«Замест іх саміх ніхто не можа вытрымаць зняволенне»

Валянціна — маці Паўла Лукаянава, які знаходзіцца ў СІЗА-1 з канца чэрвеня. У сваёй занепакоенасці жанчына не вылучае аднаго свайго сына: дзецьмі для яе з’яўляюцца ўсе тыя вязні, у якіх жывыя бацькі.

Павел Лукаянаў

Павел Лукаянаў

Звычайны хлопец

Паўлу 22 ліпеня споўнілася 27 гадоў. Свае народзіны ён сустрэў у СІЗА на Валадарскага. Павел — звычайны хлопец, які апошнім часам займаўся рамонтам камп’ютараў.
— Грамадзянская пазіцыя ў яго заўсёды была, — узгадвае Валянціна. — Ён нават не ўдзельнічаў у галасаванні на выбарах, бо наўпрост у іх не верыў. Хадзіў разам з намі, але сам не галасаваў.

Валянціна Лукаянава

Валянціна Лукаянава

Павел «засвяціўся» на камерах 9 і 10 жніўня 2020 года на плошчы Бангалор, дзе недалёка жывуць яго бабулі. Менавіта гэта хлопцу зараз і інкрымінуе следства.

Абяцалі, што сын вернецца дамоў

Па Паўла прыйшлі 23 чэрвеня. Тады якраз муж Валянціны з’ехаў і яна дома была з дзецьмі адна.
— Да нас прыйшлі недзе ў 7:20, — узгадвае Валянціна. — Іх было восем чалавек. Усё было як у фільмах: людзі ў цывільным праходзілі па кватэры і кідалі: «Чыста!», «Чыста!». Паўла вырвалі прама з ложку… Я крычала, каб далі хаця б дзіцёнку апрануцца! Хадзілі ў масках, пальчатках, кепках… Адзін з іх прадставіўся, маўляў, ён следчы. Я была ў адным пакоі, дачка — у другім, а супрацоўнікі з Паўлам — у трэцім. Сказаць па праўдзе, я не чула, што ў яго пыталі. Пасля паклікалі нейкіх людзей і сталі праводзіць ператрус. У выніку, мне сказалі, што дома нічога не знайшлі і што сын чытае не тыя тэлеграм-каналы.
Маці сказалі, што Павел праз пару гадзін вернецца дадому — і ўвялі хлопца. Але дадому ён не вярнуўся дагэтуль.

«Самае цяжкае — не ведаць, што з ім адбываецца»



70629152_7d81_4e09_8231_4b845c07e898_logo.jpg


— Пасля ад адваката я даведалася, што Павел знаходзіцца ў ГУБАЗіКу. Таксама ведала, што ён затрыманы. Спачатку — на трое сутак, пасля — на дзесяць.
Валянціна шукала сына амаль тыдзень — паўсюль ёй казалі, што месцазнаходжанне Паўла невядома. «Самае складанае — гэта не ведаць, што з ім адбываецца». Адшукаць сына дапамаглі валанцёры каля ізалятара на Акрэсціна. Толькі ім супрацоўніку ІЧУ сказалі, што Павел — там.
Пасля дзесяці сутак арышту хлопцу выставілі абвінавачанне: па частцы 2 артыкула 293 КК. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавы беспарадках. З’явілася і відэа, дзе Павел прызнае сваю віну і раскайваецца ў тым, што здзейсніў.

«Які сэнс плакаць і рыдаць?»

У хуткім часе матулі прыйшоў першы ліст ад Паўла — з СІЗА на Валадарскага: У лісце хлопец напісаў, што захварэў: «Валанцёры мне падказалі, што камера, дзе ён быў, — каранцінная». Таксама Павел пісаў, што вакол яго ёсць добрыя людзі і што нехта перадаў яму пасылку на 2 кілаграмы.
— Вельмі перажываў у лісце, што не паспеў зрабіць хатнюю працу, якую папрасіў зрабіць яго бацька, калі з’язджаў у камандзіроўку, — узгадвае Валянціна. — Некалькі разоў прабачаўся за гэта.
Перадачы Паўлу сям’я носіць раз на тыдзень. Валянціна жартуе, што, прынамсі, свае трыццаць кілаграм у месяц ён атрымлівае. Для сябе просіць перадаць толькі кнігі, якія і без таго не перадаюць.

Валянціна з дачкой

Валянціна з дачкой

Сама Валянціна досыць цвяроза ацэньвае сітуацыю і не дазваляе сабе сумаваць.
— А які сэнс плакаць і рыдаць? Мы ім гэтым не дапаможам. Сын ведае, што мама даволі жорсткі чалавек.
Валянціна не падзяляе дзяцей, якія сядзяць у СІЗА, на сваіх і чужых. Усіх, хто там сядзіць называе «дзецьмі». І словы падтрымкі перадае не толькі сыну, але і ўсім дзецям, якія цяпер у турмах: «Мы спадзяемся, што гэта скончыцца. Верым, што вы моцныя. Так, мы любім, падтрымліваем, але замест вас саміх ніхто не можа вытрымаць зняволенне. Толькі вы самі».
Валянціна верыць у сына. Калі вытрымліваюць іншыя — вытрымае і ён.
— Суцяшае тое, што хлопцы і дзяўчаты, якія сядзяць даўно, перажываюць. Значыць, і мой сын вытрымае. А мы… Мы і далей будзем насіць перадачы і пісаць лісты. Галоўнае, каб дзеткі іх атрымлівалі.
Вы можаце падтрымаць Паўла Лукаянава, напісаўшы яму ліст. Адрас: г. Мінск, вул. Валадарскага, 2; СІЗА-1, 220030.

Фота з сямейнага архіву гераіні