МУС назвала пяць чалавек, якіх лічыць датычнымі да «Наш Дом». Хронікі рэпрэсій 3 верасня

Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць людзей за палітычную і грамадскую дзейнасць. МУС назвала пяць чалавек, якіх лічыць датычнымі да «экстрэмісцкага фармавання» «Наш Дом», 24-гадовага жыхара Асіповічаў асудзілі паводле палітычнага артыкула, а былы палітвязень распавёў, як сілавік прапаноўваў яму паехаць на вайну ва Украіне.

1_1097_1.png

МУС назвала пяць чалавек, якіх лічыць датычнымі да «Наш Дом»

МУС Беларусі апублікавала імёны пяці чалавек, якіх лічыць датычнымі да «экстрэмісцкага фармавання» «Наш Дом». У спісе з'явіліся Вольга Карач, Сяргей Спарыш, Вячаслаў Андрэеў, Кацярына Мамінава і Вікторыя Лайкова.

Адпаведнае рашэнне КДБ было прынята 1 верасня. 

Грамадскую кампанію «Наш Дом» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» 4 траўня 2022 года. Раней прозвішчы людзей, якіх МУС лічыць датычнымі да фармавання, у спісе не ўказваліся.

Былому палітвязню пасля вызвалення сілавік прапанаваў адправіцца на вайну ва Украіне

Пасля поўнага адбыцця пакарання выпрабаванні для Сяргея (імя змененае ў мэтах бяспекі) не скончыліся. Мужчына вызваліўся летам 2026 года і адразу адчуў, што сістэма працягвае на яго ціснуць, піша «Вясна».

Пасля вызвалення Сяргей павінен быў стаць на ўлік у РУУС. Там яму запатрабавалі тэрмінова ўладкавацца на працу. Пакуль ён гэтага не зробіць, яму давялося б штодня прыязджаць у РУУС і адзначацца.

Аднак інспектар прапанаваў яму нечаканы «выхад» з сітуацыі — паехаць на вайну ва Украіне.

«Глядзі, тады ў цябе застаецца толькі адзін варыянт. Трэба ехаць на СВА. Вось у нас ужо трое паехала такіх, як ты, палітычных, якія ў “спісах тэрарыстаў”. Праўда, толькі адзін вярнуўся, але прывёз з сабой 40 тысяч даляраў. Разумееш, якія багацці там?»

Сяргей адказаў, што гэта найміцтва і за яго прадугледжаная крымінальная адказнасць. Але інспектар запэўніваў, што ў выпадку ўдзелу ў вайне ўсё можна будзе «вырашыць».

24-гадовага жыхара Асіповічаў асудзілі паводле палітычнага артыкула

Судовы працэс над Мікітам Міхадзюком прайшоў у Мінскім гарадскім судзе. На гэта звярнула ўвагу «Наша Ніва».

Хлопца прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — «замах на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Мікіту, верагодна, прысудзілі «хатнюю хімію».

BELPOL і некалькі друкаваных выданняў дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». На гэты раз у яго трапілі:

— акаўнт у X (Twitter) «BELPOL»;

— TikTok-акаўнт «pawka»;

— кнігі і друкаваныя выданні на kamunikat.org: «Вяртанне на Радзіму: вершы, пераклады, зацемкі» і «Нябесны лён».