Расія перакідвае ўзбраенне ў Беларусь

У рамках праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы, якая пройдзе ў два этапы і завершыцца 20 лютага, на тэрыторыю Беларусі з Расіі будзе перабазіравана 12 самалётаў Су-35, два дывізіёны сістэм СПА С-400 і дывізіён зенітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С» , паведамляе ТАСС са спасылкай на намесніка міністра абароны РФ Аляксандра Фаміна.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Паводле яго слоў, першы этап праверкі — да 9 лютага. На гэты перыяд плануецца перадыслакацыя і стварэнне ў кароткія тэрміны груповак войск (сіл) на выдзеленых напрамках, арганізацыя аховы і абароны важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, ахова дзяржграніцы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы, у тым ліку ў рамках Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Беларусі і Расіі. Таксама будзе праверана гатоўнасць сіл СПА выканаць задачы па прыкрыцці важных аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі.
На гэтым этапе з падраздзяленнямі і воінскімі часцямі Усходняй ваеннай акругі і Узброеных сіл Беларусі будуць праведзены кантрольныя заняткі па агнявой падрыхтоўцы і іншых прадметах навучання, пройдуць тактычныя вучэнні на розных палігонах з адпрацоўкай пытанняў вядзення абароны і барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі.
Аляксандр Фамін падкрэсліў, што колькасць удзельнікаў вучэнняў, а таксама колькасць асноўных сістэм узбраення не перавышаюць параметры, вызначаныя Венскім дакументам 2011 года, якія падлягаюць апавяшчэнню.
Нагадаем, у лютым на тэрыторыі Беларусі маюць адбыцца сумесныя вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022». Мяркуецца, што вучэнні пройдуць з 10 да 20 лютага. Практычныя дзеянні запланаваны на палігонах «Абуз-Лясноўскі», «Асіповіцкі», «Брэсцкі», «Гожскі» і «Даманаўскі», а таксама на асобных участках мясцовасці. Плануецца задзейнічаць аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда, Мачулішчы.