У Дзень катастрофы на АЭС— прэм’ера спектакля “Падобны да Стынга”
Прэм’ера спектакля “Падобны да Стынга” адбудзецца ў Мінскім абласным драмтэатры ў Дзень чарнобыльскай катастрофы, 26 красавіка. П’есу напісала кінадраматург Ірына Пісьменная. Летась на сусветным кангрэсе драматургаў у Стакгольме п’еса “Падобны да Стынга” заняла другое месца.
Макет дэкарацый да прэм’ернага спектакля “Падобны да Стынга”. Фота Настассі Роўды
Сюжэт: коратка і не вельмі ясна
— П’еса — пра духоўны Чарнобыль, — тлумачыць рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Мікалай Дзінаў.
Уявіце закінутую вёсачку ў чарнобыльскай зоне. Невялікую, як хутарок, дзе ўсяго пяць дамоў. Тут ніхто не жыве, акрамя пажылой жанчыны, якая даглядае за ўсімі хаткамі.
У гэта забытае Богам месца трапляе малады хлопец, які раней вучыўся на факультэце міжнароднай журналістыкі. У яго ўжо сапсаваны лёс. Ён толькі збег з турмы. І адзінае пачуццё, якое ў яго засталося, — гэта страх.
Жанчына паступова, праз вялікія пакуты, ставіць хлопца на ногі. А потым проста сыходзіць.
Я не называю гэта смерцю, — кажа спадар Мікалай. — Я называю гэта ўзнясеннем.
Хлопец адзін. Яму няма куды падзецца. Ён ужо гатовы накласці на сябе рукі, але падсвядомасць падказвае, што трэба жыць і змагацца. І ён падхоплівае эстафету той жанчыны і пачынае жыць яе жыццём.
Што хоча гэтым сказаць рэжысёр?
— У п’есе для мяне існуюць два паняцці: каханне і страх, — працягвае спадар Мікалай. — Гэта не цялеснае каханне, ні ў якім разе. Не люблю гэтае слова, але скажу: гэта нешта сакральнае.
Спадар Мікалай прыгадаў словы польскага пісьменніка Станіслава Ежы Лец: “Калі я зваліўся на самае дно, знізу пастукалі”.
У пастаноўцы “Падобны да Стынга” той ратавальны стук пачуў маладзён ад адзінокай жанчыны.
— Падаюць многія, — працягвае Мікалай Дзінаў, — а вось падняцца могуць не ўсе. І трэба сказаць дзякуй таму, хто дапамагае ўстаць на ногі.
І пры чым тут Чарнобыль?
— У спектаклі паказваюцца ўспаміны пра чарнобыльскую катастрофу. Хлопец забіў чалавека, каб выратаваць жанчыну. На яго ж павесілі двайное забойства ды яшчэ і згвалтаванне. І ён уляцеў па самую катушку, бо ў турмах саміх гвалтаўнікоў гвалцяць. З-за гэтага і збег.
З чаго раптам “Падобны да Стынга”?
— Вы ведаеце, што Стынг — гэта псеўданім спевака? — пытаецца спадар Мікалай. — На англійскай — гэта вельмі ёмкае. З аднаго боку, яно азначае “прычыняць боль, джаліць, кусаць”, а з іншага — “цярпець боль і трываць пакуты”.
Хто ў галоўных ролях?
Адзінокую жанчыну іграе Ірына Кляпацкая. А хлопца — Аляксей Карпец.
— Ёсць у мяне яшчэ выдатная пяцёрка акцёраў, якія іграюць падсвядомасць, — дадае Мікалай Дзінаў. — Яны ўрываюцца, часам нават супраць волі герояў.
Ці падрыхтаваная публіка?
— Публіка не падрыхтаваная. Але ў маёй практыцы былі дзівосныя рэчы. Некалі здарыўся проста фенаменальны выпадак. Я нават да цяперашняга часу не магу патлумачыць яго прычыны. Пасля складанага філасофскага спектакля падыходзіць да мяне просты чалавек, мужык. Слёзы ў яго цякуць. Я пытаюся, што здарылася, а ён бярэ маю руку, цалуе і кажа: “Дзякуй”.
Рэжысёр пра сябе
У маладзечанскім тэатры Мікалай Дзінаў працуе шосты месяц. “Падобны да Стынга” — яго другая пастаноўка ў Маладзечне.
— Сёлета ў верасні будзе 55 гадоў, як я ўпершыню прыйшоў у тэатр. І цяпер пакутліва жадаю ў ім разабрацца. Мяне ўражваюць людзі, якія маюць маленькі досвед тэатральнага жыцця, але ўсё знаюць.
Я не ведаю, што атрымаецца. Геніяльную для мяне фразу сказаў Яўген Вахтангаў: “Адзіны рэалізм, які я прызнаю, гэта фантастычны рэалізм. Што і ёсць тэатр”.
Фота Настассі Роўды