Рэгістрацыю новых НКА будзе ўзгадняць КДБ. Хронікі рэпрэсій 25 жніўня
У Беларусі ўзмацняюць кантроль за грамадзянскай супольнасцю: з ліпеня 2027 года рэгістрацыю новых прыватных устаноў і асацыяцый будуць узгадняць з КДБ. Палітвязень Глеб Рыбчанка ўжо тройчы трапляў у ШІЗА, а яго лісты не даходзяць да родных. Тым часам у склад «экстрэмісцкага фармавання» «Позірк» дадалі яшчэ пяць чалавек, а YouTube-канал «Беларусаў свету» прызналі «экстрэмісцкім».

Рэгістрацыю новых НКА ад 2027 года будуць узгадняць з КДБ
З 1 ліпеня 2027 года ў Беларусі ўводзіцца новы парадак рэгістрацыі некаторых некамерцыйных арганізацый: заснавальнікаў прыватных устаноў і членаў асацыяцый (саюзаў) будуць правяраць у КДБ, піша «Вясна».
Гэта прадугледжвае новы Закон «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання», прыняты 1 чэрвеня 2026 года. Закон набудзе моц 1 ліпеня 2027 года.
Паводле новых правілаў, рэгіструючы орган будзе накіроўваць у КДБ запыт аб наяўнасці падстаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі прыватнай установы або асацыяцыі (саюза). Адмовіць у рэгістрацыі могуць, калі КДБ паведаміць, што дзейнасць уласніка прыватнай установы або члена асацыяцыі стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Новы парадак датычыцца дзвюх арганізацыйна-прававых формаў НКА:
прыватных устаноў — некамерцыйных арганізацый, якія могуць стварацца фізічнымі або юрыдычнымі асобамі, у тым ліку замежнымі;
асацыяцый (саюзаў) — аб'яднанняў юрыдычных асобаў і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў для каардынацыі дзейнасці альбо прадстаўлення і абароны агульных інтарэсаў.
Пры гэтым новы механізм не прадугледжвае перарэгістрацыі ўжо створаных прыватных устаноў і асацыяцый.
Паводле Lawtrend, у 2021–2025 гадах у Беларусі былі зарэгістраваныя 136 новых прыватных устаноў, 36 новых фондаў і 106 новых грамадскіх аб'яднанняў. Раней форма прыватнай установы выкарыстоўвалася некаторымі праваабарончымі і іншымі незалежнымі ініцыятывамі як спосаб легальна працаваць ва ўмовах жорсткага кантролю за рэгістрацыяй грамадскіх аб'яднанняў.
У выніку новага парадку стварэнне такіх арганізацый будзе залежаць не толькі ад адпаведнасці дакументаў патрабаванням закона, але і ад ацэнкі КДБ адносна заснавальнікаў або членаў арганізацыі.
Праваабаронцы і эксперты Lawtrend адзначаюць, што новы механізм можа яшчэ больш звузіць прастору для дзейнасці грамадзянскай супольнасці. Яны таксама лічаць, што праверка заснавальнікаў спецслужбамі не адпавядае міжнародным стандартам свабоды асацыяцый, у тым ліку артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Палітвязень тройчы трапляў у ШІЗА: у калоніі на яго аказваюць ціск
Палітвязень Глеб Рыбчанка, які з 2026 года адбывае 14-гадовы тэрмін у папраўчай калоніі №1 у Наваполацку, ужо тройчы трапляў у штрафны ізалятар. Таксама была спроба накіраваць яго ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя калоніі стварае яму праблемы, верагодна, праз выкарыстанне беларускай мовы.
Асобна звяртаецца ўвага на сітуацыю з лістамі: карэспандэнцыя ад Глеба не даходзіць да родных і блізкіх. Таксама палітвязень абмежаваны ў атрыманні пасылак, спатканнях і тэлефонных званках. Фактычна ён апынуўся ў калоніі без падтрымкі.
Праблемы з перапіскай суправаджалі палітвязня і раней. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА №1 у Пашковічах і ў Гродзенскай турме №1. Паведамлялася, што лісты адтуль таксама не даходзілі, а сувязь з вонкавым светам фактычна адсутнічала.
У склад «экстрэмісцкага фармавання» «Позірк» дадалі яшчэ пяць чалавек
У склад «экстрэмісцкага фармавання» «Позірк» дадалі яшчэ пяць чалавек. У спісе з'явіліся Руслан Бацянкоў, Вольга Быкоўская, Захар Шчарбакоў, Аляксандр Янусік і Арцём Лява.
Адпаведнае рашэнне КДБ было прынята 19 жніўня. У ім гаворыцца пра «прызнанне групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забарону яго дзейнасці».
Нагадаем, інфармацыйнае агенцтва «Позірк» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» 19 снежня 2024 года. Раней у яго склад уключылі Таццяну Каравянкову, Рамана Кісляка, Пятра Рудкоўскага, Аляксандра Фрыдмана і Аляксандра Класкоўскага.
YouTube-канал «Беларусаў свету» прызналі «экстрэмісцкім»
Міністэрства інфармацыі дадало YouTube-канал «belarusworld» («Беларусаў свету») у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 21 жніўня.