793-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы спрабуюць захапіць Часавы Яр і Ачэрэціна

Захоп Часавога Яра і Ачэрэціна дасць расійскім войскам доступ да абарончага поясу Украіны. Украіна, у сваю чаргу, у чаканні заходняй дапамогі адводзіць амерыканскія танкі ад лініі фронту.

cab6bbb_abrams_m1a1_690x387.avif

***

Выведка Вялікабрытаніі прааналізавала сітуацыю ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці, адзначыўшы, што прасоўванне акупантаў у гэтым раёне цягам апошняга тыдня паскорылася, нягледзячы на страты, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на выведвальны агляд брытанскага Мінабароны за 26 красавіка.  

«Нягледзячы на сталыя высокія страты, існуе высокая імавернасць таго, што УС РФ здольныя бесперапынна абстрэльваць украінскія пазіцыі ў гэтым раёне і ўзялі пад кантроль некалькі невялікіх населеных пунктаў».

У ведамстве канстатавалі, што сухапутныя войскі расійскай арміі стварылі вузкі праход углыб украінскай тэрыторыі, каб увайсці ў Ачэрэціна, размешчанае прыкладна ў 15 кіламетрах на поўнач ад Аўдзееўкі.

Адзначаецца, што з таго часу, як у сярэдзіне лютага 2024 года расійскія войскі ўзялі пад кантроль Аўдзееўку, гэты раён застаецца адным з асноўных напрамкаў расійскіх аперацый, дадалі ў выведцы.

***

Сілы абароны пакуль адвялі з лініі фронту прадастаўленыя Украіне амерыканскія танкі «Абрамс» з-за пагрозы нападаў з боку расійскіх беспілотнікаў. Амерыканцы наракаюць, што ўкраінцы не ўжываюць тактыку больш эфектыўнага выкарыстання гэтай тэхнікі, даведалася агенцтва «Associated Press».

«Украіна пакуль адышла на другі план у сваёй барацьбе з Расіяй, выкарыстоўваючы баявыя танкі M1A1 "Абрамс", прадастаўленыя ЗША, часткова праз тое, што расійская вайна з выкарыстаннем беспілотнікаў зрабіла іх працу занадта складанай для таго, каб іх не выяўлялі і не атакавалі».

Агенцтва нагадала, што Кіеў угаварыў ЗША даць 31 танк у студзені 2023 года коштам $10 млн. кожны, паколькі яны з'яўляюцца «жыццёва важнымі для здольнасці прарваць расійскую лінію фронту». Але з тых часоў на вайне ўжо страчана пяць «Абрамсаў».

«Associated Press» адзначае, што з выкарыстаннем беспілотнікаў сітуацыя на полі бою змянілася, ускладніўшы для Украіны абарону танкаў, якія хутка выяўляюць і на якія палююць дроны.

«Распаўсюд беспілотнікаў на поле бою ва Украіне азначае, што няма адкрытай мясцовасці, па якой можна проста праехаць, не баючыся быць выяўленымі», — заявіў AP высокапастаўлены прадстаўнік абароннага ведамства ЗША на ўмовах ананімнасці.

Намеснік старшыні Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў адмірал Крыстафер Грэйдзі і трэці прадстаўнік абароннага ведамства заявілі, што цяпер танкі адведзеныя з лініі фронту і ЗША будуць працаваць з украінцамі над «перазагрузкай» тактыкі.

Паводле слоў Грэйдзі, ва ўмовах, калі беспілотныя авіяцыйныя сістэмы ёсць усюды, пагроза для выкарыстання бронетэхнікі відавочная. Але, сказаў ён, «мы будзем працаваць з нашымі ўкраінскімі партнёрамі і іншымі партнёрамі на месцах», каб дапамагчы ім прадумаць, як яны могуць выкарыстоўваць бронетэхніку «у змененых умовах, калі ўсё можна ўбачыць імгненна».

Агенцтва таксама адзначае, што амерыканскія чыноўнікі ў сферы абароны кажуць пра тое, што хоць «беспілотнікі ўяўляюць значную пагрозу, украінцы таксама не ўжываюць тактыку, якая магла б зрабіць танкі больш эфектыўнымі».

***

Расійскія войскі ўяўляюць рэальную пагрозу захопу Часавога Яра, хоць яны, магчыма, не змогуць зрабіць гэта хутка. Захоп Часавога Яра дазволіць расійскім войскам пачаць далейшыя наступальныя аперацыі супраць гарадоў, якія фармуюць значны абарончы пояс Украіны ў Данецкай вобласці, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).  

Ваенныя аналітыкі адзначылі, што расійскія наступальныя аперацыі на захад ад Аўдзееўкі могуць даць тактычныя перавагі. А расійская наступальная аперацыя па захопе Часавога Яра адкрывае расійскім войскам бліжэйшыя перспектывы для аператыўна значнага прасоўвання наперад. 

Расійскія войскі ў раёне Аўдзееўкі застаюцца прыкладна за 30 кіламетраў ад іх аператыўнай цэлі ў Пакроўску і прыкладна за 17 кіламетраў ад адносна буйных вёсак на ўсход ад Пакроўска.

