Расія паведаміла ЗША пра гатоўнасць аднавіць трохбаковыя перамовы па Украіне

Пуцін заявіў, што Расія «гатовая дамаўляцца і шукаць выхад са складнай сітуацыі ва Украіне», але пры гэтым сказаў, што «ўсе мэты СВА будуць дасягнутыя». Але на фронце армія РФ страчвае і тэрыторыі, і людзей, а эксперты зноў кажуць пра магчымую мабілізацыю ў Расіі. Ідуць 1703-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

493326174_1031554275824317_4137598423673026939_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 14 атак расіян у раёнах Кавалёўкі, Анішчынага, Ізбіцкага, Радзьоўкі і Вільхаваткі.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 11 атак у  раёнах Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Канстанцінаўкі, Доўгай Балкі і Паўлаўкі.

На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 15 атак арміі РФ у раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і Навапаўлаўкі, а таксама ў кірунках Кучарава Яру, Светлага, Сафіеўкі, Вольнага, Новага Данбаса і Мірнага.

На Гуляйпольскім кірунку адбіта 12 атак у раёнах Чароўнага, Цернаватага, Верхняй Тэрсы, Касаўцава, Ваздвіжаўкі, Капаноў, Навасёлаўкі і Белагор'я.

* * *

З пачатку верасня 2026 года расійскія войскі страцілі на 241 квадратны кіламетр украінскай тэрыторыі больш, чым захапілі. Тэмпы прасоўвання арміі РФ запаволіліся ў параўнанні з мінулым годам, тады як украінскія сілы перахопліваюць ініцыятыву на асобных участках фронту, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Па ацэнцы ISW, у 2026 годзе расійская армія прасоўваецца ў сярэднім на 0,25 квадратнага кіламетра за суткі. Гэта сведчыць пра запавольванне яе наступальных дзеянняў у параўнанні з 2025 годам.

Штомесячныя страты расійскіх войскаў павялічваюцца, а тэмпы набору новых ваеннаслужачых не дазваляюць цалкам кампенсаваць гэтыя страты. З пачатку кастрычніка 2026 года Расія страціла амаль 37 тысяч ваеннаслужачых. Для параўнання, за ўвесь кастрычнік 2025 года гэты паказчык складаў 31 270 чалавек.

У ISW мяркуюць, што ў найбліжэйшыя месяцы Крэмль можа сутыкнуцца з дадатковымі цяжкасцямі, калі ўкраінскія сілы і далей будуць утрымліваць ініцыятыву і зрываць наступальныя планы расійскай арміі. Пры такім сцэнары расійскае ваеннае камандаванне можа ўзмацніць ціск на кіраўніцтва РФ, патрабуючы правесці мабілізацыю ў той ці іншай форме.

* * *

У ноч на 23 кастрычніка Расія атакавала Украіну 176 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (92 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Парадыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 140 БпЛА, 10 ударных беспілотнікаў яшчэ у паветры.

Расіяне масіравана абстралялі адну з цеплаэлектрастанцый у Адэскай вобласці, нанеслі істотную шкоду абсталяванню ЦЭС. Станцыя прыпыніла выпрацоўку электраэнергіі.

22 кастрычніка расійскія войскі атакавалі ў Жытомірскай вобласці прыватны жылы дом, 9 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, атрымалі раненні.

Двое чалавек атрымалі раненні ў выніку атакі на Дняпроўскі раён раніцай 23 кастрычніка.

У ноч на 23 кастрычніка расійская акупацыйная армія масіравана атакавала Сумы ударнымі БпЛА, у выніку чаго пацярпелі як мінімум два чалавекі, пашкоджаны аб'екты грамадзянскай інфраструктуры.

Жыхары Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў Польшчы атрымалі папярэджанне пра небяспеку ў сувязі з расійскай атакай на захаднія вобласці Украіны, у паветра падымалі польскую авіяцыю.

Раніцай у пятніцу ў васьмі абласцях Украіны зафіксаваны новыя адключэнні святла з-за расійскіх атак на грамадзянскую энергетычную інфраструктуру, паведаміла Укрэнерга.

Уначы і раніцай расіяне ажыццяўлялі дронавыя атакі на энергааб'екты ў некалькіх абласцях. «У выніку гэтага да раніцы ёсць новыя абясточванні ў Жытомірскай, Данецкай, Валынскай, Мікалаеўскай, Палтаўскай, Хмяльніцкай, Харкаўскай і Ровенскай абласцях», – гаворыцца ў паведамленні.

Па даных Мінэнерга, у выніку атак больш за 500 тысяч украінцаў засталіся без святла.

* * *

857011871_1069879569425500_2381595664263466474_n.jfif

* * *

Крамлёўскі лідар Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расія паведаміла ЗША пра гатоўнасць аднавіць трохбаковыя перамовы.

Пуцін заявіў, што мэтай перамоваў з ЗША і Украінай будзе «дасягненне канчатковага міру і забеспячэнне бяспекі Расіі». Па словах Пуціна, Расія і цяпер «гатовая дамаўляцца і шукаць выхад са складнай сітуацыі ва Украіне».

Ён сцвярджае, што РФ вырашыць свае задачы і «ўсе мэты СВА (так расійская прапаганда называе расійска-украінскую вайну) будуць дасягнутыя».

* * *

Неафіцыйны дыпламатычны канал сувязі Еўрапейскага савета з Крамлём застаецца адкрытым для абмеркавання пытання пра спыненне агню ва Украіне, заявіў прэзідэнт Еўрапейскага савета Антоніу Кошта ў інтэрв'ю Rapporteur.

«Канал адкрыты, і Расія ведае: калі і калі яна сапраўды захоча пагаварыць пра тое, як дабіцца прыпынення агню, як абараніць энергетычныя аб'екты, яна можа звярнуцца», — сказаў Кошта.

Пры гэтым ён выказаў сумневы ў гатоўнасці Масквы да дыялогу. «Вы бачылі якія-небудзь прыкметы таго, што Расія хоча сур'ёзна гэтым займацца?», — запытаў журналіста кіраўнік Еўрасавета.

Кажучы пра магчымае прызначэнне еўрапейскага прадстаўніка для ўдзелу ў мірных перамовах, Кошта адзначыў, што фармат залежыць ад характару абмеркаванняў.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CNN раскрыў дэталі сваіх адносін з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Па яго словах, напружанне ў адносінах з ЗША не звязана з асабістымі адносінамі. Гаворка ідзе пра адмену санкцый супраць Расіі, якія ўзмацняць расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.

«Мае адносіны да Пуціна цалкам выразныя. Я лічу, што калі мы адменім санкцыі, мы зробім яго больш моцным. Гэта не штосьці асабістае паміж мной і прэзідэнтам Трампам, і, вядома, я супраць любой адмены санкцый», — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што партнёры з Еўропы надалі Украіне пэўную колькасць ракет СПА. Аднак гэтага «недастаткова для таго, каб абараніць сябе».

Цяпер Украіна, па словах Зяленскага, больш за ўсё просіць ад сваіх саюзнікаў дзвюх рэчаў: не адмяняць санкцыі супраць Пуціна і даць Украіне ракеты СПА.

Зяленскі намякнуў на магчымасць замарожвання бягучых ліній фронту, але не цаной уласных тэрыторый.

«Многія людзі загінулі, абараняючы гэтую зямлю, нашу незалежнасць, нашу краіну. Ніхто не прызнае гэтыя часова акупаваныя тэрыторыі як расійскія, і я думаю, што Расія гэта разумее. Шкада, калі хтосьці гэтага не разумее, але гэта іх справа», — сказаў Зяленскі.