БХД: Не адбірайце ў народа бясплатную медыцыну
Сёння ў "Палаце прадстаўнікоў" адмысловая камісія будзе разглядаць змены ў Закон аб ахове здароўя. Дадзенымі зменамі, у прыватнасці, прапануецца часткова пазбавіць грамадзян краіны права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты заяўляюць аб недапушчальнасці ўнясення зменаў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а менавіта: Артыкул 45. “Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання”.
Пазбаўленне грамадзян краіны права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне не толькі груба парушыць Канстытуцыю краіны, але і прывядзе да жабрацтва сем'яў з сярэднім і нізкім дастаткам, якія і
без таго не могуць забяспечыць сябе якасным медыцынскім абслугоўваннем.
Мы патрабуем спыніць спробы парушэння Канстытуцыі.
Мы патрабуем ад уладаў спыніць спойванне і абіранне беларускага народу, не парушаць нормы Канстытуцыі і зрабіць першасныя рэальныя неадкладныя крокі для барацьбы з алкагалізмам, а менавіта:
— Слабаалкагольныя напоі (цяпер яны часта прадаюцца ў гандлёвых залах разам са звычайнымі напоямі) і піва залічыць да алкагольных напояў;
— Цалкам забараніць рэкламу алкагольных напояў і фірмаў, якія маюць дачыненне да іх вырабу;
— Вярнуць некалі дзеючую забарону на продаж алкаголю асобам, якія не дасягнулі 21 года.
— Перанесці продаж алкагольных напояў з агульных гандлёвых залаў і прадаваць толькі ў спецыялізаваных крамах (альбо ў спецыялізаваных аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход у аддзел)
— Абмежаваць час продажу;
Гэтыя меры можна зрабіць хутка, без дадатковых выдаткаў. Яны мусяць стаць першымі рэальнымі крокамі ў барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва.
Дадатак: у Закон аб ахове здароўя Палата прадстаўнікоў мяркуюць прыняць наступны пункт: «Выдаткі на ўтрыманне ў дзяржаўных установах аховы здароўя асобы, якая прычыніла шкоду свайму
здароўю з прычыны невыканання агульнапрынятых умоў забеспячэння асабістай бяспекі, з прычыны знаходжання яго ў стане алкагольнага ап'янення, стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў,
псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, вырабляюцца за кошт сродкаў бюджэту, прадугледжаных на фінансаванне аховы здароўя, з наступным вяртаннем гэтых
выдаткаў названай асобай ... »
Крыніца - Прэсавая служба БХД