Туркі ў Беларусі

Руска-турэцкая вайна (1877–1878) скончылася 140 гадоў таму. Балгарыя і некаторыя іншыя вобласці былі вызваленыя ад Асманскага прыгнёту. А на тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, з’явіліся ўзятыя ў палон туркі.

Нерэгулярныя турэцкія вайсковыя часткі — башыбузукі

Нерэгулярныя турэцкія вайсковыя часткі — башыбузукі

Руска-турэцкая вайна (1877–1878) скончылася 140 гадоў таму. Балгарыя і некаторыя іншыя вобласці былі вызваленыя ад Асманскага прыгнёту. А на тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, з’явіліся ўзятыя ў палон туркі.

Паганскі палон

Усяго ў палоне ў «белага цара» апынулася каля 100 тысяч атаманскіх салдат і афіцэраў. Як ставіліся да пераможанага ворага ў рускім войску? Асабліва з улікам таго, што самі туркі з палоннымі зусім не цырымоніліся. Так, пад Целішам непадалёк ад Плеўны туркі па-зверску дабілі сотні пакінутых на полі бою параненых салдат з лейб-гвардыі егерскага палка, адразаючы ім рукі, насы і галовы. Асабліва праславіліся лютасцю ірэгулярныя атрады башыбузукаў, набраныя ў Албаніі і горных абласцях Малой Азіі.

Але трэба адзначыць, што рускія салдаты з туркамі таксама не міндальнічалі. Напрыклад, як піша Сяргей Чэннык, падчас Крымскай вайны ў кастрычніку 1854 года ў бітве пад Балаклавай турэцкія гарнізоны палявых рэдутаў былі пераколатыя штыкамі амаль да апошняга чалавека. Затым Расійская імперыя падпісала Жэнеўскую канвенцыю 1864 года і прыняла шэраг унутраных актаў, якія рэгламентуюць гуманнае стаўленне да ваеннапалонных. Аднак выпадкі распраў і нежаданне браць асманаў у палон мелі месца і падчас вайны ў Балгарыі.

Узяцце Плеўны

Узяцце Плеўны

Першую буйную паразу з масавай здачай у палон асманы пацярпелі пад Плеўнай у лістападзе-снежні 1877 года. Праўда, паклаўшы, дзякуючы бяздарнаму царскаму камандаванню, вялікую колькасць рускіх салдат, якія загінулі падчас трох безвыніковых штурмаў. Але ў Плеўне здача ў палон 40-тысячнага войска мушыра (маршала) Асман-пашы адбывалася ў строгім парадку і, у асноўным, без эксцэсаў. Больш за тое, даследчык Віталь Пазнахіраў паведамляе, што рускія салдаты часам не давалі турэцкім унтэр-афіцэрам (чаўшам) біць палкамі сваіх аскераў, як гэта было прынята ў асманскай арміі. Аднак асноўнай масе турэцкіх палонных давялося некалькі сутак правесці пад адкрытым небам, амаль без ежы і пітва, пры снежных буранах і марозе ў мінус 21 градус па Цэльсію. Пры этапаванні туркаў за Дунай змёрзлыя трупы палонных высцілалі дарогу. Балгары ненавідзелі асманаў і не жадалі пускаць іх на начлег. Канвою часам даводзілася браць дамы амаль штурмам, каб размясціць там палонных. Толькі з раёна Бухарэста частку брудных, хворых і галодных туркаў сталі везці ў бітком набітых таварных вагонах. А вось параненага Асман-пашу эвакуявалі ў асобным вагоне са спецыяльна замоўленым турэцкім інтэр’ерам. Саслоўнае грамадства — іерархічнае ва ўсім...

Многія з атаманскіх палонных апынуліся на Беларусі.

