Пераслед ЕГУ выйшаў за межы Беларусі. Хронікі рэпрэсій 1 верасня
Беларускія ўлады ўзмацняюць ціск на студэнтаў і іншых прадстаўнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, пераследуючы таксама іх сваякоў у Беларусі. Былы палітвязень Аляксей Раманаў стаў фігурантам расейскага вышуку, а жыхара Наваполацка асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі.

Amnesty International: беларускія ўлады ўзмацняюць ціск на студэнтаў ЕГУ і іх сваякоў
Беларускія ўлады ўзмацняюць ціск на людзей, звязаных з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ), які пасля вымушанага пераезду з Беларусі працуе ў Вільнюсе. Пераслед закранае не толькі студэнтаў і іншых прадстаўнікоў універсітэта, якія знаходзяцца за мяжой, але і іх сваякоў у Беларусі. Пра гэта заявіла праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
Паводле дырэктаркі Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс, з пачаткам новага навучальнага года кампанія беларускіх уладаў супраць ЕГУ набыла новы трывожны характар.
«Узмацніўся наступ на права на адукацыю, свабоду выказвання меркаванняў і акадэмічную свабоду», — адзначыла дырэктарка Amnesty International.
Паводле праваабаронцаў, апошнім часам паступае ўсё больш паведамленняў пра ператрусы, допыты, затрыманні і пагрозы ў Беларусі. У некаторых выпадках ціск аказваецца на сваякоў студэнтаў: ад іх патрабуюць, каб яны пераканалі сваіх блізкіх спыніць навучанне ў ЕГУ і вярнуцца ў Беларусь.
Былаго палітвязня Аляксея Раманава абвясцілі ў расейскі вышук
55-гадовага былога палітвязня і актывіста з Гомеля Аляксея Раманава змясцілі ў базу вышуку МУС Расіі. Падставай пазначаная «крымінальная справа», аднак канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса ў базе не ўказаны.
Аляксей Раманаў распавёў «Вясне» падрабязнасці свайго трансгранічнага пераследу.
«15 траўня да мяне дадому ўварваліся трое супрацоўнікаў. Я размаўляў з адным з іх па тэлефоне. Ён мне сказаў, што супраць мяне ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і яшчэ па нейкім артыкуле. У мяне правялі ператрус, дапыталі маю сваячку», — распавёў ён.
Паводле Раманава, пераслед звязаны, у тым ліку, з яго інтэрв'ю і дапамогай палітвязням.
За абразу Лукашэнкі асудзілі 49-гадовага жыхара Наваполацка
49-гадовага жыхара Наваполацка асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» — абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Мужчыну затрымалі некалькі месяцаў таму і змясцілі ў віцебскі СІЗА-2. Пра гэта паведаміла «Віцебская Вясна». Што канкрэтна яму ставілі ў віну, пакуль невядома.
Паводле звестак праваабаронцаў, да арышту мужчына працаваў на Наваполацкім заводзе тэхналагічных канструкцый і лічыўся адным з найлепшых слесараў. 30 траўня мінулага года ён заняў другое месца ў прафесійных спаборніцтвах.
У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ аднаго беларуса
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго дадалі Міраслава Бандарэнку, 1998 года нараджэння.
Падставай для ўключэння ў пералік стаў прысуд суда аб прызнанні яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» налічваецца 1470 чалавек, з якіх 719 — грамадзяне Беларусі.