У нас ёсць мара, мы дойдзем!
«У мяне ёсць мара» — так называлася самая вядомая прамова Марціна Лютэра Кінга, амерыканскага прапаведніка і грамадскага дзеяча, самага вядомага прадстаўніка руху за грамадзянскія правы чарнаскурых у ЗША. Большасць беларусаў цяпер могуць сказаць тое ж самае: у нас ёсць мара. І ў гэтым — самае фундаментальнае адрозненне беларусаў ад тых, хто абвясціў сябе ўладай.
З дня прэзідэнцкіх выбараў 2020-га і пачатку грамадзянскага супрацьстаяння — або, як прынята казаць, «палітычнага крызісу» — прайшоў ужо год. Год беспрэцэдэнтных рэпрэсій, год няздзейсненых надзей, год духоўнага ўздыму і год глыбокіх расчараванняў. Год — гэта дастатковы час для таго, каб урэгуляваць той самы палітычны крызіс, калі б для гэтага была палітычная, зноў жа, воля. Але гэтага не здарылася — і ў Беларусі на сёння больш за 600 палітвязняў, а дзяржава знаходзіцца практычна ў міжнароднай ізаляцыі. І цяпер, падсумоўваючы гэтую гадавіну, напэўна, будзе чуваць шмат галасоў расчаравання: не даціснулі, не перамаглі, не здолелі…
Так, многія расчараваныя. Так, хуткай перамогі не атрымалася. Але гэта не значыць, што мы пацярпелі паразу. Бо мы, на самай справе, проста стварылі падмурак для гэтай перамогі.
У нас ёсць мара
Перш за ўсё, у асяроддзі «неверагодных», якіх так любяць крытыкаваць, існуе кансэнсус пра тое, у якой краіне мы хацелі б жыць. Гэта краіна, у якой усе роўныя перад законам. У якой выбарныя пасады сапраўды з’яўляюцца выбарнымі. Краіна, у якой чыноўнікі падсправаздачныя народу. У якой вітаецца і заахвочваецца дзелавая і сацыяльная ініцыятыва. У якой салідарнасць і ўзаемадапамога — не пусты гук. Гэта краіна, у якой меркаванне меншасці будзе ўлічвацца пры прыняцці рашэнняў.
Мы нават не ўяўляем — дакладна ведаем, як краіна будзе развівацца, адкуль возьмуцца «драйверы росту», адкуль прыйдуць інвестыцыі. Мы ведаем, што наша дзяржава (а дзяржава — гэта зусім не тое ж самае, што краіна!) не будзе шукаць ворагаў, а перш за ўсё будзе шукаць і знаходзіць сяброў.
У гэтых ведах і ўяўленнях — фундаментальнае адрозненне «нас» ад «іх», тых, хто цяпер лічыць сябе ўладай. Адрозненне, якое ў перспектыве (можа быць, нават не такой далёкай) прывядзе да зменаў, якіх мы хочам.
Поўная нявыкрутка
Тыя, хто цяпер расчароўваецца ў «неверагодных», ва ўласным выбары, проста не ўяўляюць, якое расчараванне пануе ў процілеглым лагеры. Так, пакуль дзеючы рэжым змог утрымаць уладу — коштам збройнага гвалту і велізарнага напружання карнай сістэмы. Але аказалася, што гэта «Пірава перамога». Аказалася, што ўладу ўтрымалі дзеля ўлады. Але ўлада без народнай падтрымкі, той самай «унутранай легітымнасці» — хто б мог падумаць! — не працуе.
За мінулы год (цэлы год!) нам не было прапанавана ніякай пазітыўнай праграмы, ніякіх варыянтаў развіцця краіны. Усё, што мы чуем цэлы год, — гэта рыторыка «крэпасці ў аблозе», калі ўсюды ворагі: і за межамі гэтай крэпасці, і ўнутры яе.
Той, хто да гэтага часу слухае або чытае выступы Лукашэнкі, можа параўнаць яго прамову перад «вертыкаллю» 30 ліпеня гэтага года, і пасланне народу і парламенту мінулага года ад 4 жніўня. За цэлы год у рыторыцы адбылося толькі адна змена: калі год таму Лукашэнка абвінавачваў у вераломстве Расію праз перакіданне «вагнераўцаў» у Сінявокую ў час уборачнай кампаніі, то цяпер — вераломны Захад. У астатнім — тыя ж замовы: «Дайце захаваць краіну» і «не здраджвайце». Ніякіх ідэй і стратэгіі, акрамя аднаго — выжыць любой цаной.
