Супрацоўнікаў «Белэнергасеткапраекта» паспрабавалі застрашыць адказнасцю за ўдзел у пікетах (відэа)
Работнікі РУП «Белэнергасеткапраект» абвясцілі забастоўку. Сёння да іх прыехалі намеснік начальніка Першамайскага РАУС Мінска і намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна, каб правесці «тлумачальную гутарку».
Раніцай 27 жніўня на прадпрыемства «Белэнергасеткапраект» прыязджаў намеснік начальніка Першамайскага РАУС Мінска, палкоўнік міліцыі Сяргей Арцёменка. Ён быў апрануты ў цывільнае адзенне і расказваў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Міліцыянта суправаджаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Андрэй Мацкевіч.
Пасля выступу намесніка начальніка РАУС супрацоўнікі сталі актыўна задаваць яму пытанні. Так, іх цікавіла, ці лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам стаянне ў чарзе, і хто ўвогуле вырашае, ці з’яўляецца пэўная колькасць грамадзян, якія сабраліся ў адным месцы, масавым мерапрыемствам. Спыталі ў Сяргея Арцёменкі і тое, ці былі санкцыянаваныя мітынгі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыянт сказаў, што гэтае пытанне трэба перанакіраваць у Мінгарвыканкам.
Супрацоўнікі прадпрыемства зазначылі, што закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Беларусі супярэчыць Канстытуцыі, артыкул 35 якой гарантуе грамадзянам права на мірныя сходы. Але міліцыянт не захацеў абмяркоўваць гэты аспект.
Дыскусію супрацоўнікаў з міліцыянтам перарваў дырэктар прадпрыемства, які папярэдзіў, што яго цярпенню таксама ёсць мяжа і што «на ўсе несанкцыянаваныя мерапрыемствы больш вочы заплюшчвацца не будуць».
Супрацоўнікі «Белэнергасеткапраекту» падчас пікету. Фота з сацыяльных сетак
Работнікі прадпрыемства «Белэнергасеткапраект» абвясцілі забастоўку 17 жніўня. Яны патрабуюць прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў 9 жніўня, правесці новы выбары з удзелам незалежных назіральнікаў, адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, спыніць гвалт і вызваліць усіх палітвязняў, а таксама правесці адкрытыя і незалежныя расследаванні выпадкаў гвалту з боку сілавікоў і фальсіфікацый выбараў 9 жніўня.
Адміністрацыя прадпрыемства аказвае на супрацоўнікаў ціск, таму яны вымушаныя штодня пратэставаць у абедзенны перапынак.