Палонныя турэцкія салдаты і афіцэры з нізама (рэгулярная армія), люты 1878 года

Палонныя турэцкія салдаты і афіцэры з нізама (рэгулярная армія), люты 1878 года


Юзбашы на прагулцы

З XVIII стагоддзя існавала абмежаванне на размяшчэнне туркаў у Сібіры, дзе клімат быў цяжка пераносным для жыхароў паўднёвых шыротаў. Не сталі ў 1877 годзе размяшчаць туркаў у Польшчы, у мусульманскай частцы Паволжа і на Каўказе, заўсёды гатовых паўстаць супраць расійскага цара. Турэцкіх палонных чакалі ў дзвюх уласна расійскіх, у дзвюх украінскіх і ў адной беларуска-прыбалтыйскай ваенных акругах.

У Віленскай ваеннай акрузе турак размясцілі ў Магілёве, Гомелі, Рагачове, Быхаве, Чэрыкаве, Клімавічах, Вільні, Дзісне, Лідзе, Віцебску, Дынабургу, Крэслаўцы, Гродна, Брэсце, Беластоку, Ваўкавыску, Кобрыне, Пружанах, Гродна, у Саколцы, Мінску, Свіслачы, Бабруйску, Наваградку і Пінску. Больш за ўсё ваеннапалонных было ў Гродзенскай губерні — 2597 чалавек, менш за ўсё ў Віленскай — 923. Усяго ў беларускіх губернях было размешчана 8548 палонных туркаў. Больш Віленскай прыняла толькі Маскоўская ваенная акруга.

Самая буйная партыя палонных туркаў трапіла ў Мінск — 1171. На другім месцы быў Віцебск — 691 асман. У Гродна прыбылі 545 ваеннапалонных, у Бабруйск — 422, у Навагрудак — 407. У Гомелі былі расквартаваныя 347 пададзеных султана, у Кобрыне — 320, у Брэсце — 187, у Быхаве — 184. Менш за ўсё туркаў размясцілася ў Клімавічах — усяго 66 чалавек.

Як паведамляе Віталь Пазнахіраў, некаторыя туркі пабывалі ў рускім палоне яшчэ ў Крымскую вайну 1853–1856 гадоў, а адзін 70-гадовы аскер умудрыўся быць паланёным тройчы: першы раз яшчэ ў вайну 1828–1829 гадоў.

З’яўленне асманаў у беларускіх гарадах і мястэчках выклікала сапраўдную сенсацыю сярод мясцовых абывацеляў. Людзі натоўпамі збягаліся глядзець на экзатычных «гасцей» з Усходу. Трэба сказаць, што сярод палонных былі не толькі этнічныя туркі, але і арабы, албанцы, курды, татары, чаркесы, армяне і нават афрыканцы. У атаманскім войску служылі таксама рускія казакі — «някрасаўцы», балгары, грэкі, венгры і палякі. Былі і добраахвотнікі з Англіі, Германіі і Швейцарыі.

Рускія салдаты на адпачынку. Каўказкі тэатр ваенных дзеянняў, 1877–1878 гады

Рускія салдаты на адпачынку. Каўказкі тэатр ваенных дзеянняў, 1877–1878 гады

Умовы знаходжання палонных былі розныя — у залежнасці ад воінскіх званняў. Асманскія пашы і афіцэры атрымлівалі ў палоне грашовыя аклады ад царскай казны практычна як рускія генералы і афіцэры. Атаманскім афіцэрам была прадстаўлена поўная свабода перамяшчэння ў межах пунктаў знаходжання. Асманскія бінбашы і юзбашы здымалі асобныя кватэры, шылі сабе мундзіры і модныя касцюмы ў мясцовых яўрэйскіх краўцоў і фарсілі па вечарах на вуліцах беларускіх гарадоў. Турэцкія афіцэры, як правіла, былі абаяльныя і камунікабельныя, вучылі рускую мову і хутка сталі сваімі ў мясцовым «вышэйшым свеце».

