Без Зяленскага: Пуцін прапанаваў Трампу і Сі Цзіньпіну сустрэчу для абмеркавання заканчэння вайны

СМІ пішуць пра прапановы Масквы аб сустрэчы лідараў ЗША, Расіі і Кітая з мэтай дабіцца заканчэння расійскай вайны супраць Украіны на карысць Масквы. Вось толькі такія дамоўленасці наўрад ці будуць выкананы. Трамп зноў пасварыўся з Уладзімірам Зяленскім, усклаўшы на яго адказнасць за паліўны крызіс у ЗША. А на фронце Расія страціла рэкордную колькасць салдат за суткі. Ідуць 1699-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

493216558_1033719072274504_7420433130698590693_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 204 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 кастрычніка.

На Купянскім кірунку расійцы 11 разоў намагаліся праводзіць наступальныя дзеянні ў бок Купянска і Радзькоўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 21 атака ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок населеных пунктаў Раскошнае, Мікалаеўка й Навагрыгораўка.

На Пакроўскім кірунку адбылося 30 атак у раёнах населеных пунктаў Мацяшава, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Тарэцкае, Вольнае, Новы Данбас, Светлае, Дабраполле, Мірнае, Сяргееўка, Філія.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне атакавалі дзевяць разоў, на Ліманскім кірунку, — шэсць разоў.

* * *

У ноч на 19 кастрычніка Расія двойчы атакавала Кіеў ракетамі, у выніку ў горадзе была пашкоджана адна са станцый метро, загінула 21-гадовая дзяўчына, пацярпелі 8 чалавек.

Як паведамілі журналіст RFE/RL у Вашынгтоне Алекс Рауфоглу і Bloomberg, Украіна не атрымала заўчаснага папярэджання ад ЗША перад расійскай балістычнай атакай на Кіеў у ноч на 19 кастрычніка. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё сказаў Алексу Рауфоглу, што «некалькі начэй таму ўзнікла праграмная праблема, звязаная з сістэмай ранняга папярэджання Украіны», і Еўрапейскае камандаванне УС ЗША (EUCOM) вывучае гэтае пытанне.

У выніку падзення абломкаў расійскіх паветраных мэт у Ірпені Кіеўскай вобласці ўспыхнуў пажар у прыватным сектары, траўміраваныя шэсць чалавек, сярод іх трое дзяцей. Яшчэ трое чалавек прапалі без вестак.

У ноч на панядзелак, 19 кастрычніка, расійскія ваенныя нанеслі ўдар па Дняпры, пашкоджаны прыватныя дамы, па папярэдняй інфармацыі, у іх могуць быць заблакаваныя людзі. Пацярпела 84-гадовая жанчына, яе даставілі ў бальніцу.

* * * 

855519831_2890450394681303_4682782761624664269_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю агенцтву Bloomberg абвінаваціў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў спробах аказаць ціск на Украіну з мэтай яе капітуляцыі перад Расіяй, а таксама ў затрымцы паставак ракет-перахопнікаў для Patriot.

«Я лічу, што былі прынятыя крокі, накіраваныя на тое, каб схіліць Украіну да капітуляцыі. Я не сцвярджаю, што менавіта такую мэту пераследуюць нашы партнёры. Мне не хочацца думаць, што нашы амерыканскія партнёры лічаць, быццам вайну… можна завяршыць хутчэй за кошт Украіны. Але выглядае гэта менавіта так» — сказаў Зяленскі.

Зяленскі таксама адзначыў, што ЗША затрымліваюць пастаўкі ракет-перахопнікаў для Patriot, якія выкарыстоўваюцца для збівання расійскіх балістычных ракет. Па словах прэзідэнта, Украіна аплаціла зброю, у тым ліку і супрацьбалістычныя ракеты, у рамках праграмы PURL.

«Амерыканскі бок ухваліў пастаўку толькі часткі з іх, а астатнія – не. І гэта не тэхнічнае пытанне», – сказаў ён. Пры гэтым паведаміў, што ЗША пастаўляюць цяпер усяго 12 ракет на месяц.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social абвінаваціў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў тым, што той нібыта ніколі не хацеў заканчваць вайну Расіі супраць Украіны.

