У ЗША незадаволеныя рашэннямі Трампа па Украіне: Кангрэс збіраецца супрацьстаяць
Рашэнне Трампа наконт закупкі расійскага дызелю і ягоныя выказванні наконт Зяленскага выклікалі хвалю абурэння ў Штатах. Кангрэс збіраецца прыняць новы санкцыйны закон, а эксперты падкрэсліваюць відавочную «палітычнасць» дамоўленасці Пуціна і Трампа, бо паставак дызелю з РФ ЗША не хопіць і на дзень. Ідуць 1691-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 221 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 верасня.
На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках украінскія падраздзяленні адбілі па 10 атак расіян на кожным.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі, Тарэцкага, Вольнага і ў кірунках населеных пунктаў Мікалаеўка, Райскае, Прытулак.
На Пакроўскім кірунку было 25 атак у раёнах населеных пунктаў Светлае, Маладзецкае, Навамікалаеўка і ў бок Дабраполля, Навагрышынага, Сяргееўкі.
На Гуляйпільскім кірунку расіяне 21 раз атакавалі ў раёнах Рыбнага, Верхняй Тэрсы, Горкага, Гуляйпольскага, Малой Такмачкі і ў бок населеных пунктаў Касаўцава, Новае Запарожжа, Роўнае, Ваздвіжаўка, Долінка, Капані.
* * *
У ноч на 11 кастрычніка Расія атакавала Украіну 116 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (95 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 94 БпЛА тыпу Shahed (74 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронаў іншых тыпаў.
Колькасць загінулых у выніку расійскага авіяўдару па Запарожжы 10 кастрычніка ўзросла да 20, у тым ліку трое дзяцей, яшчэ 32 чалавекі пацярпелі.
У нядзелю, 11 кастрычніка раніцай кіраўнік Днепрапятроўскай АВА паведаміў, што ў выніку начных удараў па Дняпры пацярпелі двое дзяцей і двое дарослых, у горадзе пашкоджаны шматпавярховы будынак.
«Яндэкс» паведаміў пра прыпыненне працы дата-цэнтра ў расійскім Уладзіміры з-за атакі дронаў.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіне варта абраць новага лідара, які зможа дамовіцца пра спыненне вайны. Ён абвінаваціў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў нежаданні заключаць пагадненні і раскрытыкаваў украінскія ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пра гэта Трамп сказаў падчас зносін з журналістамі ў суботу, 10 кастрычніка, піша Clash Report.
«Я прапаную Украіне абраць новага лідара, які зможа заключыць пагадненне. Па нейкай прычыне Зяленскі ніколі не дамаўляецца», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Ён таксама сцвярджаў, што ўкраінскі прэзідэнт нібыта імкнецца ствараць праблемы для Злучаных Штатаў і астатняга свету, хоць, па словах Трампа, меў магчымасць завяршыць вайну раней. Асобна амерыканскі прэзідэнт выказаў незадаволенасць украінскімі атакамі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і іншыя аб'екты, звязаныя з вытворчасцю і пастаўкай дызельнага паліва.
Ён сцвярджаў, што Расія пастаўляе значную частку дызельнага паліва на сусветны рынак, а ўкраінскія ўдары па адпаведнай інфраструктуры могуць уплываць на яго даступнасць.
* * *
У Кангрэсе ЗША заявілі, што час «паставіць Трампа ў нязручнае становішча», і рыхтуюць законапраект пра расійскую нафту. Кангрэсмен ЗША Браян Фіцпатрык заявіў пра падрыхтоўку новага двухпартыйнага законапраекта, які будзе блакаваць любыя закупкі расійскай нафты; саратнік Фіцпатрыка Дон Бэйкан лічыць, што рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра закупку расійскага дызельнага паліва «выглядае як слабасць».
Па словах Фіцпатрыка, законапраект атрымае назву «Закон Рональда Рэйгана "Мір праз сілу"». У сувязі з планамі ўнясення законапраекта Бэйкан адзначыў, што падтрымае яго, і назваў сур'ёзнай памылкай рашэнне Трампа пра закупку расійскага дызельнага паліва.
«Мы катэгарычна не згодныя з прэзідэнтам у гэтым пытанні. Я лічу гэта сур'ёзнай памылкай. Гэта выглядае як слабасць: прэзідэнт ідзе насустрач Пуціну, які з'яўляецца дыктатарам і ваенным злачынцам. Мы павінны стаяць на баку Украіны, дэмакратыі, на тэрыторыю якой уварваліся і гарады якой бамбяць», — заявіў Бэйкан.
«Яшчэ год таму прэзідэнт крытыкаваў еўрапейцаў за закупку расійскага газу. Таму я цалкам не згодны з гэтым рашэннем, а палітыку прэзідэнта ў дачыненні да Расіі і Украіны лічу правальнай. Я і рэспубліканцы "старой школы", прыхільнікі Рональда Рэйгана, вельмі расчараваныя», — адзначыў кангрэсмен.
Ён таксама заўважыў, што апытанні грамадскай думкі ў ЗША пастаянна паказваюць каля 70% падтрымкі Украіны.
* * *
Дамоўленасць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна пра пастаўкі дызельнага паліва наўрад ці дапаможа амерыканскім дальнабойнікам на фоне росту цэн. Эканамістка Інстытута нямецкай эканомікі Саміна Султан падлічыла, што узгодненых 300 000 тон недастаткова, каб адчувальна паўплываць на сусветныя цэны, піша Bild.
Па яе ацэнцы, гэтага аб'ёму хапіла б для пакрыцця патрэб ЗША толькі ледзь больш чым на 14 гадзін. Таму Султан назвала дамоўленасць хутчэй «сімвалічным жэстам».
Пад сумневам застаецца і тое, колькі дызельнага паліва Расія зможа паставіць пасля ўкраінскіх атак на нафтавую прамысловасць.
Раней іншыя эксперты таксама характарызавалі дамоўленасць як пераважна палітычную і сумняваліся, што яна акажа заўважны ўплыў на сусветныя рынкі.
* * *
Украіна павінна і далей атакаваць расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, а дызельнае пагадненне Масквы з Вашынгтонам можа быць спробай Крамля зняць з сябе гэты ціск, заявіў былы спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Украіне, генерал у адстаўцы Кіт Келаг у эфіры Fox News.
«Я б прыглядзеўся да схаваных матываў, па якіх ён (Пуцін) арганізуе пастаўкі дызелю ў ЗША і на міжнародны рынак», — адзначыў генерал.
Па яго меркаванні, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наносіць магутныя ўдары па расійскіх НПЗ углыб Расіі, і Пуцін шукае спосаб аслабіць гэты ціск. Не выключана, што Масква разлічвае дамагчыся спынення атак праз амерыканцаў, якія вядуць перамовы з украінскай дэлегацыяй і дарадцамі па нацбяспецы Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі ў Маямі.
Келаг таксама прызнаў, што не давярае ні Пуціну, ні спецпрадстаўніку Крамля па эканамічных пытаннях Кірылу Дзмітрыеву. Генерал падкрэсліў, што Украіна і Расія б’юць па прынцыпова розных аб'ектах: украінскія сілы атакуюць пераважна ваенна-прамысловы комплекс, у той час як расіяне паражаюць школы і цэрквы.