсю ўладу ў свае рукі

Гітлер забірае ўсю ўладу ў свае рукі

Нацысцкая партыя дасягнула найлепшага выніку, атрымаўшы 43,9% галасоў (прыкладна 17,3 мільёны немцаў) і 288 месцаў у Рэйхстагу. Гэта была вялікая перамога але ўсё ж не тая абсалютная большасьць, якой прагнуў Гітлер. Нацысты не дасягнулі адзнакі ў 50%, а «толькі» 44%, нягледзячы на ​​масавы гвалт і запалохваньне выбарцаў.

Сацыял-дэмакраты набралі 18,25% галасоў, а Цэнтрысцкая партыя каля 11%. Характэрна, што Камуністычная партыя хоць і была фактычна забароненай – усё ж атрымала каля 12% галасоў. Нават пры ўяўнай кааліцыі паміж імі гэтага было мала. Для Гітлера было дастаткова сваіх 44%. Разам з хаўруснай партыяй, якая атрымала 8%, нацысты цяпер кантралявалі большасьць у Рэйхстагу. Гэта дазволіла Гітлеру сфармаваць цалкам свой урад.

У самым хуткім часе Гітлер дабіўся прыняцьця закона, які даваў яго кабінэту права прымаць законы без ухваленьня парлямэнту.

Неўзабаве ўсе іншыя палітычныя партыі былі забароненыя, прафсаюзы распушчаныя, і Нямеччына стала аднапартыйнай нацысцкай дзяржавай. Выбары 5 сакавіка 1933 года апынуліся апошнімі канкурэнтнымі выбарамі ў Нямеччыне да заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

На выбарах 2025 года кансэрватыўная Хрысьціянска-Дэмакратычная Партыя атрымала 28,5% галасоў, а тыя, каго называюць «нашчадкамі НСДАП» - партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» - 20,8%, што дазволіла ім стаць «другой партыяй у краіне». Што чакае ў будучыні – пакажа толькі будучыня.