Саша Філіпенка прадае свае літаратурныя ўзнагароды, каб дапамагчы тым, хто супраць вайны

Вядомы беларускім пісьменнік Саша Філіпенка вырашыў прадаць свае літаратурныя ўзнагароды на аўкцыёне, а сабраныя сродкі адправіць на антываенную дабрачыннасць.

307130930_5775096889189121_2536290050993204502_n.jpg

«У Расіі я атрымаў пяць вялікіх літаратурных узнагарод. Прэмія «Ясная Паляна», «Руская прэмія», прэміі часопісаў «Знамя», «Сноб» і «Сабака». Усе гэтыя прызы я заўсёды расцэньваў як авансы, усімі гэтымі прэміямі даражыў, а таму сёння надзвычай рады і ганаруся, што магу выставіць статуэткі на дабрачынны аўкцыён, усе грошы ад якога пойдуць у дапамогу людзям, якія адкрыта выступаюць супраць вайны», — напісаўСаша Філіпенка ў фэйсбуку.

Паводле яго слоў, «можа, кнігі і не могуць спыніць кровапраліцце, але іх рэха часам можа камусьці дапамагчы».

«Упэўнены, члены журы, якія калісьці адзначылі мае працы, сёння (магчыма, не ўсе адкрыта) абавязкова падтрымаюць мяне — падтрымайце, калі ласка, і вы!» — заклікаў літаратар.

Ён дадаў, што яго першая ўзнагарода — дыплом Беларускага ПЭН-цэнтра — «пакуль застаецца ў мяне», але «калі вы раптам хочаце займець яго, а ўсе грошы перавесці ў дапамогу беларускім палітвязням — я саступлю».

У 2020 годзе Саша Філіпенка падтрымаў пратэсты ў Беларусі, а сёлета актыўна выступае супраць вайны. Жыве пісьменнік цяпер на Захадзе.