У Магілёве адбылася правакацыя супраць журналістаў, затрыманыя Буракоў і Лапцэвіч

Напярэдадні выбараў у Магілёве пачаўся «наезд» на мясцовых незалежных журналістаў. Увечары 5 жніўня міліцыя затрымала журналіста Аляксандра Буракова (старэйшага), паведамляе служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

17982597_303.jpg


Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль журналіста каля 19.00 на вуліцы Касманаўтаў. Па надуманых падставах Буракова даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.

Неабходна адзначыць, што ў 19:00 у студыі інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” быў запланаваны запіс перадачы праваабарончай тэматыкі, прысвечаны прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. Весці перадачу павінен быў Аляксандр Буракоў.

Падтрымаць Буракова да Ленінскага РАУС прыехалі магілёўскія журналісты і праваабаронцы, але ў будынак аддзялення міліцыі іх не прапусцілі, спаслаўшыся на цяжкую эпідэміялагічную сітуацыю.

У адказ на такія дзеянні міліцыянтаў сябра ГА “БАЖ”, журналіст “Магілёўскага рэгіёна” Уладзімір Лапцэвіч напісаў скаргу ў Кнізе заўваг і прапаноў Ленінскага РАУС.

Праз пэўны час да Лапцэвіча выйшаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў журналіста прайсці з ім у РАУС — нібыта для апытання наконт пакінутай скаргі. Пасля гэтага Уладзімір Лапцэвіч з райддзела так і не выйшаў — ён не здымае слухаўку і не адказвае на паведамленні сваіх калег.

Раніцай стала вядома, што Лапцэвіча затрымалі і даставілі ў ІЧУ нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Журналістам-фрылансерам Аліне Скрабуновай і Аляксандру Сідарэўскаму, якія таксама чакалі пад Ленінскім РАУС, вынеслі і ўручылі позвы на 6 жніўня на 15:00 у РАУС Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Ноччу 6 жніўня праваабаронца Барыс Бухель паведаміў, што супраць Аляксандра Буракова была здзейсненая правакацыя наўпрост каля будынка РАУС.

— Я стаяў каля звычайнага ўваходу ў РАУС, чакаў развіцця падзей. Раптам я пачуў нейкі шум з боку ўязной брамы на паркоўку райаддзела. Спачатку заныла нейкая жанчына, потым пачуў голас Алеся Буракова, які гучна паўтарыў некалькі разоў, што гэта — правакацыя. Я рвануў да іх, але і жанчыну, і Буракова завялі назад у РАУС — падчас правакацыі з ім побач знаходзіліся двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, — распавёў Бухель праваабарончаму парталу mspring.online.

Як патлумачыў Бухель, верагодна, на Буракова не змаглі нічога скласці ў аддзяленні міліцыі, і выглядае на тое, што адважыліся на правакацыю.

— Яго спецыяльна вывелі не праз звычайны ўваход, а праз паркоўку. Прычым зрабілі гэта тады, калі я застаўся чакаць на вуліцы адзін, мае калегі з’ехалі. Я так зразумеў, яму паспрабуюць навязаць тое, што ён нібыта напаў на жанчыну, хоць ёсць сведка, які бачыў, што гэта была проста правакацыя. Ну і трэба ведаць Буракова, каб разумець, што ён у прынцыпе ніколі б ні на каго не напаў, — заявіў праваабаронца.

Па стане на раніцу 6 жніўня ёсць інфармацыя, што Аляксандру Буракову інкрымінуюць хуліганскія дзеянні. Ноччу яго сям’і паведамілі, што ён па-ранейшаму ў РАУС і што «з ім працуюць».

Сёння ў Аляксандра Буракова — дзень нараджэння.