У Беларусі пераследуюць нават дзяцей. Хронікі рэпрэсій 26 жніўня
Беларускія ўлады замоўчваюць у справаздачы для ААН пераслед дзяцей паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Следчы камітэт пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Аляксандра Свірскага і Вадзіма Дубойскага. Актор і рэжысёр Васіль Калач трапіў у расейскі вышук па артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Улады Беларусі замоўчваюць пераслед дзяцей паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў
Беларусь падала ў Камітэт ААН па правах дзіцяці справаздачу пра выкананне Канвенцыі аб правах дзіцяці. Юрыст «Вясны» Павел Сапелка крытычна разабраў дакумент і адзначыў, што ўлады не паведамляюць пра шэраг праблем з правамі дзяцей.
У прыватнасці, беларускія ўлады сцвярджаюць, што заканадаўства забяспечвае абарону дзяцей ад дыскрымінацыі. Аднак, паводле Сапелкі, Беларусь фактычна праігнаравала рэкамендацыі Камітэта ААН па стварэнні ўсёабдымнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. «Дыскрымінацыя дзяцей паводле шэрагу прыкмет захоўваецца», — заявіў праваабаронца.
У дакладзе таксама гаворыцца, што непаўналетніх не заключаюць пад варту ў выпадку менш цяжкіх злачынстваў. Але з гэтага правіла ёсць выключэнне для тых, хто абвінавачваецца ў «злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці». Паводле Сапелкі, сёння гэта ў пераважнай большасці выпадкаў — пераслед паводле палітычных матываў.
Праваабаронца таксама звярнуў увагу на мілітарызацыю беларускай адукацыі, скарачэнне альтэрнатыўных формаў навучання і праблемы з адукацыяй на мовах нацыянальных меншасцяў. Паводле яго, распаўсюджваецца і практыка рамантызацыі расейскай ваеннай агрэсіі праз адукацыйныя і пазашкольныя мерапрыемствы.
Следчы камітэт пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Аляксандра Свірскага і Вадзіма Дубойскага
Следчы камітэт Беларусі 26 жніўня паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да двух беларусаў. У паведамленні СК названыя артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі, паводле якіх іх абвінавачваюць, а таксама адрасы, куды яны павінныя з'явіцца.
Аляксандра Свірскага абвінавачваюць у «падрыхтоўцы да злачынства і замаху на злачынства», «саўдзеле ў злачынстве», «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» і «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, сацыяльнай або іншай варожасці ці варажнечы».
Вадзіма Дубойскага абвінавачваюць у «масавых беспарадках». Раней ён ужо фігураваў у крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 293 КК за «ўдзел у масавых беспарадках». Паводле праваабаронцаў, пераслед быў звязаны з пратэстамі ў Брэсце пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Актор і рэжысёр Васіль Калач трапіў у расейскі вышук
Па артыкуле КК Беларусі з снежня 2025 года яго шукае УУС Гродзенскага аблвыканкама. Дадзеныя з'явіліся ў базе расейскага медыя SOTA, піша «Право имеют».
Васіль Калач — актор, рэжысёр, фехтавальшчык і папулярызатар гісторыі родам з Гродна. Яго затрымлівалі пасля сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у 2020 годзе. Пасля пратэстаў мужчына сышоў з тэатра і з'ехаў з Беларусі.