90 гадоў таму згарэў Рэйхстаг, а з ім і масты да дэмакратычнай Нямеччыны
27 лютага 1933 года адбылася падзея, якая аформіла падзел у Нямеччыне на час з прывідамі дэмакратычных інстытутаў і час поўнай дыктатуры нацысцкай партыі. Як і ў Беларусі нашых дзён, тады любілі правесьці перагляд партыйнай сістэмы. Хто падпаліў нямецкі парлямэнт і да чаго гэта прывяло? Чытайце ў нашым матэрыяле.
Нагадаем, прэзідэнт Нямеччыны Паўль фон Гіндэнбэрг адправіў папярэдняга канцлера Шлейхера ў адстаўку і перадаў уладу Гітлеру 30 студзеня 1933 года.
Падрабязна пра гэта мы пісалі ў дадзеным матэрыяле:
Што папярэднічала?
Ішла выбарчая кампанія, і ў наступную нядзелю пасьля 27 лютага немцы павінны былі абраць новы парлямэнт, хаця з апошніх выбараў прайшло менш за паўгады. З дапамогай надзвычайных дэкрэтаў урад выдаў пастанову 4 лютага (прайшло ўсяго 4 дні ўлады Гітлера) аб забароне масавых сходаў у мэтах абароны нямецкага народу. У Бэрліне адбылася масавая дэманстрацыя супраць абмежаваньня грамадзянскіх правоў.
10 лютага Адольф Гітлер адкрыў выбарчую кампанію прамовай у бэрлінскім Палацы спорту. Ён заклікаў выбарцаў даць яму чатыры гады і потым судзіць. Усе астатнія палітычныя партыі былі дапушчаныя да выбараў, але выбарчая кампанія ўжо праходзіла пад эгідай дыктатуры. Прыхільнікі НСДАП Гітлера беспакарана зьдзяйсьнялі шматлікія акты палітычнага тэрору, якія былі скіраваныя супраць сацыял-дэмакратаў і камуністаў. 17 лютага Герман Герынг, які выконваў абавязкі міністра ўнутраных справаў Прусіі, загадаў паліцыі без ваганьняў выкарыстоўваць агнястрэльную зброю.
Хто вінаваты?
У краінах такога-сякога сацыялізму ў якасьці асноўнай вэрсіі вывучалася наступная: нацысты падпалілі Рэйхстаг, абвінавацілі ў гэтым камуністаў і такім чынам здолелі зладзіць свае рэпрэсіі ў адносінах да чырвоных ворагаў.
Рэальнасьць выглядае інакш.
У ноч на суботу 25 лютага нідэрляндзкі камуніст Марынус ван дэр Любэ, 24-гадовы муляр, які лічыўся часткова інвалідам па зроку, беспасьпяхова спрабаваў падпаліць тры грамадзкія будынкі — каб падштурхнуць нямецкіх працоўных да рэвалюцыі супраць гітлераўскага ўрада. У панядзелак раніцай пажарная камісія бэрлінскай паліцыі задакументавала месцы злачынстваў у офісе сацыяльнага забесьпячэньня, у мэрыі Бэрліна і на даху замка Гогенцолернаў.
Усе тры спробы праваліліся, таму ван дэр Любэ прыйшоў у Бэрлін. У панядзелак увечары ён прагнуў апошні раз паспрабаваць ускалыхнуць простых нямецкіх працоўных. Ван дэр Любэ паставіў перад сабой Рэйхстаг у якасьці новай мэты, «таму што гэта цэнтральная кропка сістэмы».
27 лютага ў будынку Рэйхстага было ціха – але толькі да 9 вечара. У гэты час студэнт багаслоўя Ханс Флётэр вяртаўся дадому з Дзяржаўнай бібліятэкі. Ён пачуў гук пабітага шкла. Ён заўважыў постаць з факелам у руцэ. Гэта відавочна не азначала нечага добрага і студэнт скіраваўся да паліцэйскага, якія быў на даляглядзе.
Калі ван дэр Любэ злавілі праз прыблізна 30 хвілінаў пасьля пачатку пажару, паліцэйскі крыкнуў камуністу: «Навошта ты гэта зрабіў?» Нідэрляндзец адказаў з адчувальным акцэнтам: «Пратэстуйце, пратэстуйце!».
Пакуль полымя яшчэ гарэла ў зале пленарных паседжаньняў, каля 22 гадзінаў да будынка Рэйхстагу прыйшлі канцлер Адольф Гітлер і лідэр бэрлінскай НСДАП Ёзэф Гебельс. Прыкладна за 20 хвілінаў да гэтага зьявіўся прэзідэнт Рэйхстага Герман Герынг. Гітлер дакладна ведаў, што выбары ў Рэйхстаг 5 сакавіка 1933 года будуць мець вялікае значэньне для захаваньня яго ўлады. Ён рабіў стаўку на тое, каб атрымаць абсалютную большасьць. Гэта мела на мэце разгром камуністаў і сацыял-дэмакратаў.
