Уіткаф вязе ў Расію новы мірны план
Падобна, напружанасць у адносінах Украіны і ЗША сціхае, калі ў перамовы не ўмешваецца Трамп. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пагаварыў з перамоўшчыкам Стывам Уіткафам і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё, вынікам размовы сталі новыя мірныя прапановы. Пытанне толькі ў тым, як на іх адрэагуе Пуцін. Ідуць 1701-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 269 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 кастрычніка.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 13 атак расійцаў у раёнах населеных пунктаў Цярновае, Ізбіцкае, Старыца, Благадатнае, Сямёнаўка, Ваўчанскія Хутары, Захараўка, Ахрымаўка, Валахоўскае, Вільхаватка і Чугунаўка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 37 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Мікалаеўкі, Навапаўлаўкі, Грузкага, Прытулку, Дабраполля, Вольнага, Калодзежа і Кучарава Яру.
На Пакроўскім кірунку адбылося 30 атак у бок населеных пунктаў Дабраполле, Ганнаўка, Дарожнае, Новы Данбас, Чырвонападдолле, Біліцкае, Сяргееўка, Мірнае, Маладзецкае, Навапаўлаўка і Мураўка.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне 20 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Рыбнае, Новае Запарожжа, Роўнае, Касаўцава, Цернаватае, Верхняя Тэрса, Горкае, Чыгуначнае, Амельнік, Навасёлаўка і Ягораўка.
На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі дзевяць атак, на Купянскім кірунку — восем.
* * *
У ноч на 21 кастрычніка Расія атакавала Украіну крылатымі ракетамі Іскандэр-К і 186 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (з іх – 88 рэактыўныя), S8000 Бандэроль/Дань-Т, Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 150 БпЛА тыпу Shahed, S8000 Бандэроль/Дань-Т, Гербера і дронаў іншых тыпаў, 10 ударных беспілотнікаў яшчэ ў паветры, папярэджваюць Паветраныя сілы УСУ.
У выніку расійскага ўдару па жылым доме ў Святошынскім раёне Кіева 21 кастрычніка загінулі два чалавекі, яшчэ адзін чалавек пацярпеў. Целы загінулых ратавальнікі выявілі падчас разбору завалаў.
Удзень 20 кастрычніка ў Новабаварскім раёне Харкава расіяне нанеслі ракетны ўдар па жылым квартале, пацярпелі 9 чалавек.
Уначы 21 кастрычніка расіяне абстралялі беспілотнікамі вёску Каротыч у Харкаўскай вобласці, загінулі двое сталых людзей і яшчэ 11 чалавек пацярпелі, у тым ліку двое дзяцей.
У выніку расійскага ўдару па ўніверсітэце ў Крэменчугу ў Палтаўскай вобласці пацярпелі тры чалавекі, сярод іх 16-гадовы падлетак.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сумеснай з прэм'ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Стэрэ і прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам заявіў, што ЗША, Кітай і Расія могуць праводзіць паміж сабой трохбаковыя сустрэчы, але калі гаворка ідзе пра пытанні Украіны, то менавіта яна павінна быць за сталом перамоваў.
«Я не ведаю, што там за трохбаковая сустрэча павінна быць паміж Амерыкай, Кітаем і Расіяй — гэта ім вырашаць. Але, вядома, калі гаворка ідзе пра Украіну, пра наша будучае, то гэта будзе прымальна толькі тады, калі мы будзем за сталом перамоў. Гэта абсалютна зразумела», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што раніца 20 кастрычніка «пачалася з пазітыўных сігналаў з боку ЗША», — у яго адбылася тэлефонная размова з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё, а пазней у Осла была сустрэча са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам.
«У нас адбылася вельмі канструктыўная размова. Але яна канструктыўная паміж намі, таму што ўсе мы — Украіна, ЗША і Еўропа — хочам заканчэння вайны. І паглядзім, што будзе заўтра», — сказаў Зяленскі.
Заўтра Уіткаф будзе знаходзіцца ў Расіі, дзе сустрэнецца з расійскім кіраўніцтвам.
* * *
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф падчас візіту ў РФ абмяркуе з расійскім кіраўніцтвам прапановы па заканчэнні вайны ва Украіне. Паездка можа стаць крокам да арганізацыі сустрэчы на ўзроўні лідараў — Дональда Трампа, Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна, піша Politico.
