Ціск пашыраецца ад крымінальных спраў да паўсядзённага жыцця. Хронікі рэпрэсій 31 жніўня

 У жніўні рэпрэсіўная сістэма працягвала працаваць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — ад новых крымінальных спраў і завочных судоў да кантролю за культурнымі мерапрыемствамі, каментарамі ў сацсетках і маёмасцю. Пад пераслед трапляюць беларусы ў краіне і за мяжой, а ціск працягваецца нават пасля вызвалення чалавека.

1_1097_1.png

Ціск пашыраецца ад крымінальных спраў да паўсядзённага жыцця

У жніўні рэпрэсіўная сістэма працягвала працаваць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — ад новых крымінальных спраў і завочных судоў да кантролю за культурнымі мерапрыемствамі, каментарамі ў сацсетках і маёмасцю, вынікае з чарговага агляду "Вясны".

Пашыраецца завочны пераслед. Улады пачалі або працягнулі спецыяльную вытворчасць у дачыненні да беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Сярод іх — пяць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў Палка Каліноўскага, актывісты Вячаслаў і Марына Касінэравы, а таксама Яўген Разумко, якога плануюць завочна судзіць за замах на супрацоўнікаў МУС. У асобных выпадках беларусаў таксама абвяшчаюць у міжнародны вышук праз расійскую базу МУС.

Пад пераслед трапляюць журналісты, дзеячы культуры і праваабаронцы. Улады запатрабавалі ад Польшчы выдаць журналіста Дзмітрыя Салаўёва, завочна судзяць вакалістку Dymna Lotva Кацярыну Манкевіч, а музыканта Сяргея Міхалка пасля завочнага прысуду да чатырох гадоў пазбаўлення волі ўнеслі ў спіс асобаў, звязаных з «экстрэмісцкай дзейнасцю». У рэгіёнах працягваецца пераслед праваабаронцаў: праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун чацвёрты месяц застаецца пад вартай.

«Экстрэмізм» становіцца інструментам кантролю над інфармацыяй і культурай. У Віцебскай вобласці людзей, якія трапілі ў базу ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, зноў правяраюць па месцы жыхарства і ў тэлефонах. У рэгіёнах заводзяць справы за каментары ў Instagram і Threads, а ў «экстрэмісцкі» спіс трапляюць не толькі сайты і Telegram-каналы, але і музычныя творы — напрыклад, песня «Номера» гурта «ЛСП». Толькі пракуратура Мінскай вобласці за апошнія пяць з паловай гадоў накіравала ў суды больш за 1,5 тысячы заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай».

Рэпрэсіі ўсё больш закранаюць звычайнае грамадскае і культурнае жыццё. У Гродне інтэлектуальныя гульні прыраўнялі да масавых мерапрыемстваў: арганізатарам цяпер неабходна загадзя атрымліваць дазволы, праз што частку жнівеньскіх квізаў давялося адмяніць або прыпыніць. У Віцебскай вобласці пракуратура асобна папярэджвае жыхароў пра адказнасць за выказванні ў Threads.

Ціск працягваецца і пасля вызвалення або выезду чалавека з краіны. У Віцебску арыштавалі частку кватэры Паўла Севярынца, а маёмасць былога палітвязня і ксяндза Генрыха Акалатовіча працягваюць прадаваць з аўкцыёнаў. У Гродне паўторна спрабуюць прадаць кватэру былога следчага Ігара Лобана, асуджанага завочна на 12 гадоў.

У калоніях пры гэтым працягваюцца жорсткія спагнанні: палітвязня Іллю Верамеева другі раз за два месяцы змясцілі ў ШІЗА, Глеб Рыбчанка тройчы трапляў у штрафны ізалятар, а Алена Лазарчык зноў была пераведзеная ў ПКТ.

Такім чынам, рэгіянальная карціна паказвае не паслабленне, а далейшае пашырэнне рэпрэсіўнай сістэмы: яна адначасова пераследуе людзей за палітычную пазіцыю і дапамогу іншым, кантралюе інтэрнэт і культуру, абмяжоўвае грамадскую актыўнасць, цісне на палітвязняў у месцах зняволення і працягвае пераследваць тых, хто выехаў з Беларусі.

Telegram-бот Dissidentby прызналі «экстрэмісцкім»

Міністэрства інфармацыі 31 жніўня абнавіла спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

У пералік трапілі акаўнты ў Facebook Kaciaryna Vadanosava, «Алесь Карніенка», «Алег Драба», «Ігар Круглеў» і суполка «Выборы Беларусь».

Таксама ў спіс унеслі Telegram-каналы Aryan Renaissance, Spadar Siarzhuk, nn_editor, Alex Grape і Max Grape, у тым ліку канал выдання «Наша Ніва».

«Экстрэмісцкімі» прызналі Telegram-боты «Dissidentby.com — помощь политзаключенным» і Alexander.Friedman_bot.

У Instagram у спіс трапілі акаўнты hierascanka і «1000belarus», а таксама сайт «ТАКТ тактично о главном» — tactum.io.

Улады працягваюць прадаваць маёмасць людзей, якіх пераследуюць

У Гродне паўторна выставілі на аўкцыён трохпакаёвую кватэру былога следчага і ўдзельніка ініцыятывы BYPOL Ігара Лобана. Пра гэта паведамляе «Белсат».

Кватэра плошчай 68,3 квадратнага метра знаходзіцца на Індурскай шашы. У ёй зарэгістраваныя пяць чалавек, двое з іх — непаўналетнія. На нерухомасць накладзены арышт і забарона на рэгістрацыйныя дзеянні.

На новым аўкцыёне пачатковы кошт зніжаны да 152 тысяч рублёў. Папярэдняя спроба прадаць кватэру за 190 тысяч рублёў не адбылася праз адсутнасць пакупнікоў.

Тым часам улады працягваюць прадаваць маёмасць былога палітвязня і ксяндза Генрыха Акалатовіча. На аўкцыёне ўпершыню з'явіўся мінівэн Volkswagen Transporter 2007 года выпуску, які належыць Акалатовічу, заўважыла Хрысціянская Візія. Аўкцыён па яго продажы прызначаны на 15 верасня.

Раней улады ўжо прадалі з аўкцыёнаў іншы аўтамабіль Акалатовіча і чатыры царкоўныя абразы.

Валожынскі ксёндз Генрых Акалатовіч быў затрыманы напрыканцы 2023 года. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і асудзілі на 11 гадоў калоніі. У лістападзе 2025 года Акалатовіч выйшаў на волю пасля «памілавання», пасля чаго, нягледзячы на беларускае грамадзянства, яго выслалі за мяжу.