У Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ 16 чалавек. Хронікі рэпрэсій 27 жніўня

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 16 беларусаў, якіх пераследуюць за ўзаемадзеянне з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і выказванне меркаванняў. «Вясна» таксама падлічыла: толькі за чэрвень і ліпень у «спіс экстрэмістаў» дадалі 161 чалавека, а ў жніўні — яшчэ як мінімум 13. 

1_1097_1.png

Яшчэ 16 беларусаў прызналі палітвязнямі

27 жніўня прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі выступілі з заявай, у якой прызналі палітзняволенымі яшчэ 16 чалавек.

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады з таго часу выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій, адзначаецца ў заяве.

Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і яе палітыцы, падтрымліваюць антываенны курс і фармуюць антываенную грамадскую думку.

Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае рэжыму шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспондэнтаў, а таксама за ўсе формы падтрымкі такіх суб’ектаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.

Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі, у сувязі з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў Алены Аршанскай, Рамана Басалая, Максіма Бялькевіча, Віктара Гурына, Дзмітрыя Замірава, Максіма Купрэйчыка, Вікторыі Леўкоўскай, Валерыя Мельнікава, Ларысы Новікавай, Андрэя Слесарэнкі, Генадзя Тарынскага, Юрыя Філаменкі, Паліны Фраловай, Аляксандра Чуковіча, Вадзіма Жэрабілава і Дзяніса Голубева.

Праваабаронцы прызналі названых асобаў палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» і патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць іх, а таксама ўсіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

За лета ў «спіс экстрэмістаў» дадалі не менш за 174 чалавекі

Летам 2026 года беларускія ўлады працягнулі папаўняць «спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Толькі за чэрвень і ліпень у яго дадалі 161 чалавека, у жніўні — яшчэ як мінімум 13. Такім чынам, за тры летнія месяцы ў пералік трапілі не менш за 174 чалавекі, паведамляе Вясна.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Паўла Сапелкі, падстаў казаць пра змякчэнне рэпрэсій няма. Ён звяртае ўвагу, што адным з асноўных інструментаў пераследу застаецца арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Толькі з пачатку 2026 года ў «спіс экстрэмістаў» дадалі 462 чалавекі, асуджаных паводле гэтага артыкула.

Працягваецца і пераслед паводле «пратэсных» і дыфамацыйных артыкулаў — у тым ліку за падзеі 2020 года, «абразу прадстаўніка ўлады», «абразу Лукашэнкі» і «распальванне варожасці».

На 21 жніўня ў «спісе экстрэмістаў» было ўжо 6824 чалавекі.

«Няма падстаў казаць пра змягчэнне рэпрэсій і вяртанне да прававой дзяржавы», — адзначае Сапелка.

У «экстрэмісцкія матэрыялы» дадалі акаўнт украінскага дыпламата, песню ЛСП і аб'явы Познані

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Вясна». На гэты раз у яго трапілі:

  •  Telegram-каналы: «Доска объявлений (Poznań) | Барахолка», «ДАР Волонтёры Польша», «Боец Анархист (резерв)», «Атолино новости», «непогрешимый» (а таксама яго лагатып);
  •  Telegram-боты: «Admin_post_bot», «Связь с ДАР», «BR_bot», «BO_AK_feedback», «Бот для связи - Antijob.net», «Бот с отзывами о работе - Antijob.net», «Atolino bot»;
  •  Instagram-акаўнты: «iaroslav_chornogor» (Яраслаў Чарнагор), «maldzis.world» (MALDZIS), «vasilkov»;
  •  TikTok-акаўнт: «@igor_deiss»;
  •  Threads-старонка: «Vitalio Vitalini»;
  •  Аўдыёзапіс: песня «Номера» гурта «ЛСП».

Сёння пачынаецца завочны суд над Вячаславам Русіным

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска пачынае разгляд крымінальнай справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Вячаслава Русіна.

41-гадоваму Вячаславу інкрымінаваны арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).