«Зяленскі выкарыстоўвае дызельныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расіі ў якасці мэт, ведаючы, што гэтыя атакі наносяць сур'ёзны ўрон сусветным рынкам дызельнага паліва, у прыватнасці ў Злучаных Штатах. Фермеры, жывёлагадоўцы і прадпрыемствы ўсіх відаў моцна пакутуюць ад гэтага, але Расія, тым не менш, пастаўляе ў свет мільёны баррэляў дызельнага паліва па нізкай цане.

Зяленскаму гэта абыякава, і, шчыра кажучы, са усімі тымі грашыма, якія, як вядома, дае яму Еўропа, і якія Джо Байдэн даваў яму ў мінулым, ён не хоча заканчваць гэтую вайну і, верагодна, ніколі не хацеў» — заявіў Трамп.

Прэзідэнт ЗША таксама зноў згадаў пра нейкія акіяны, якія нібыта страціла Украіна. «Яго краіна ляжыць у руінах, значная частка яе тэрыторыі страчана, яе акіяны і моры зніклі, а мужчынскае насельніцтва скарацілася, атрымала раненні і/або загінула», — заявіў Трамп.

Трамп адзначыў, што вядзе перамовы пра мір паміж Украінай і Расіяй, і не хоча рабіць нічога, «што бессэнсоўна адштурхне Расію ад стала перамоў». Таксама ён лічыць, што Расія «робіць вельмі мала, калі наогул штосьці робіць» для дапамогі Ірану ў параўнанні з тым, што яна магла б рабіць.

* * *

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў, каб ён, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і лідар Кітая Сі Цзіньпін сустрэліся ў наступным месяцы для абмеркавання сітуацыі ва Украіне з мэтай дамагчыся заканчэння расійскай вайны супраць Украіны на карысць Масквы, піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, дасведчаныя пра ход абмеркаванняў.

«Гэты план з'яўляецца спробай Пуціна скарыстацца пацяпленнем адносін з Трампам, што выклікала занепакоенасць ва Украіне і сярод яе саюзнікаў у Вашынгтоне і Еўропе. Такі саміт — без удзелу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага — стаў бы беспрэцэдэнтным і выклікаў бы трывогу ў еўрапейскіх сталіцах і за іх межамі», — піша WSJ.

Па словах былога супрацоўніка расійскіх спецслужбаў, знаёмага з гэтым пытаннем, Пуцін высунуў гэтую ідэю падчас тэлефоннай размовы з Трампам 9 кастрычніка. У выніку гэтай размовы бакі таксама заключылі пагадненне пра закупку ЗША расійскага дызельнага паліва і садзейнічанне яго продажу на сусветным рынку.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што працягваюцца абмеркаванні магчымай сустрэчы. «Пакуль няма выразнага разумення адносна самой сустрэчы або яе магчымага парадку дня, хаця ўсе тры бакі прызнаюць гіпатэтычную магчымасць правядзення такой сустрэчы», – сказаў ён WSJ.

Высокапастаўлены прадстаўнік ЗША заявіў, што Трамп пакуль не даў згоды на правядзенне такога саміту. У той жа час ён адзначыў, што амерыканскі прэзідэнт можа ўспрыняць гэтую ідэю станоўча, улічваючы яго жаданне выканаць перадвыбарнае абяцанне пра заканчэнне вайны.

«Патэнцыйны трохбаковы дыялог на кітайскай тэрыторыі стане важным крокам для Сі ў яго намаганнях па ўмацаванні ролі Кітая як уплывовага дыпламатычнага пасярэдніка, адзначылі аналітыкі, якія вывучаюць Кітай. Расійскія чыноўнікі высунулі гэтую ідэю Пекіну па дыпламатычных каналах, і кітайскі бок даў зразумець, што не будзе пярэчыць, калі Трамп далучыцца, паведамілі іншыя крыніцы, блізкія да нядаўніх перамоў паміж Масквой і Пекінам», – піша WSJ.