У Беларусі ліквідавалі лютэранскае аб’яднанне. Хронікі рэпрэсій 28 жніўня
Віцебскі абласны суд ліквідаваў рэспубліканскае аб’яднанне Евангеліцка-лютэранскай царквы, якое існавала больш за 25 гадоў. У Мінску вынеслі прысуд Яраміру Пуціцкаму — сыну былога кіраўніка Рэчыцкай філіі «Вясны», якога, верагодна, пераследуюць у межах справы «Беларускага Гаюна». Следчы камітэт пачаў новыя спецыяльныя вытворчасці, а ў «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек.

У Віцебску ліквідавалі рэспубліканскае аб’яднанне лютэран
26 жніўня Віцебскі абласны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Рэлігійнага аб’яднання Евангеліцка-лютэранскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, паведаміла «Віцебская вясна». З такой заявай звярнуўся Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў: арганізацыя не прайшла абавязковую перарэгістрацыю.
Прадстаўнікі бакоў папрасілі разгледзець справу без іх удзелу. Паводле парафіяніна, які прыйшоў у суд, суддзя зачытала заяву дзяржаўнага органа, але не агучыла пісьмовыя пярэчанні кіраўніцтва царквы, адзначыўшы толькі, што яны складзеныя па-беларуску.
Аб’яднанне было зарэгістравана ў Віцебску 8 студзеня 2001 года. Яго ўзначальваў (выконвае абавязкі біскупа) Кастусь Мардзвінцаў — незалежны журналіст, грамадскі актывіст і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, які зазнаваў адміністрацыйны пераслед і, паводле наяўнай інфармацыі, цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі.
Мардзвінцаў патлумачыў, што царква не адмаўлялася ад легальнага статусу, але яе супольнасці не змаглі выканаць новыя патрабаванні да колькасці заснавальнікаў, юрыдычных адрасоў і раскрыцця персанальных звестак вернікаў.
Структуру Мардзвінцава ўлады і раней фактычна ігнаравалі: на афіцыйныя міжканфесійныя мерапрыемствы ў якасці прадстаўніка лютэран запрашалі пастара Уладзіміра Татарнікава. Таму ліквідацыю аб’яднання можна разглядаць не толькі як вынік новых патрабаванняў, але і ў шырэйшым кантэксце пераследу іншадумцаў.
Пры гэтым у Беларусі працягваюць існаваць іншыя лютэранскія супольнасці, якія не ўваходзілі ў структуру Мардзвінцава.
Сына былога праваабаронцы з Рэчыцы асудзілі, верагодна, у «справе Гаюна»
У Мінскім гарадскім судзе вынесены палітычна матываваны прысуд Яраміру Пуціцкаму. Яго прызналі вінаватым у так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.
Яраміру прызначылі 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, паведамляе Гомельская Вясна.
Фармальную падставу для рэпрэсій у выглядзе ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК улады апошні год найчасцей выкарыстоўваюць у гучнай справе маніторынгавага Telegram-канала «Беларускі Гаю́н». Канал адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Шмат якія беларусы паведамлялі каналу інфармацыю пра перасоўванне расійскіх вайскоўцаў тэрыторыяй Беларусі, каб дапамагчы суседняй краіне ўратавацца ад расійскіх акупантаў.
Пераследам за перадачу інфармацыі каналу «Беларускі Гаю́н» улады Беларусі груба парушаюць права на пошук, атрыманне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Ярамір Пуціцкі — сын колішняга кіраўніка Рэчыцкай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валера Пуціцкага. Ён скончыў БДУіР і застаўся жыць і працаваць у Мінску. Валер Пуціцкі пасля ўзмацнення рэпрэсій супраць нязгодных з дзеяннямі беларускіх уладаў мусіў адысці ад праваабарончай дзейнасці.
Беларуса завочна будуць судзіць за замах на забойства супрацоўнікаў МУС
Следчы камітэт Беларусі 28 жніўня паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да беларуса Яўгена Разумко.
Яму інкрымінуюць удзел у масавых беспарадках з непасрэдным ужываннем гвалту, а таксама замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку.
Яўгена запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва ўпраўленне Следчага камітэту па Мінску.
Спецвытворчасць распачалі таксама ў дачыненні да Вячаслава Касінерава і Марыны Касінеравай.
Вячаслава абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «распальванні сацыяльнай варожасці», «распаўсюдзе ілжывых звестак» пра Беларусь, «публічнай абразе прэзідэнта Беларусі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Марыну абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «паўторным стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «распальванні сацыяльнай варожасці», «распаўсюдзе заведама ілжывых звестак» пра Беларусь, «публічнай абразе прэзідэнта Беларусі», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «паўторным садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек
28 жніўня МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод новых фігурантаў — грамадзянін Літвы Дэвід Мядзведзеў (Дэвідас Станулявічус).
Таксама ў пераліку з'явіліся Мікіта Кузікаў, Дзмітрый Зобачаў, Дзмітрый Кардаш, Мікалай Раманоўскі, Мікіта Міхадзюк, Ярамір Пуціцкі, Святлана Дзяўдэра, Віктар Гурын, Андрэй Кузянкоў, Жанна Каваленка і Дзяніс Надтачэеў.
Такім чынам, пасля папаўнення ў «спісе экстрэмістаў» цяпер 6836 чалавек.
Акаўнты Навальнага і рэдакцыйныя рэсурсы «Медыязоны Беларусь» і «Салідарнасці» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». На гэты раз у яго трапілі:
- Telegram-каналы: «Навальный», «Команда Навального», «ТрусЫ Навального», «Шрайк», «Хайсы — Віцебскія Курапаты»;
- Telegram-боты і акаўнты рэдакцый: «Рэдакцыя Медыязоны Беларусь», «Редакция NEXTA», «Реклама NEXTA 2», «Салідарнасць — сувязь з рэдакцыяй» (а таксама яго лагатып);
- Instagram-акаўнты: «navalny» (Аляксей Навальны), «centr_kola»;
- Старонкі «ВКонтакте»: суполка «Хайсы — Віцебскія Курапаты», акаўнт «centrkola»;
- Старонка ў «Одноклассниках»: суполка «Хайсы — Віцебскія Курапаты»;
- Сайты і іншыя рэсурсы: сайт «Цэнтр Кола» (centrkola).