У Беларусі жылі тры турэцкія генералы: Хаджы Рашыд-паша і Гасан Кязім-паша ў Віцебску і Мустафа Гасан-паша ў Магілёве. Два першыя трапілі ў палон у кастрычніку 1877 года пад Авліярам на Каўказскім тэатры ваенных дзеянняў. У Авліяр-Аладжынскай бітве ўдзельнічалі і 159-ы Гурыйскі і 160-ы Абхазскі пяхотныя палкі, расквартаваныя пасля ў Рагачове і Гомелі. Ферык (дывізійны генерал) Мустафа Гасан-паша быў узяты ў палон у балгарскім Нікапалі ў ліпені 1877 года. Першапачаткова месцам знаходжання яму быў вызначаны Арол. Там двум турэцкім генералам і іх прыслузе адвялі тры нумары ў асобным калідоры гасцініцы на цэнтральнай вуліцы горада. Але Гасан-паша ўсё роўна праявіў непадпарадкаванне, заклікаючы аскераў адмаўляцца ад працы на рускіх. І ўпартага ферыка па прадстаўленні ваеннага міністра Дзмітрыя Мілюціна тэрмінова перавялі ў Магілёў. У палоне турэцкі генерал-лейтэнант атрымліваў 213 рублёў штомесяц, пры сярэднім заробку рускага рабочага прыкладна ў 7–10 рублёў.

Кубанскі казак з выратаваным ім турэцкім дзіцём

Кубанскі казак з выратаваным ім турэцкім дзіцём

Беларускі плоў для турэцкіх аскераў

Значна горшым было становішча асманскіх салдат. Яны ўтрымліваліся пад аховай, для іх размяшчэння вылучаліся казармы, розныя гаспадарчыя памяшканні альбо здымаліся прыватныя дамы. Часцяком гэтыя памяшканні знаходзіліся ў кепскім стане альбо не былі прыстасаваныя для жылля. Прыватнікі неахвотна здавалі дамы для туркаў, баючыся заразы або з нелюбові да «басурманаў». Хоць у той час і не было інтэрнэту, але тагачасная руская прэса надзейна зляпіла з туркаў вобраз ворага: крыважэрныя, дзікія гвалтаўнікі, што бязлітасна рэзалі праваслаўных славян на Балканах. Хаця такія факты, як ужо казалася, сапраўды здараліся, большасць турэцкіх салдат былі звычайнымі сялянамі, мабілізаванымі Портай на вайну.

Кармілі туркаў па нормах забеспячэння для ніжніх чыноў рускай арміі. У дзень шарагоўцу-аскеру належала кіло дзвесце жытняга хлеба і 130 грамаў круп. Усё астатняе, уключаючы 200 грамаў мяса, ён павінен быў купіць сам на «прыварачныя» грошы. Атрыманне часткі забеспячэння грашыма мела для туркаў перавагу — на іх яны маглі купляць прадукты звыклай ім нацыянальнай кухні. Але бяда была ў адным: напрыклад, рыс для іх упадабанага «пілава» каштаваў у нас вельмі дорага. Ад нязвыклага жытняга хлеба туркі пакутавалі, а белы хлеб тут каштаваў у два разы даражэй. Яшчэ асманам даводзілася выменьваць частку прадуктаў на гарбату і тытунь, паколькі гэтых відаў забеспячэння для ніжніх чыноў у Расіі не было. Адпаведна, турэцкія ваеннапалонныя часта недаядалі.

Зверствы асманаў на Балканах. Аўстрыйская літаграфія, 1870-я гады

Зверствы асманаў на Балканах. Аўстрыйская літаграфія, 1870-я гады

Да месца паланення туркі прыбывалі, як правіла, у зношаным і драным адзенні. Нягледзячы на ўсе захады па пашыву новай вопраткі і абутку, многія з іх працягвалі хадзіць у лахманах і сандалях. Захворванні зімой 1877–1878 гадоў сярод палонных былі страшныя. Чыннікаў таму было шмат: дрэнна ацепленыя памяшканні, недахоп цёплай вопраткі, цісканіна і антысанітарыя. Крыніцы таго часу схільныя былі вінаваціць у неахайнасці саміх турак. Але добра вядома, напрыклад, што палявыя лагеры корпуса янычараў яшчэ ў Сярэднявеччы адрозніваліся лепшым уладкаваннем адыходжых месцаў, чым аналагічныя размяшчэнні еўрапейскіх рыцараў. Яшчэ «патрыятычная» прэса пісала, што туркі, маўляў, не мыюцца і не ведаюць, што такое лазня. У той жа час данясенні расійскай адміністрацыі паведамляюць, што асманскія палонныя ў любое надвор’е здзяйснялі на вуліцы рытуальныя амыванні, з-за чаго часта хварэлі.

