Палітвязень выйшаў на волю з трафічнай язвай, новы пераслед за каментар. Хронікі рэпрэсій 24 жніўня

 Палітвязень і журналіст Яўген Глушкоў выйшаў на волю пасля адбыцця тэрміну і адразу быў шпіталізаваны з трафічнай язвай на назе. Былы палітвязень Сяргей Іванцоў распавёў пра збіццё ў РАУС і катаванні ў калоніі. У Лёзна супраць 42-гадовага мужчыны распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады ў каментары да публікацыі раённай газеты.

1_1097_1.png

Палітвязень Яўген Глушкоў выйшаў на волю з трафічнай язвай на назе і быў шпіталізаваны

Магілёўскі журналіст і палітвязень Яўген Глушкоў выйшаў на волю пасля адбыцця тэрміну. Пра гэта паведамляе «Позірк».

57-гадовага мужчыну адразу пасля вяртання ў Магілёў шпіталізавалі. У яго дыягнаставалі трафічную язву. Як паведамляе выданне, незадоўга да вызвалення Глушкоў таксама знаходзіўся ў бальніцы.

Нагадаем, Глушкова затрымалі 5 студзеня 2024 года. Мужчыну інкрымінавалі «ўдзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважання дзяржавай», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Былы палітвязень распавёў пра збіццё ў РАУС і катаванні ў калоніі

Былы палітвязень Сяргей Іванцоў распавёў праваабаронцам «Вясны» пра жорсткае збіццё пасля затрымання і ўмовы ўтрымання ў калоніях.

Паводле яго словаў, пасля затрымання супрацоўнікі Першамайскага РАУС Мінска збівалі яго ў сутарэннях. Іванцоў сцвярджае, што яго білі нагамі і дубінкай, пакуль іншы супрацоўнік паралельна афармляў пратакол і задаваў стандартныя пытанні. Пасля збіцця яго спыталі, ці мае ён скаргі на дзеянні міліцыі.

«Ногі і азадак былі цалкам сінія, я дзён пяць не мог прысесці», — распавёў былы палітвязень.

Пазней Іванцоў адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17 і магілёўскай калоніі №15. Паводле яго, там яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, у тым ліку пасля размоў пра падзеі 2020 года. Агулам каля чатырох месяцаў ён правёў у адзіночнай камеры.

Сяргей Іванцоў быў асуджаны на чатыры гады калоніі паводле артыкулаў 342 і 361-4 КК. У снежні 2025 года яго вызвалілі ў межах памілавання і вывезлі з Беларусі.

Супраць жыхара Лёзна распачалі крымінальную справу за каментар у сацсетках раённай газеты

14 жніўня супраць беспрацоўнага 42-гадовага лёзненца была распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 КК РБ — «Абраза прадстаўніка ўлады». Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

Паводле следчых, мужчына негатыўна выказаўся на адрас намесніка пракурора Лёзненскага раёна — напісаў каментар «з выкарыстаннем грубай ненарматыўнай лексікі» да адной з публікацый на старонцы ў Instagram лёзненскай раёнкі «Сцяг перамогі».

У рэдакцыі каментар выдалілі і паскардзіліся ў міліцыю. Аўтар допісу затрыманы.