Лідары беларускай апазіцыі звярнуліся ў МЗС Літвы

19 красавіка літоўскі МЗС атрымаў сумесны зварот сямі беларускіх апазіцыйных сіл з нагоды нармалізацыі адносін Еўрасаюза і Беларусі.
 



126223.jpg

Фота — obzor.lt

Як паведамляе ru.delfi.lt, прадстаўнікі беларускай апазіцыі заявілі, што да нармалізацыі адносін паміж ЕС і афіцыйным Мінскам спачатку павінны выйсці на волю палітвязні, спынены пераслед дэмакратычных рухаў, праведзеныя сумленныя выбары і забяспечаная магчымасць збірацца ў незалежныя арганізацыі.

Аўтары дакумента аднадушна падтрымалі дыялог ЕС з беларускай грамадскасцю наконт мадэрнізацыі, спрошчаны парадак перамяшчэння грамадзян Беларусі ў Шэнгенскай зоне ды іншыя практычныя ініцыятывы.

Сумесную заяву падпісалі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ірына Вештард, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар аргкамітэта партыі БХД Віталь Рымашэўскі і лідар партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін.

Былы кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс лічыць неабходным, каб улады Літвы пачулі гэты адзіны мэсідж суседзяў. Ён заклікаў прадставіць беларускі зварот на паседжанні Савета па вонкавых справах ЕС у Брусэлі 22 красавіка.


euroradio.fm