Як беларусу ў рай патрапіць?

Беларусь можа апынуцца адной з першых ахвяраў ядзернага Апакаліпсісу. Першы «ядзерны грыбок», калі ён здарыцца, будзе на тэрыторыі Беларусі. А для беларусаў рай ніхто не абяцаў — толькі для расіян

«Мы як пакутнікі трапім у рай, а яны проста здохнуць, таму што нават пакаяцца не паспеюць», — гэтыя словы Уладзіміра Пуціна імгненна разляцеліся па свеце. Менавіта так кіраўнік Расіі ўспрымае ваенную дактрыну сваёй дзяржавы.

Пра ваенную дактрыну Пуцін разважаў на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай» — штогадовай канферэнцыі, дзе збіраюцца эксперты па Расіі з усяго свету. Паводле яго слоў, ваенная дактрына Расіі не дае права нанесці першы ядзерны ўдар. «Наша канцэпцыя — гэта зваротна-сустрэчны ўдар», — сказаў ён. Калі вораг выпусціць ракету, то на працягу некалькіх секунд будзе высветлена, што адбываецца, і Расія наносіць удар у адказ. «Вядома, гэта сусветная катастрофа, але я паўтараю, мы не можам быць ініцыятарамі катастрофы… Агрэсар усё роўна павінен ведаць, што адплата непазбежная, што ён будзе знішчаны. А мы — ахвяры агрэсіі», — сказаў Пуцін і працягнуў вышэйзгаданай цытатай пра «рай» і «здохнуць».

Інтэрнэт вокамгненна напоўніўся жартачкамі, дзе расіянін трапляе ў рай, а там таксама кіруе Пуцін. Лідару РФ узгадалі нават Земфіру: «Ты, конечно, сразу в рай, а я не думаю, что тоже»… Але беларусы з гэтай нагоды не вельмі жартуюць.

Няма падставаў для жартаў. Амаль адразу пасля цікавай заявы Уладзіміра Уладзіміравіча расійскі пасол Міхаіл Бабіч у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў, што «любы напад на Беларусь, любы, у вайсковым плане, будзе разглядацца як напад на Расію з усімі выцякаючымі з гэтага наступствамі». Пасол Расіі лічыць, што Беларусь «абсалютна абароненая, можа быць абсалютна спакойная», а ў аб’яднанай групоўкі войск «ёсць усе кампаненты як для абароны, так і для ўдару ў адказ».

Калі Бабіч пад «ударам у адказ» мае на ўвазе тое ж самае, што і Пуцін, не дзіўна, што нашы суайчыннікі не могуць быць абсалютна спакойнымі.

Не ўспрымаем мы гэтыя жарты з яшчэ адной важнай нагоды. Любы, хто адважыцца на ракетна-ядзерную агрэсію, у першую чаргу будзе клапаціцца пра тое, каб «некалькі секундаў», пакуль Расія будзе высвятляць, што адбываецца, цягнуліся як мага даўжэй. І, адпаведна, у першую чаргу паспрабуе «выбіць» сістэмы далёкага выяўлення ракетных запускаў.

Менавіта такая сістэма размешчана ў Беларусі пад Баранавічамі — РЛС «Волга». «Волга» здольная выяўляць балістычныя ракеты ў палёце, касмічныя аб’екты, ідэнтыфікаваць іх і адсочваць траекторыю, разлічваючы кропкі старту і фінішу. Далёкасць — ад 2000 да 4800 кіламетраў, у азімутальным сектары 120 градусаў. Акрамя тэрыторыі Заходняй Еўропы станцыя кантралюе раёны патрулявання падлодак NАТО у Паўночнай Атлантыцы і Нарвежскім моры.

Адпаведна, першы «ядзерны грыбок», калі ён здарыцца, будзе на тэрыторыі Беларусі. І, падаецца, нам такая перспектыва слаба пасуе. Для беларусаў рай ніхто не абяцаў — толькі для расіян.

Трэба ўзгадаць, што ў 1995 годзе ў абмен на спісанне мільярднага доўгу Расіі за газ і нафту мы пагадзіліся прыняць і дабудаваць гэтую станцыю на ўмове 25-гадовай арэнды. Такім чынам, тэрмін арэнды заканчваецца ў 2020-м — ужо даволі хутка. На фоне словаў Пуціна нам варта было б задумацца, ці працягваць утрымліваць на сваёй тэрыторыі падобны, як высвятляецца, вельмі небяспечны аб’ект.

Варта задумацца і пра тое, якім чынам кіраўнік Расіі можа аддаць загад пра «ўдар у адказ». Думаю, што не апошняй па важнасці кропкай у ланцужку загадаў з’яўляецца 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі «Вілейка», які забяспечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях Галоўнага штаба ВМФ Расіі з атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства ў раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. Ён таксама на нашай тэрыторыі, таксама ў арэндзе на 25 гадоў, тэрмін якой таксама хутка заканчваецца. І таксама можа падлягаць першаму — прэвентыўнаму — удару ў час Апакаліпсісу.

Журналісты, якія больш сур’ёзна падышлі да «жартачкаў» кіраўніка Расіі, высветлілі, што на самай справе Пуцін крыху схлусіў. Тэкст ваеннай дактрыны нашай усходняй суседкі кажа, што «Расійская Федэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на прымяненне супраць яе і (або) яе саюзнікаў ядзернай і іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расійскай Федэрацыі з ужываннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаванне дзяржавы». То бок, РФ мае на ўвазе і не «сустрэчны ўдар у адказ», і цалкам можа ўжыць ядзерную зброю пры канфлікце са зброяй звычайнай. Прынамсі, яе ваенная дактрына дазваляе ёй стаць «ініцыятарам катастрофы».

«Рашэнне пра прымяненне ядзернай зброі прымае прэзідэнт Расійскай Федэрацыі», — зазначаецца ў ваеннай дактрыне РФ. Ці можам мы быць упэўненыя ў чалавеку, які мае доступ да ядзернай кнопкі і пры гэтым здольны палохаць свет яе ўжываннем?

Пры такіх раскладах нам варта было б моцна задумацца, ці працягваць мець справу з усходняй суседкай наконт ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Дый ваеннага супрацоўніцтва з ёй увогуле.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: