Дональд Трамп: заканчэнне вайны ва Украіне «бліжэй, чым калі-небудзь раней»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў зрабіў аптымістычную заяву па заканчэнні вайны ва Украіне. У выніку візіту Стыва Уіткафа ў Маскву дамовіліся аднавіць трохбаковыя перамовы, якія раней былі прыпыненыя з-за адсутнасці вынікаў. А Уладзімір Зяленскі зноў заяўляе пра гатоўнасць да міру — да справядлівага міру. Ідуць 1702-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 187 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку зафіксавана 21 атака ў раёнах населеных пунктаў Сафіеўка, Дабраполле, Біліцкае, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Вольнае, Кучараў Яр, Ганнаўка, Светлае, Чырвонападдолле, Сяргееўка й Мураўка.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Раздзянка, Долінка, Горкае і Ягораўка.
На Купянскім і Ліманскім кірунках расійцы атакавалі па дзевяць разоў на кожным.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана сем атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навапаўлаўкі.
* * *
Уначы 22 кастрычніка расіяне атакавалі Кіеў балістычнымі ракетамі, была пашкоджана станцыя хуткай дапамогі і інфраструктура метро. Расійскія балістычныя ўдары выклікалі пажары і разбурэнні ў шасці раёнах сталіцы Украіны. Загінуў адзін чалавек, яшчэ 22 атрымалі раненні, сярод іх чацвёра дзяцей.
Уначы 22 кастрычніка падчас атакі на Харкаў расіяне пашкодзілі прыватныя дамы, шматпавярхоўку, аўтамабілі і краму, абышлося без пацярпелых.
Уначы 22 кастрычніка расійскія акупацыйныя войскі нанеслі ўдар па вёсцы Ліманаўка Лазоўскага раёна Харкаўскай вобласці, у выніку чаго загінула 42-гадовая жанчына, яшчэ чацвёра чалавек атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей.
У ноч на 22 кастрычніка падчас атакі на Маскоўскую вобласць у Серпухаве быў уражаны завод «75-ы арсенал». На прадпрыемстве рамантавалі і захоўвалі зенітныя ракетныя комплексы «Бук-М1», «Бук-М2» і С-300В.
Выбухі таксама чулі ў Туле, Курскай і Белгарадскай абласцях. У Санкт-Пецярбургу абвяшчалі пагрозу атакі дронаў.
* * *
Расія паставіла новы «рэкорд» па дзённых стратах сваіх салдат у вайне з Украінай
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што заканчэнне вайны Расіі супраць Украіны «бліжэй, чым калі-небудзь раней».
«Днямі я размаўляў з Уладзімірам Пуціным — я ўжо згадваў пра гэта раней — пра заканчэнне яго вайны з Украінай; думаю, мы набліжаемся да гэтага. Дарэчы, магчыма, цяпер мы бліжэй да гэтага, чым калі-небудзь раней» — заявіў Трамп.
Ён таксама пракаментаваў вызваленне Расіяй з турмы амерыканца Стывена Габарда 21 кастрычніка. Трамп заявіў, што папрасіў Пуціна пра вызваленне — той пагадзіўся без аніякіх умоў.
* * *
Памочнік кіраўніка РФ Юрый Ушакоў у каментары расійскім прапагандыстам заявіў, што ідуць перамовы пра заканчэнне «ўкраінскага канфлікту».
«Не ведаю, наколькі мы набліжаемся, але справа ідзе да гэтага», — адказаў ён на пытанне пра перспектывы заканчэння вайны.
Юрый Ушакоў паведаміў, што новы раўнд перамоў Украіна-ЗША-РФ можа прайсці ў Абу-Дабі. «Мы арыентуемся на Абу-Дабі... Такая была дамоўленасць, што дзесьці, напэўна, у сярэдзіне лістапада, у дзясятых чыслах лістапада», — сказаў ён.
Заява Ушакова прагучала пасля трохгадзінных перамоў кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам.
Нагадаем, трохбаковыя перамовы паміж Украінай, ЗША і РФ былі прыпыненыя ў траўні. Тады дзяржсакратар Марка Рубіё заявіў, што ЗША не хочуць удзельнічаць у «бясконцым цыкле сустрэч», якія не даюць вынікаў.
* * *
Перамоўныя каманды Украіны, ЗША і Расіі будуць працаваць над парадкам дня трохбаковай сустрэчы, якая можа адбыцца ў пачатку лістапада, паведаміў журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы вынікі перамоў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.
«Мы атрымалі зваротную сувязь, што Расія падтрымлівае трохбаковую сустрэчу на ўзроўні нашых каманд. Амерыканскі бок прапануе зрабіць гэта як мага хутчэй. Мы падтрымліваем гэта. Я не ведаю, якія будуць канчатковыя даты гэтай сустрэчы. Парадак дня зразумелы — скончыць вайну, наблізіць мір і падрыхтаваць усё для сустрэчы на ўзроўні лідараў — гэта вельмі важна для ўсіх. Каб распрацаваць гэты парадак дня, каманды будуць кантактаваць», — сказаў ён.
Зяленскі паведаміў, што ўкраінская каманда будзе падтрымліваць прапановы пра спыненне агню, энергетычнае перамір'е, гуманітарныя ініцыятывы, у прыватнасці вяртанне палонных.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Fox News сказаў, што гатовы пагадзіцца на мірнае пагадненне з РФ, якое прадугледжвае замарозку вайны на цяперашняй лініі фронту.
Яго спыталі, ці пагадзілася б украінская каманда на мірнае пагадненне, пры якім яна захавала б пад кантролем «75% або больш тэрыторыі сваёй краіны, незалежна ад таго, як усё пачалося».
«Так. Цяпер нам трэба замарозіць сітуацыю, і я лічу, што гэта рэальны спосаб пакласці канец гэтай вайне. Мы называем гэта "перамір'ем" або "спыненнем забойстваў", як выказаўся прэзідэнт Трамп. Замарозіць і спыніць. І, вядома, гэта мінімум таго, што нам сёння трэба ад Расіі. Потым, зразумела, мы звернемся да прэзідэнта (ЗША) і еўрапейцаў і папросім гарантый бяспекі. Самае галоўнае — гэта мір, а таксама мір, забяспечаны бяспекай», — адказаў Уладзімір Зяленскі.