Дэмакратычныя сілы ствараюць Беларускі экалагічны камітэт

Прадстаўнікі палітычных партый, арганізацый, няўрадавых арганізацый і рухаў, якія сабраліся 19 красавіка ў офісе Партыі БНФ для абмеркавання найбольш вострых для Беларусі экалагічных праблем, аб'явілі аб стварэнні Беларускага экалагічнага камітэта.



e7603b81cea72d1dce6aed9bbb2ca1e9.jpg

Наша задача — экалагічнае адраджэнне Беларусі

Сустрэча прайшла ў рамках першага круглага стала "Чарнобыль. Астравец. Эвалюцыя катастрофы", арганізаванага аргкамітэтам "Чарнобыльскага шляху — 2013".

Палітыкі і грамадскія дзеячы абмеркавалі разам з эколагамі і экспертамі экалагічныя праграмы і пазіцыю сваіх партый. Найбольш вострым для Беларусі, на думку прысутных, з'яўляецца пытанне змякчэння наступстваў аварыі на ЧАЭС і будаўніцтва Астравецкай АЭС, якое ажыццяўляецца з парушэннямі заканадаўства, будаўнічых норм і без праектнай дакументацыі.

Прадстаўнікі дэмсіл і эколагі згадалі таксама пра размяшчэнне ў краіне экалагічна небяспечных вытворчасцяў, знішчэнне зялёных зон, распрацоўку тарфянікаў на асабліва ахоўваемых тэрыторыях і многія іншыя. Асобна ўдзельнікі адзначылі паўсямеснае парушэнне заканадаўства і змякчэнне экалагічных законаў.
 

Беларускі экалагічны камітэт задуманы не як арганізацыя, а як адкрытая пляцоўка, якая дзейнічае пастаянна, дзе прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый, мясцовых ініцыятыў, эколагі і эксперты змогуць абмяркоўваць наспелыя экалагічныя праблемы і знаходзіць шляхі іх вырашэння.
 

"Наша задача — экалагічнае адраджэнне Беларусі, і гэта павінна стаць нацыянальнай ідэяй беларусаў", — заявіў прадстаўнік "Еўрапейскай Беларусі", адзін з ініцыятараў стварэння экалагічнага камітэта Віктар Івашкевіч.
 

На думку сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага, у экалагічнага камітэта павінна быць стратэгія, праграма дзеянняў для змянення экалагічнай сітуацыі ў бліжэйшай і доўгатэрміновай перспектыве.
 

"Экалагічны камітэт дазволіць дзейнічаць разам, і гэта павялічыць нашы шанцы дабіцца вырашэння тых ці іншых вострых пытанняў. Апрача таго, пляцоўка дасць магчымасць атрымліваць усім яе ўдзельнікам своечасовую інфармацыю аб экалагічных праблемах і спосабах іх вырашэння", — мяркуе грамадскі эколаг, каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.
 

У камітэт увайшлі прадстаўнікі "Еўрапейскай Беларусі", "Беларускага руху", Беларускай антыядзернай кампаніі, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", БСДП "Грамада", кампаній "Гавары праўду!", "За справядлівыя выбары!", АГП і Партыі БНФ. Ініцыятары чакаюць, што з працы камітэта возьмуць удзел рэгіянальныя эколагі.