Павал Давыдзенка: «У чарнобыльскіх інвалідаў адбіраюць нават кульбакі»
Сёлета Паўла Давыдзенку, чарнобыльскага інваліда з Парычаў, выклікалі ў Светлагорскі шпіталь на выязную медычную камісію, каб спраўдзіць, што яму патрэбна кульбака і артапедычны абутак. Раней лекары прызнавалі, што гэты просты рыштунак 72-гадоваму чарнобыльцу яшчэ як патрэбны. І тут — перакамісія.
Павал Давыдзенка
«Хірург-кастапраў кажа мне: „Разувайся“. Я разуўся. Ён мне: „Бач, у яго і ногці абрэзаны, і ногі чыстыя“. Потым узяўся за ногі: „Дык яны яшчэ й цёплыя!“ Яны яшчэ цёплыя, то ўжо няма табе ні кульбакі й анічога. Разумееце, што ён сказаў? І не далі. Ну, калі цёплыя, то, мусіць, трэба, каб халодныя былі, каб ужо ў труне ляжаў», — распавядае Павал Давыдзенка.
Чарнобылец не здаўся, вярнуўся ў Парычы, знайшоў дома ранейшыя медычныя даведкі — і пайшоў да мясцовых лекараў:
«Падняў тыя дакументы, якія мне выпісвалі. Пытаюся: можа, у мяне за васямнаццаць гадоў другія рукі ці ногі выраслі? І запатрабаваў, каб яны выпісалі мне даведку на кульбакі з падлокцевай апораю. Лекар мне напісаў, і недзе праз тыдзень мне тыя кульбакі выслалі з Гомеля. А так не давалі — ужо ўсё. Калі ўжо адбіраюць мыліцы і кульбакі, то да чаго дакацілася гэтая краіна?»
Інвалід Чарнобылю кажа: кульбакі яму хоць і з нервамі, але ўсё ж удалося дамагчыся. З лекамі пашчасціла менш. Выпісаў лекар імпартны прэпарат ад сэрца, але бясплатна яго не далі:
«Рэцэпт яны забралі і сказалі, што будуць вырашаць, каб памяняць лекі на беларускія. Рэцэпт выпісаны, а ў аптэцы іх не даюць. Я пытаюся: як жа так, рэцэпт выпісаны? Яны: «Значыць, трэба пакараць таго лекара, які выпісаў». Кажу: кансыліюм быў, не адзін жа лекар выпісваў, што мне сапраўды патрэбныя такія лекі. У адказ: «Нічога не ведаем — указ прэзідэнта, толькі беларускія — ніякіх імпартных».
Павал Давыдзенка нарадзіўся ў 1940 годзе ў Жлобінскім раёне. Так значыцца ў дакументах. Насамрэч ён старэйшы гады на тры — узрост запісалі «на вока». У вайну зазнаў дзіцячы канцлагер у Чырвоным Беразе а жыццё ў лесе на акупаванай тэрыторыі.
Служыў у войску на Поўначы, дзе набыў прафесію кіроўцы. Працаваў у Светлагорскай аўтакалоне Гомельскага аблспажыўсаюзу.
Калі ў 1986 годзе ўзарваўся чацьвёрты блок Чарнобыльскай АЭС, Паўла Давыдзенку як кіроўцу спажывецкае таварыства пасылала ў заражаныя радыяцыяй раёны вывозіць з крамаў у адселеных вёсках тавары і маёмасць. Перыядычна ездзіў у «зону» яшчэ і ў 1987 годзе. Праз тое і займеў праблемы са здароўем.
Давыдзенка мусіў зрабіць багата высілкаў, каб пацвердзіць сваю працу ў 30-кіламетровай зоне, і ў 1997 годзе дамагчыся статусу чарнобыльскага ліквідатара, а затым — інваліда Чарнобылю, і праз суды — адпаведнай пенсіі.