Падчас пажару Рэйхстага згарэў увесь купал, розныя флігелі і заля пленарных паседжаньняў.
Што было пасьля?
Сьведкі чулі, як Герынг сказаў Гітлеру: «Гэта, несумненна, праца камуністаў, канцлер». Праз некалькі хвілінаў Гітлер сказаў брытанскаму журналісту:
Гітлер працягнуў: «Хто
ў нас на дарозе ўстане, таго зьнясуць. Нямецкі народ не сустрэне разуменьня
памілаваньня. Любога камуністычнага функцыянэра расстраляюць. Дэпутатаў-камуністаў
трэба павесіць у гэтую ноч. Нават супраць сацыял-дэмакратаў ужо няма літасьці».
Было загадана арыштаваць усё кіраўніцтва кампартыі. У першыя гадзіны былі затрыманыя тысячы прадстаўнікоў левых. Фармальнай прававой падставай для арыштаў першапачаткова быў параграф 22 «Надзвычайнага распараджэньня аб абароне нямецкага народа» ад 4 лютага. У ім пазначалася, што людзі «ў інтарэсах грамадзкае бясьпекі» могуць быць узяты пад варту паліцыяй, калі было падазрэньне, што яны прагнулі зьдзейсьніць дзяржаўную здраду».
Але гэтага было недастаткова для новай улады, якая пачула пах крыві. На наступную раніцу, 28 лютага, быў падрыхтаваны яшчэ больш жорсткі закон. Поўная выканаўчая ўлады са згоды прэзідэнта фон Гіндэнбурга пераходзіла да канцлера Гітлера. Паводле надзвычайнага дэкрэту «Аб абароне народа і дзяржавы» асноўныя правы былі прыпыненыя, і паліцыя магла арыштоўваць людзей у любы момант.
Паштовая таямніца была адмененая, як і свабода меркаваньняў, свабода друку і свабода асацыяцый. А таксама былі забароненыя газэты з крытыкай рэжыму. Сьмяротнае пакараньне было ўведзенае за розныя тэрарыстычныя злачынствы, а таксама за падпалы.
Дзясяткі тысячаў апазыцыянэраў былі арыштаваныя ў наступныя тыдні. Паколькі турмы былі хутка перапоўненыя, нацысты стварылі імправізаваныя канцэнтрацыйныя лягеры.
Такім чынам зьявілася магчымасьць цалкам перашкодзіць працы іншых партый. Палітычных апанэнтаў можна было без асаблівых высілкаў узяць пад варту і любога маглі арыштаваць. Прававая дзяржава была ліквідаваная. Арышты і фактычнае зьнішчэньне камуністычнай партыі аказалі вялізны эфект запалохваньня на выбарчую кампанію.
Аднак разам з тым 5 сакавіка партыя Гітлера атрымала 43,9 адсоткі галасоў, гэта значыла, што НСДАП не змагла набраць абсалютнай большасьці нават пры такіх умовах.
Гітлер вырашыў ануляваць мандаты камуністаў, якія яны атрымалі па выніках выбараў, і разам з некаторымі партыямі атрымаў большасьць. 23 сакавіка 1933 года новы склад парлямэнту прымае «Дазваляльны Акт» — закон які даў магчымасьць Адольфу Гітлеру непасрэдна кіраваць краінай праз дэкрэты і прымаць новыя законы без удзелу Рэйхстагу і прэзідэнта фон Гіндэнбурга. Дыктатура пачала законна існаваць. 14 ліпеня 1933 года быў выдадзены «Закон супраць утварэньня новых партый», які
Падпал Рэйхстага, якім камуніст Марынус ван дэр Любэ жадаў выказаць пратэст супраць урада Гітлера, цяпер даў гэтаму ўраду падставу для выкарыстаньня надзвычайнай жорсткасьці, каб расправіцца з ідэйнымі ворагамі.
У верасьні распачаўся судовы працэс, на якім ван дэр Любэ цалкам прызнаў сваю віну і быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня і пазбавіўся галавы ў літаральным сэнсе на пачатку 1934 года. Некалькі баўгарскіх камуністаў, затрыманых па гэтай справе, здолелі даказаць сваё знаходжаньне ў іншым горадзе ў момант падпалу, і пазьбегнулі сьмерці. Гэта не цалкам задаволіла нямецкія ўлады, і прывяло да таго, што палітычныя справы перадаваліся ў новы орган — Народную судовую палату. Справы палітычных зьняволеных разглядаліся там у закрытым рэжыме. Якія знаёмыя падыходы.
Сёньня большасьць экспертаў перакананая, што менавіта камуніст ван дэр Любэ падпаліў Рэйхстаг і што дзейнічаў ён самастойна.