Як бы там ні было, але тыф, дызентэрыя іншыя інфекцыйныя захворванні касілі асманаў. У Віцебску тыфам захварэлі 152 туркі, 43 з іх памерлі. Усё гэта выклікала страх у мясцовых жыхароў. Як паведамляла беларуская даследчыца Аксана Яшчанка, жыхары Гомеля, у прыватнасці, абвінавачвалі турак у «распаўсюдзе заразы». На самай справе, пры тагачасным узроўні медыцыны ў царскай Расіі і адсутнасці многіх санітарных ведаў сярод насельніцтва эпідэміі тыфу, халеры, адзёру і іншага і без усялякіх туркаў былі частымі гасцямі ў беларускіх гарадах і мястэчках. У Крэйцбургу Віцебскай губерні насельніцтва амаль блакавала мясцовую лазню, не жадаючы дапускаць туды асманаў. Але ўладальнікі лазняў хутка павярнулі сітуацыю на сваю карысць і сталі ў 3–5 разоў завышаць кошты для туркаў на памыўку.

Трэба сказаць, што калі ўзровень смяротнасці палонных у некаторых ваенных акругах быў пад 50 працэнтаў, то ў Віленскім, дзякуючы прынятым камандаваннем захадам, ён быў адным з самых нізкіх — 12,7 працэнта.

Паранены балгарскі апалчэнец

Паранены балгарскі апалчэнец


Алі і Маруська

У цэлым стаўленне насельніцтва да туркаў было спакойнае. Нягледзячы на асобныя ўспышкі варожасці (галоўным чынам з боку рабочых, якія лічыліся тады самай буйной групай насельніцтва), беларусы і рускія ў цэлым да зрынутага ворага ставіліся паблажліва. Галодным і абарваным туркам ахвотна падавалі. Жыхар Свіслачы Шмарыя Левін успамінаў, як ён і іншыя падлеткі «набівалі кішэні кавалачкамі белага хлеба і жменямі рысу і адносілі ўсё гэта туркам». Паліцыі таксама было загадана спыняць праявы непрыязнасці да палонных.

Што тычыцца слабага полу, то мясцовыя прыгажуні дэманстравалі да паўднёвых брунетаў павышаную цікавасць, пра што любіла пісаць тагачасная прэса. Усіх мясцовых жанчын туркі называлі «Маруська». Амаль як на сучасных курортах Анталіі і Кемера, дзе мясцовыя лавеласы любяць называць усіх рускамоўных турыстак «Наташамі». Зрэшты, тады пра паездкі на курорты маглі думаць толькі прадстаўнікі вышэйшых арыстакратычных колаў, дый тое — у Крым ці Ніцу. А вось трафік славянскіх дзяўчат для занятку прастытуцыяй у Стамбул існаваў ужо тады.

Згодна з данясеннямі паліцыі, знакі ўвагі турэцкападданым аказвалі як прыстойныя паненкі з купчых і мяшчанак, так і прастытуткі. Туркі часцяком паводзілі сябе ў адносінах да жанчын вельмі назойліва, але ніводнага выпадку згвалтаванняў альбо замаху на яго не было.

