Уладзю Лабковічу забаранілі выезд з Беларусі. Хронікі рэпрэсій 2 верасня
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, журналістаў і людзей, якіх улады абвінавачваюць у «экстрэмізме». Уладзю Лабковічу пасля выдварэння забаранілі выезд з краіны, старонкі расійскіх апазіцыйных палітыкаў дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а рэдактарку дзяржаўнага выдавецтва Святлану Дзяўдзера асудзілі на «хатнюю хімію».

Выдваранаму з Беларусі праваабаронцу Уладзю Лабковічу забаранілі выезд з Беларусі
Былому палітзняволенаму і праваабаронцу «Вясны» Уладзю Лабковічу, якога ў снежні мінулага года прымусова выдварылі з Беларусі, забаранілі выезд з краіны.
На адрас яго рэгістрацыі ў Мінску прыйшлі дакументы, згодна з якімі суд увёў абмежаванне на выезд з Беларусі. Прычына — нясплата штрафу па крымінальнай «справе Вясны», паводле якой Уладзя асудзілі да сямі гадоў зняволення, а пазней памілавалі.
Выдварэнне Уладзя з Беларусі не спыніла ягоны пераслед — гэта яшчэ адзін прыклад таго, як трансгранічныя рэпрэсіі працягваюцца нават за межамі краіны, адзначае «Вясна».
Старонкі расійскіх апазіцыйных палітыкаў Леаніда Волкава і Іллі Яшына дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». На гэты раз у яго трапілі:
Telegram-каналы: «Leonid Volkov», «Илья Яшин»;
Instagram-акаўнт: «masahiro_sibbata»;
TikTok-акаўнт пралукашысцкага прапагандыста: «Тот самый Белорус».
Рэдактарку дзяржаўнага выдавецтва асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Святлане Дзяўдзера 33 гады, яна мінчанка. Дзяўчына скончыла факультэт беларускай і рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама прайшла перакваліфікацыю па кірунку вэб-дызайну, піша «Наша Ніва».
Пасля ўніверсітэта Дзяўдзера працавала настаўніцай мовы і літаратуры ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка, пасля чаго доўгі час была рэдактарам вучэбна-метадычнага ўпраўлення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
З 2025 года Святлана працавала рэдактаркай у дзяржаўным выдавецтве «Адукацыя і выхаванне».
Па-за працай Святлана шмат увагі аддавала валанцёрству, займалася жывёламі. Яна дапамагае дэкаратыўным грызунам і ратавальнаму атраду «RATуй!», кансультуе іншых уладальнікаў і дапамагае лячыць гадаванцаў. Сярод іншых яе захапленняў — настольныя гульні ды нішавая парфумерыя.
Мінскі гарадскі суд судзіў Дзяўдзера паводле часткі 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Ёй прысудзілі хатнюю хімію.