Валерый Карбалевіч: Лукашэнка фарміруе мадэль абложанай крэпасці

Чыя рашучасць мае значэнне ў сумесных ваенных вучэннях Беларусі і Расіі.




castle_siege_overview.jpg

У лютым адначасова на заходніх і паўднёвых межах Беларусі пачнецца аператыўнае ваеннае вучэнне Беларусі і Расіі, якое атрымала назву «Саюзная рашучасць-2022». Цікавая дэталь: Аляксандр Лукашэнка анансаваў будучую кампанію як вучэнні на «беларускім балконе», на межах Саюзнай дзяржавы, нібыта ў адказ на нарошчванне ваеннага кантынгенту ля беларускіх межаў у Польшчы, краінах Балтыі і Украіне.

Што стаіць за бразганнем зброяй для нас, і ці можа эскалацыя агрэсіўнай рыторыкі перарасці ў рэальны ўзброены канфлікт?

— Да чаго бразганне зброяй, як раз зразумела: цяпер ідзе рэзкае абвастрэнне стасункаў паміж Расіяй і Захадам: Расія вылучае ультыматумы, фактычна пагражае вайной, і ў рамках такой палітыкі гэтыя вучэнні як раз добра ўпісваюцца ў расійскую стратэгію, — тлумачыць у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Валерый Карбалевіч. — А што тычыцца Беларусі, Лукашэнка «ўпісаўся» ў канфлікт Расіі з Захадам і канфлікт Расіі з Украінай, таму гучыць усё больш заяў аб вайсковай пагрозе з боку Украіны, а не толькі з боку Польшчы.

І чым больш Лукашэнка падтрымлівае Расію ў гэтым канфлікце, тым больш будзе расійская падтрымка —эканамічная, інфармацыйная, дыпламатычная, вайсковая — рэжыму ў Беларусі.

Абвастрэнне стасункаў з Захадам, зноў жа, сёння выгадна Лукашэнку — гэта дапамагае яму фарміраваць мадэль абложанай крэпасці, калі ўсё жыццё краіны перакладаецца на вайсковыя рэйкі, адбываецца мілітарызацыя грамадскага жыцця.

Узмацненне ролі сілавых структур, узмацненне палітычных рэпрэсій, неабходнасць аб'яднацца вакол правадыра — усё гэта выцякае з мадэлі абложанай крэпасці. А для таго, каб яе падтрымліваць, гэтыя вучэнні таксама ствараюць добры кантэкст — таму Лукашэнка іх з задавальненнем падтрымлівае.

Для беларусаў жа такая стратэгія рэжыму, які абрывае апошнія нітачкі стасункаў з Захадам, абгортваецца дрэнна, адзначае эксперт.

«Канфлікт з суседзямі, эканамічныя санкцыі, блакаванне развіцця Беларусі — чым больш умацоўваецца існуючы рэжым і яго ваяўнічая пастава ў адносінах да знешніх і ўнутраных ворагаў, тым горш для краіны», — канстатуе Валерый Карбалевіч.

Ці можа агрэсіўная рыторыка перарасці ў рэальны ўзброены канфлікт?

— Складана сказаць. Верагоднасць такая ёсць, — мяркуе Валер Карбалевіч. — Але гэта менш за ўсё залежыць ад Лукашэнкі і ягоных заяў. Не ён вызначае гэтую пагрозу, яе небяспеку; усё залежыць ад Расіі. А тое, наколькі Лукашэнка будзе займацца мілітарысцкай рыторыкай, мала на што ўплывае.