Як адзначыў тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя», «планаў няма настолькі, што нават ніхто не разумее, навошта патрэбны канстытуцыйны рэферэндум, якія менавіта павінны быць змены ў Канстытуцыю і, галоўнае, навошта гэта самому Лукашэнку. Гэта нават не працэс дзеля працэсу — гэта працэс незразумела дзеля чаго».І тыя ж аўтары звяртаюць увагу на выраз твараў людзей у залі — за год яны не змянілася. І адказаў на самыя актуальныя пытанні на месцах (інфляцыя, ковід, адкрыццё межаў, беспрацоўе) — няма.
Ініцыятыва караецца
Стратэгія «выжыць любым коштам» наогул не прадугледжвае не тое што канцэптаў развіцця краіны, але нават і ацэнак рызыкаў. Многія дзівяцца, як беларускія ўлады робяць відавочна абсурдныя ў сваёй логіцы дзеянні («страляюць сабе ў нагу» ці «бамбяць Валожын») пры тым, што негатыўныя наступствы гэтых дзеянняў відавочныя, здавалася б, нават дзіцяці. Той жа самы ініцыяваны «крызіс з мігрантамі»: няўжо не было зразумела, што Еўропа будзе павінна адказваць на гэты выклік? І нічога добрага ўладам Беларусі гэта не прынясе?
Ці, напрыклад, алімпійскі скандал з атлеткай Ціманоўскай, якую знялі са спаборніцтваў і спрабавалі сілком вывезці ў Беларусь. Спачатку функцыянеры напартачылі са складам зборнай, не зрабіўшы своечасова тэсты, потым паспрабавалі замяніць адных спартсменаў іншымі, няпрофільнымі, а потым, калі сітуацыя выклікала абурэнне і крытыку, паспрабавалі пракруціць схему «няма чалавека — няма праблемы», арганізаваўшы амаль выкраданне спартсменкі прама з Алімпіяды!
На думку аналітыка Пятра Кузняцова, гэта паказвае, што сістэмы ў Беларусі як такой ужо няма. «Тое, што яны называюць “дзяржавай”, не працуе сёння ні як дзяржава, ні нават як іх сістэма. Няма працоўных алгарытмаў, няма зладжанай і наладжанай аўтаматычнай і паслядоўнай працы асобных звёнаў вялікага цэлага, у чыноўнікаў няма разумення ці чаго б там ні было іншага, што і як рабіць у існуючых умовах у сваёй сферы. Ёсць адно — рашэнні і загады, якія трэба тэрмінова і нягледзячы ні на што, выконваць».
«Але гэта — не сістэма, — працягвае Кузняцоў. — Гэта — велізарная колькасць бяздумных выканаўцаў, якія кіруюцца ў ручным рэжыме. Гэтая канфігурацыя — найменш устойлівая з усіх магчымых да любых стрэсаў, таму што ў выпадку любога па-сапраўднаму моцнага імпульсу ўвесь гэты натоўп выканаўцаў проста не будзе ведаць і разумець, што ім рабіць і як».
Зразумела, якое-небудзь бачанне будучыні пры такім стане спраў проста немагчыма. А калі няма бачання будучыні — няма і ініцыятывы. Няма ініцыятывы — няма развіцця. Адсутнасць развіцця прыводзіць у лепшым выпадку да стагнацыі, у горшым — да загнівання. І гэта гніенне ўжо відавочна адчуваецца ажно на самым версе.
Паглядзіце, да чаго апелявалі кіраўнікі беларускай дэлегацыі ў выпадку з Ціманоўскай: «Калі нам прапанавана так — мы павінны падпарадкавацца і паступіць так, разумееш? Падпарадкавацца і паступіць так». Пра тое, каб згладзіць скандал ці хаця б паразумецца, нават гаворкі не ішло! Ці гэта не прыклад гніення?
Ці доўга чакаць?
Зразумела, што, не бачачы мэты нават у мікраскоп, рухацца да яе немагчыма. Таму ўсім зразумела, што сістэма рана ці позна абваліцца. І ў асяроддзі прыхільнікаў пераменаў раздаюцца пытанні, самае папулярнае з якіх, і якое я чуў не адзін раз: «Калі ж усё гэта скончыцца?» Усім хацелася б, каб «гэта» скончылася хутчэй.І вось тут нічым не магу суцешыць. Калі чакаць, што «гэта скончыцца», то «гэта» скончыцца вельмі няхутка.
Ніхто нам не абяцаў, што ўсё будзе проста і лёгка. Не можа сістэма, якая выбудоўвалася чвэрць стагоддзя, абрынуцца ад аднаго чыху. Ды гэтага, шчыра кажучы, і не трэба. Таму што тое, што лёгка даецца, лёгка і губляецца.
У 1991 годзе такая ж, як цяпер, дэзарыентацыя наменклатуры, дазволіла Беларусі здабыць незалежнасць, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў. Але гэта не было выпакутавана — і ў выніку ўжо ў 1995-м на рэферэндуме сімволіка была замененая на мадэрнізаваную савецкую.
