Пазьняк: Лукашэнка захавае пасаду, але ў якім статусе — залежыць ад барацьбы і змагання людзей

"Пакуль што пайшло не кепска. Газпрамаўская афёра забуксавала. Банкіра не зарэгістравалі. Цапкалу адкінулі раней". Зянон Пазьняк звярнуўся да сябраў КХП-БНФ.

12021402_1.jpg


""Мы перамаглі!" — лямантуюць са штабу банкіра. "Лукашэнка баіцца нашага прэтэндэнта!", "Лукашэнка слабак!" — падхопліваюць так званыя "эксперты" і г. д. Усе гэтыя інфантыльныя воклічы паказваюць, што за ўзровень выскачыў у сур'ёзную палітыку.
Лукашэнка не "слабак". Гэтая клеркавая публіка не ведае, з кім мае справу, не разумее, куды яна трапіла. Праціўніка трэба ўмець рэальна ацэньваць. А то як бы гэты "слабак" не закатаў іх, здзіўленых, пад асфальт. Банкір сядзе мінімум на шэсць гадоў разам з кампаніяй, а ягоныя клеркі пабягуць, як і раней, лізаць узурпатара.
Цікава, аднак, што галоўная задача кампаніі банкіра — загнаць людзей на выбары (дзе банкір, па прастаце сваёй, думаў перамагчы) — зноў працягваецца і вельмі лапідарна. Штаб банкіра заклікаў усіх людзей прыйсці 9-га жніўня на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць "за каго заўгодна". Як расейцы кажуць, "отэтада". Нават не каментуем.
Цапкала таксама заявіў, што працягвае выбарчую кампанію. Парадокс, але па галоўным пытаньні выбараў — яўкі на галасаванне — усе яны дзейнічаюць заадно з Лукашэнкам і Ярмошынай.
Выклікае падазрэнне таксама абсалютна не рэальная і бздурная прапанова банкіра правесці рэферэндум па Канстытуцыі 1994 года, на які ён (і ўсе "яны") не ў стане ўплываць. Але іхняя ініцыятыва цалкам у рэчышчы заяваў Лукашэнкі і Ярмошынай аб неабходнасці правесці рэфэрэндум па ўдакладненні лукашысцкай "канстытуцыі" 1996 года. Гэтую тэму, аднак, мы пакуль што тут не разглядаем".
Адзінай станоўчай асобай ва ўсёй групе кандыдатаў Зянон Пазьняк лічыць Святлану Ціханоўскую. 
"Менавіта яна магла б працягнуць справу Сяргея Ціханоўскага і канцэпцыю "Стоп, таракан!". Гэта значыць тлумачыць і заклікаць людзей не йсці галасаваць на фальшывыя выбары, дзе 76 адсоткаў намаляваных галасоў гарантавана для Лукашэнкі. Для антынароднага рэжыму патрэбныя толькі статысты (галасавальшчыкі), каб можна было казаць, што былі выбары.

Другі варыянт для Святланы Ціханоўскай — гэта пры пэўных вымушаных абставінах зняцца з выбараў. Ён таксама спрыяльны для байкоту галасавання...
Мушу адзначыць, што Святлане Ціханоўскай патрэбна будзе добрая грамадская падтрымка і ўвага. Не раіў бы ёй падпускаць да сябе невядомых у палітыцы людзей і адначасна заклікаў бы нічога і нікога не баяцца".
Такім чынам, асноўнай задачай партыі цяпер Зянон Пазьняк лічыць "падрыхтоўка байкоту галасавання і кантроль (назіранне) за прыходам на галасаванне".
"Асобным пытаннем стаіць "плошча". Шмат хто рыхтуецца і на "плошчу" спадзяецца. Але тут трэба ведаць, што поспех плошчы можна забяспечыць толькі тады, калі яе рыхтуе і калі ёй кіруе дастаткова добрая і давераная арганізацыя, калі ёсьць лідар руху, калі вядомая мэта і задача пратэсту, калі ёсць сродкі для здабыцця перамогі (дружына, ахова, дапамаговыя структуры, кіраўніцтва, забеспячэнне, сувязь і г. д.). Гэта сур'ёзна.
Калі такога няма, акрамя натоўпу, то плошчу рабіць нельга. Будзе разгром людзей і ўсяго грамадства (тое, што справакавалі правакатары ў 2010-м).
Зыходзячы з вопыту Народнага Фронту, змагарную і дзейную плошчу супраць рэжыму ў Менску нельга арганізаваць без удзелу рабочых заводаў і простых працоўных людзей. Гэта абавязкова трэба мець на ўвазе і глядзець па абставінах. Але разгрому народа нельга дапусціць".
"Рэальна Лукашэнка захавае сваю пасаду, але ў якім статусе ён апынецца, — будзе залежыць ад барацьбы і змагання людзей. Рыхтуймася да такога змагання. Яно наблізіць перамогу", — заклікае Пазьняк.