У «спіс экстрэмістаў» дадалі 52 чалавекі. Хронікі рэпрэсій 4 верасня

 У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі: мінчука Пятра Асіпенку асудзілі на 16 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах, абразу Лукашэнкі і «здраду дзяржаве». У Гомелі ІТ-прадпрымальнік Яўген Балтоўскі атрымаў пазбаўленне волі паводле шэрагу палітычных артыкулаў, а супраць беларуса Андрэя Заянчкоўскага пачалі спецыяльную вытворчасць.

1_1097_1.png

Супрацоўніка аператыўнай мытні асудзілі на 16 гадоў калоніі

26-гадовага мінчука Пятра Асіпенку, які працаваў у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз і аператыўнай мытні, асудзілі на 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «здраду дзяржаве», піша «Наша Ніва».

Пятру выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК — за «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», ч. 1 арт. 368 КК — за «абразу Лукашэнкі», а таксама ч. 2 арт. 356 КК — за «здраду дзяржаве».

Што канкрэтна следства палічыла злачынствам у выпадку маладога чалавека, невядома. Падрабязнасці абвінавачання ў адкрытым доступе не паведамляліся.

У Гомелі паводле шэрагу палітычных артыкулаў зняволілі ІТ-прадпрымальніка

Гомельскі абласны суд вынес прысуд 45-гадоваму жыхару Гомеля Яўгену Балтоўскаму. Яго абвясцілі вінаватым у распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), уваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне (ч. 3 арт. 361-1 КК), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), паклёпе на Лукашэнку (ч. 1 і 2 арт. 367 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Мужчыну прысудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі. Больш канкрэтны тэрмін пакарання і сутнасць выстаўленых абвінавачванняў цяпер высвятляюцца, піша «Гомельская Вясна».

Яўген Балтоўскі працаваў прадпрымальнікам у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння і кансультавання ў гэтай галіне. Таксама раней ён граў у гомельскім незалежным «Адкрытым тэатры».

Беларуса збіраюцца завочна судзіць за ўдзел у пратэстах і актыўнасць у інтэрнэце

Следчы камітэт Беларусі 4 верасня паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да беларуса Андрэя Заянчкоўскага.

Яму інкрымінуюць «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», «паклёп на Лукашэнку», «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады».

Андрэя запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і з'явіцца ў Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 52 прозвішчы

4 верасня МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

У спіс дадалі яшчэ 52 чалавекі. Цяпер у ім 6887 чалавек.

Сярод новых фігурантаў — грамадзянін Украіны Юрый Малькевіч, асуджаны за «агентурную дзейнасць».

Telegram-каналы і боты дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У яго трапілі Telegram-каналы «MAYDAY MOGILEV» і «ROGIMOV», а таксама Telegram-боты «Предложка за МКАДом», «Реклама Tribuna.com» і «Редакция “БГ”».