723-ці дзень вайны: 26 ракет, бітва за Аўдзееўку, Венгрыя заблакавала санкцыі супраць Расіі
Што адбылося за суткі на расійска-ўкраінскім фронце?
***
Раніцай 16 лютага расійскія акупанты атакавалі Украіну: усяго зафіксаваны пускі 26 ракет розных тыпаў. Сілы СПА знішчылі 13 ракет. Выбухі адбыліся ў Кіеве, Дняпры, Львове і іншых гарадах. У Палтаўскай вобласці расіяне трапілі па складскім памяшканні. На Днепрапятроўшчыне вораг атакаваў аб'екты грамадзянскай інфраструктуры. У Львове расіяне патрапілі ў інфраструктурны аб'ект, у выніку атакі пацярпелі два чалавекі.
***
Паводле звестак амерыканскіх аналітыкаў, на 14 лютага расійскія сілы кантралявалі прынамсі 15,4% горада Аўдзееўка. Баі працягваюцца на поўдзень і паўночны захад ад Аўдзееўкі, у раёне рэстарана «Царскае паляванне» і пасёлка Опытнае. Самая гарачая сітуацыя, паводле інфармацыі ISW, складваецца каля аўдзееўскага коксахімічнага завода, а таксама на паўночным захадзе і поўдні самога горада. Ёсць неафіцыйныя звесткі, што на аўдзееўскім кірунку расійскае камандаванне сканцэнтравала блізу 50 тысяч жаўнераў. Таксама паведамляецца, што абарону Аўдзееўкі ўзмацніла 3-я асобная штурмавая брыгада Украіны. Сцвярджалася, што яе байцы нанеслі «крытычнае паражэнне» дзвюм расійскім брыгадам.
***
Мінабароны Расіі раніцай 16 лютага заявіла пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў, якія нібыта былі знішчаны над Белгародскай вобласцю і акваторыяй Чорнага мора.
***
Акупанты білі па Херсоне і пашкодзілі кантактную сетку камунальнага транспарту — па стане на 8 раніцы 16 лютага ў горадзе не курсіруюць тралейбусы, за суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек, таксама часткова адсутнічае водазабеспячэнне.
У выніку варожых абстрэлаў горада ноччу была пашкоджана кантактная сетка, з-за чаго цяпер немагчыма вывесці тралейбусы на маршруты. Спецыялісты КП «Херсонэлектратранс» праводзяць работы па аднаўленні сеткі.
***
Расійскія захопнікі за мінулыя суткі нанеслі 172 удары па 17 населеных пунктах Запарожскай вобласці, раненні атрымалі шэсць чалавек.
***
Расійская армія на працягу сутак ажыццявіла абстрэлы 15 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці, тры чалавекі загінулі, сярод іх 17-гадовая дзяўчына.
***
Расійскія ракетаносьбіты ў Чорным і Азоўскім моры завялі ў пункты базіравання з-за шторму.
Пра гэта паведаміла кіраўніца аб'яднанага прэс-цэнтра аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк.
«Карабельная групоўка ворага была згорнута, штармавое надвор'е ўзмацнілася, яны (ракетаносьбіты — Рэд.) былі вымушаны зайсці ў пункты базіравання. Цяпер два караблі нясуць дзяжурства ў раёне Наварасійска, адсочваючы абстаноўку, адзін у Азоўскім моры», — сказала Гумянюк.
У той жа час яна падкрэсліла, што ракетная небяспека застаецца, вораг у любы момант можа вывесці ракетаносьбіты, таму трэба захоўваць пільнасць.
***
Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША датэрмінова сышла на перапынак да 28 лютага, так і не разгледзеўшы законапраект аб дапамозе саюзнікам, сярод якіх Украіна. Такім чынам, вырашэння пытання ў бліжэйшыя тыдні чакаць не варта. Больш за тое, калі заканадаўцы вернуцца да працы ў канцы лютага, галоўным пытаннем будзе зноў пазбяганне шатдаўна ў ЗША.
***
Венгрыя заблакіравала зацвярджэнне 13-га пакета санкцый Еўрасаюза супраць Расіі. Пра гэта паведаміла газета «Financial Times» са спасылкай на неназваныя афіцыйныя крыніцы. Сцвярджаецца, што Венгрыя была адзінай, хто не падтрымаў новы пакет санкцый, накіраваны супраць амаль 200 чалавек і арганізацый з Расіі, Кітая і іншых краін, якія, як лічыцца, дапамагаюць Маскве ў ваенных дзеяннях. Адзін з чыноўнікаў распавёў, што Венгрыя не пагадзілася з новымі санкцыямі праз наяўнасць у спісе кампаній з КНР.
***
Краіны NATO плануюць перадаць Украіне мільён беспілотнікаў у рамках вайсковай дапамогі. Пра гэта сказаў генеральны сакратар NATO Столтэнберг на брыфінгу ў Брусэлі. «Група саюзнікаў збіраецца аб'яднаць намаганні і перадаць Украіне мільён беспілотнікаў, 20 саюзнікаў па NATO таксама пагадзіліся стварыць кааліцыю па размініраванні. Усё гэта дапаможа захаваць жыццё ўкраінцаў», — заявіў ён.
***
Надыходзячым часам Германія прадаставіцьукраінскаму войску дапамогу на 100 млн еўра. Пра гэта паведаміла Мінабароны ФРГ. У анансаваную дапамогу ўвойдуць: супрацьмінныя машыны з абаронай ад засад, бомбы для беспілотнікаў, 77 грузавых аўтамабіляў MULTI 1A1, медыцынскае абсталяванне, камплекты запасных частак для розных сістэм узбраення.
***
Сілы абароны працягваюць наносіць страты краіне-агрэсару: за мінулыя суткі абаронцы ліквідавалі 1 210 акупантаў, 39 ББМ і 23 танкі расіян.
Па інфармацыі Генштаба УСУ, агульныя баявыя страты Расіі з 24.02.22 па 16.02.24 арыенціровачна склалі:
асабовы склад — каля 400 300 (+1 210) чалавек,
танкі — 6 465 (+23) адз.,
баявыя браніраваныя машыны — 12 129 (+39) адз.,
артылерыйскія сістэмы — 9 641 (+21) адз.,
РСЗА — 984 (+0) адз.,
сродкі СПА — 671 (+0) адз.,
самалёты — 332 (+0) адз.,
верталёты — 325 (+0) адз.,
БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7 408 (+4) Адз.,
крылатыя ракеты — 1 895 (+13) адз.,
караблі / катэры — 25 (+0) адз.,
падводныя лодкі — 1 (+0) адз.,
аўтамабільная тэхніка і аўтацыстэрны — 12 716 (+25) адз.,
спецыяльная тэхніка — 1528 (+4) адз.