Можна бясконца сцвярджаць, што той рэферэндум не меў сілы з пункту гледжання закона, але нельга не пагадзіцца з тым, што людзі на ім усё ж прагаласавалі так, як прагаласавалі.
Менавіта цяпер — праз рэпрэсіі, праз несправядлівыя прысуды — нацыянальная сімволіка стала выпакутаванай, сапраўды нацыянальнай і сапраўды каштоўнасцю. Менавіта цяпер ужо ніякія рашэнні ніякіх дзяржаўных органаў пра тое, што яна «экстрэмісцкая» ці яшчэ якая, не зменіць стаўленне да гэтай сімволікі людзей.
Калі б усё было лёгка, і Лукашэнка сапраўды сышоў у жніўні 2020-га, калі на вуліцы выходзіла 200–400 тысяч чалавек, мы б, безумоўна, ужо правялі свабодныя прэзідэнцкія выбары і жылі ў іншай краіне. Але тады б мы не даведаліся феномену «дваровых чатаў» — правобразу «прамой дэмакратыі». Мы не ўбачылі б сілу нашай дыяспары, якая вельмі шмат зрабіла для нас у Беларусі, і не адчулі адзінства з ёй. Мы б не даведаліся сэнсу фразы «беларус беларусу беларус». Мы не ўсвядомілі б каштоўнасці валанцёрства, самвыдату, друкаваных СМІ. Смешна, але многія наогул успомнілі, як пісаць асадкай на паперы толькі «дзякуючы» перапісцы з палітвязнямі.
Можна бясконца пытацца: «Калі гэта ўсё скончыцца?» Але адказ на гэта нам ужо далі: Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч. Усе яны пішуць прыкладна адну фразу: «Мы будзем сядзець столькі, колькі дазволіць народ».
Можна чакаць, калі гэта скончыцца, а можна над гэтым працаваць. Можна быць назіральнікам у судах. Можна падтрымліваць палітвязняў лістамі. Можна падтрымліваць тыя, што засталіся ў краіне, незалежныя СМІ. Можна адмовіцца ад прымусовай падпіскі на прапагандысцкія выданні. Можна проста адмаўляцца ад удзелу ў афіцыйных мерапрыемствах.
Падаецца, маленькія крокі, так? Але на самай справе, кожны такі крок — гэта прыклад мужнасці для астатніх. Калі адзін чалавек адмовіцца здаваць грошы на прымусовую падпіску сёння — заўтра яго прыкладу рушаць астатнія. Адзін музыка ў пераходзе сыграе «Пераменаў» Цоя — і гэтым ён падтрымае дзясяткі мінакоў, хай нават яны відавочна не адрэагуюць на музыку.
Проста эвалюцыя беларусаў, насамрэч, працягваецца. У 2020-м, як казалі многія палітолагі, беларусы праявілі сябе як нацыя. Цяпер, у 2021-м, у перыяд рэпрэсій і супрацьстаяння, ідзе станаўленне беларусаў як грамадзян. Калі ў 2020-м беларусы паказалі нацыю праз «рэвалюцыю мас», то цяпер праз індывідуальную мужнасць кожны становіцца (ці не становіцца) грамадзянінам. Менавіта гэтая, індывідуальная, прыхаваная праца цяпер і адбываецца.
Што далей?
Вонкава сітуацыя ў Беларусі выглядае так, што пратэсты сціхлі. Але на самай справе нічога не скончылася. Сітуацыю можа ўзарваць любы трыгер. Напрыклад, Лукашэнка хоча правесці рэферэндум па сваім праекце Канстытуцыі ў лютым 2022 года. Але толькі ад беларусаў залежыць, ці адбудзецца плебісцыт у прынцыпе. І справа нават не ў яўцы на галасаванне — ці пагодзяцца беларусы прысутнічаць у выбарчых камісіях альбо пойдуць масавыя адмовы ад такога «гонару»?
Татальныя адмовы ад удзелу ў камісіях цалкам магчымыя: дастаткова ўспомніць, як беларусы сёлета ігнаравалі афіцыйныя святкаванні — ад Новага года да Дня вызвалення Мінска.
А можа быць, яшчэ большым ударам па сістэме будзе, наадварот, удзел у гэтых камісіях — з масавым сумленным падлікам галасоў пад ціскам грамадскасці?
Можа быць, увосень эканоміка адчуе сектаральныя санкцыі ЕС і ЗША, а можа быць, больш адчувальным будзе рашэнне «Газпрому» скараціць транзіт газу па Беларусі на 80% з-за запуску «Паўночнага патоку-2».
Цяпер, як і год таму, можа здарыцца ўсё, што заўгодна. Але адзінае, што вядома дакладна і даўно — «У карэце мінулага далёка не з’едзеш».
Ва ўлады ёсць карэта мінулага. А ў нас ёсць мара.