Зверствы асманаў на Балканах. Аўстрыйская літаграфія, 1870-я гады

Зверствы асманаў на Балканах. Аўстрыйская літаграфія, 1870-я гады

Асманы прыцягваліся да працы — у прыватнасці, да пракладкі і рамонту Маскоўска-­Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак. У раёне Кобрына, напрыклад, палонныя салдаты султана будавалі другую лінію шляху. Плацілі ім, як і рускім рабочым, па 40–50 капеек на дзень. Праўда, сур’ёзнай праблемай было няведанне туркамі мовы пры адсутнасці перакладчыкаў. Ці не адтуль пайшла ў нас характарыстыка чалавека, які нешта дрэнна разумее: «Ну ты турак!» Яшчэ асманы ахвотна наймаліся да прыватных гаспадароў — секчы дровы, чысціць прыбіральні, прыбіраць у дамах або працаваць на палях і гародах. У тым жа Кобрыне туркі або стаялі на «Лобным месцы», альбо расхаджвалі па вуліцах з сякерамі і рыдлёўкамі ў руках, прапаноўваючы свае паслугі. Адмысловае ўменне аскеры праявілі ў барацьбе з пажарамі — сапраўдным бічом тагачасных драўляных гарадоў. Магчыма, яны набылі яго ў сябе на радзіме, дзе ў гарыстай мясцовасці, ва ўмовах яшчэ большай шчыльнасці ўсходніх кварталаў і частых стыхійных бедстваў аж да землятрусаў, навыкі барацьбы з агнём навострываліся стагоддзямі?

Расійскі МЗС дазволіў міжвольным «гастарбайтэрам» не толькі весці паштовую і тэлеграфную перапіску з радзімай, але і адпраўляць у Турцыю грашовыя пераводы.

Таму асаблівых праблем турэцкія ваеннапалонныя мясцоваму насельніцтву не прыносілі. І, нягледзячы на паўсвабодны рэжым утрымання, паводзілі сябе спакойна, сціпла і ветліва. «Мінскія губернскія ведамасці» пісалі ў сакавіку 1878 года: «Палонныя туркі, верагодна, хутка пакінуць Мінск, дзе, трэба сказаць праўду, жылі ціха-ціха, бездакорна».

Эксцэсы, вядома, усё ж здараліся. Так, летам 1878 года шараговец Мустафа Гасан збег з палону і праз месяц быў знойдзены ў лесе пад Мінскам забітым. Зашытыя ў вопратку залатыя турэцкія манеты былі некранутыя.

Сто сорак гадоў таму, да восені 1878 года, пачалося вяртанне палонных на радзіму. Дывізійны генерал Гасан-паша напярэдадні свайго ад’езду з Магілёва даў баль, на якім прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі, дамы з вышэйшага свету і некалькі афіцэраў, якія прыбылі ў Магілёў пасля фронту для лячэння. З’язджаючы дадому, турэцкія салдаты куплялі беларускім дзеткам прысмакі і садавіну. Трэба сказаць, туркі заўсёды адрозніваліся асаблівай любоўю і клопатам пра дзяцей.

Балгарскі добраахвотнік і паланёны ім турэцкі афіцэр

Балгарскі добраахвотнік і паланёны ім турэцкі афіцэр


Але некаторыя турэцкія вайскоўцы сталі «невяртанцамі». Прычыны маглі быць рознымі: каханне, хрысціянскае паходжанне, пераход у праваслаўе альбо іншае. Той жа Гасан-паша любіў у сваіх інтэрв’ю распавядаць журналістам, што абавязкова купіць пад Магілёвам пару маёнткаў і зажыве як сапраўдны расійскі пан. Як бы там ні было, але двое асманскіх палонных з Гомеля, як мяркуецца, афіцэры, адмовіліся вяртацца ў Турцыю. Згодна з «геаграфічна-статыстычным нарысам» Гомеля, у 1910 годзе туркі ў Гомелі складалі пятую па велічыні этнічную групу. Тут нават працавала турэцкая кандытарская. Магчыма, ёй валодалі тыя асманскія афіцэры, што вырашылі змяніць шаблю на рамяство булачніка, або іх нашчадкі. Салодкія пірожныя з турэцкай кандытарскай славіліся па ўсім Гомелі.

Што ж, абмен прадукцыяй, навыкамі і ўменнямі — заўсёды лепш самай добрай сваркі. А калі справа і дайшла да ваеннага канфлікту, гуманнае стаўленне да палонных, якія, па сутнасці, ужо з’яўляюцца не ўдзельнікамі, а ахвярамі вайны, павінна быць непарушным законам.