Уіткаф перадасць Маскве напрацоўкі, якія абмяркоўвалі прадстаўнікі ЗША і еўрапейскіх краін. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках перамоў з Уіткафам у Осла заявіў пра наяўнасць прапаноў па спыненні агню і розных фарматах гарантый бяспекі для Украіны.
Па яго словах, Украіна гатовая да перамоў і імкнецца выкарыстаць любую магчымасць для зніжэння напружанасці. «Мы гатовыя да перамоў, і для нас важна прадэманстраваць крыху прыкмет дээскалацыі. Менавіта таму ёсць пэўныя прапановы па розных фарматах спынення агню», — адзначыў Зяленскі.
Зяленскі падкрэсліў, што такія тэмы павінны разглядацца на самым высокім узроўні і пацвердзіў гатоўнасць да трохбаковай сустрэчы з удзелам Пуціна і Трампа.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі паведаміў, што крамлёўскаму лідару Уладзіміру Пуціну і ўкраінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму не абавязкова знаходзіцца ў адной пакоі для дасягнення пагаднення, перадае Clash Report.
Па яго словах, Зяленскі павінен імкнуцца спыніць гэтую вайну. «Украіна павінна сама імкнуцца заключыць пагадненне, бо Злучаныя Штаты патрацілі на гэта цэлае багацце, Еўропа таксама патраціла цэлае багацце, і Еўропа ўжо стамілася ад гэтага. Калі яны не заключаць пагадненне, то, у канчатковым выніку, сітуацыя, на мой погляд, проста стане яшчэ горшай», — заявіў Трамп.
Трамп зноў падзяліўся сваёй версіяй пра ход вайны ва Украіне, у прыватнасці пра тое, што адзін «дурны расійскі генерал» на пачатку поўнамаштабнага ўварвання проста заблукаў па дарозе ў Кіеў і заграз у гразі.
На яго думку, Пуціну і Зяленскаму не абавязкова знаходзіцца ў адной пакоі для падпісання пагаднення: «Думаю, яны могуць гэта зрабіць і па-іншаму. Ім цяжка апынуцца ў адной пакоі. Мне ўсё роўна, як гэта будзе зроблена».
* * *
Прадстаўнікі НАТА папярэдзілі ўкраінскую ўладу, што Дональд Трамп з-за пагаршэння адносін з Уладзімірам Зяленскім можа цалкам спыніць пастаўкі Украіне амерыканскага узбраення, у прыватнасці ракет для сістэм Patriot, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцу, дасведчаную ў гэтым.
Высокапастаўленыя прадстаўнікі НАТА занепакоеныя тым, што адносіны паміж Зяленскім і прэзідэнтам ЗША, магчыма, ужо не падлягаюць аднаўленню. Гэта можа прывесці да таго, што Украіну прымусяць пагадзіцца на балючыя ўмовы заканчэння вайны з Расіяй.
«Прадстаўнікі НАТА заклікалі Украіну паспрабаваць знізіць напружанасць у адносінах з ЗША. Калі Зяленскі не пойдзе на гэта, то – з улікам непрадказальнасці Трампа – пад пагрозай могуць апынуцца і пастаўкі амерыканскай зброі, якія фінансуюцца пераважна еўрапейскімі краінамі ў рамках праграмы PURL», – гаворыцца ў артыкуле.
Трамп, які настойвае на тым, каб еўрапейскія лідары ўзялі на сябе асноўную частку выдаткаў на аказанне дапамогі Украіне, узмацняе ціск — прычым, як лічаць многія аналітыкі і нават усё больш яго саюзнікаў-рэспубліканцаў у Кангрэсе, ён робіць гэта, падтрымліваючы не той бок канфлікту. Ён не толькі абмяжоўвае пастаўкі наступальнай зброі Украіне, але і падрывае ключавыя абарончыя магчымасці, такія як сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Па словах Зяленскага, ЗША затрымліваюць пастаўкі ракет-перахопнікаў Patriot, якія Кіеў ужо аплаціў. Цяпер ЗША пастаўляюць Украіне толькі 12 ракет Patriot на месяц, гэта чвэрць ад колькасці, якую у часы прэзідэнта Джо Байдэна ЗША давалі бясплатна.