Нават калі расійскія тактычныя поспехі прымусяць украінскія войскі адступіць на пазіцыі далей на захад, цяперашнія расійскія поспехі на паўночны захад ад Аўдзееўкі наўрад ці стануць аператыўна значнымі ў найбліжэйшай перспектыве. 

Расійскія войскі, верагодна, спрабуюць захапіць як мага большую тэрыторыю да прыбыцця амерыканскай дапамогі па бяспецы. Гэтая зброя значна палепшыць абароназдольнасць Украіны ў бліжэйшыя тыдні, і расійскае ваеннае камандаванне можа актывізаваць наступальныя аперацыі на паўночны захад ад Аўдзееўкі, паколькі гэтая тэрыторыя дае больш магчымасцей для хуткага дасягнення тактычных поспехаў, нягледзячы на адносную аператыўную нязначнасць гэтых поспехаў.

***

Расійцы ціснуць на ўсіх напрамках фронту, нанеслі 4 ракетныя і 75 авіяцыйных удараў, 66 разоў білі па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах з РСЗА; за суткі на фронце адбылося 114 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.

Пад артылерыйскім агнём былі больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

Сілы абароны працягваюць наносіць страты Расіі — толькі за мінулыя суткі адмінусавалі 950 акупантаў, 7 танкаў, 15 ББМ і 31 артылерыйскую сістэму.

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 26.04.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 463 930 (+950) чалавек;
  • танкаў — 7 262 (+7) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 13 957 (+15) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 11 867 (+31) адз.;
  • РСЗА — 1 049 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 772 (+0) адз.;
  • самалётаў — 348 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 461 (+12) адз.;
  • крылатых ракет — 2 119 (+1) адз.;
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 15 984 (+35) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1 962 (+16) адз.

***

Расійскія акупанты абстрэльвалі Херсонскую вобласць — папалі ў жылыя кварталы, у гандлёвы цэнтр, дзіцячы садок, сельгаспрадпрыемства, аўтамабілі і паранілі 6 мірных жыхароў, напісаў кіраўнік Херсонскай вобласці Аляксандр Пракудзін у Telegram

Паводле слоў кіраўніка АВА, за мінулыя суткі расійцы абстрэльвалі Берыслаў, Белазёрку, Міхайлаўку, Антонаўку, Дняпроўскае, Янтарнае, Адрадакаменку, Асакораўку, Веляценскае, Кізамыс, Іванаўку, Навацягінку, Токараўку, Залатую Балку, Станіслаў, Садовае, Прыдняпроўскае, Качкараўку, Новаваранцоўку, Ольгаўку і горад Херсон.

***

5 чалавек загінулі і яшчэ 8 атрымалі раненні ў выніку расійскіх абстрэлаў Данецкай вобласці, паведаміў кіраўнік рэгіёна Вадзім Філашкін у Telegram.  

«Пакроўскі раён. У Краснагораўцы параненыя 3 чалавекі. У Ачэрэціне 1 чалавек загінуў. У Курахоўскай абшчыне 1 чалавек загінуў у Курахоўцы і 1 паранены ў Гарняку; у Вострым пашкоджаны 8 прыватных дамоў. Ва Удалым 3 чалавекі загінулі і 4 параненыя, пашкоджаныя адмінбудынкі, установа культуры, кавярня і больш за 20 прыватных дамоў».

Таксама, паводле слоў кіраўніка АВА, акупанты білі па Краматорскім раёне: у Ліманскай абшчыне пашкоджаныя 2 дамы ў Ямпале, на Канстанцінаўку расійцы скінулі КАБ-250, якая не выбухнула — яе абясшкодзілі сапёры.

У Бахмуцкім раёне акупанты пашкодзілі 8 прыватных дамоў, шматпавярхоўку і 3 прамысловыя будынкі ў Каплінаярскай абшчыне.

Таксама захопнікі пашкодзілі дом у Серабранцы Северскай абшчыны.

«Усяго за суткі расіяне 10 разоў абстралялі населеныя пункты Данецкай вобласці. З лініі фронту эвакуяваныя 106 чалавек, у тым ліку 12 дзяцей», — падсумаваў Філашкін.

***

26 красавіка акупанты ўдарылі кіраванымі авіябомбамі па цэнтральнай частцы горада Дзергачы Харкаўскага раёна. У выніку атакі пацярпелі жанчына і трое дзяцей, напісаў у Тэлеграме старшыня Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў. Паводле слоў кіраўніка Дзергачоўскай МВА Вячаслава Задоранкі, «тэрарысты ўдарылі КАБамі па грамадзянскай забудове горада. У выніку ўдару ёсць параненыя дзеці 16-ці і 5-ці гадоў. Цяпер медыкі аказваюць ім неабходную дапамогу».

Пазней Алег Сінягубаў напісаў, што колькасць пацярпелых павялічылася да чатырох.

«Хлопчык 4 гадоў і жанчына 52 гадоў атрымалі лёгкія траўмы і вострую рэакцыю на стрэс».

***

26 красавіка расійскія вайскоўцы з артылерыі абстралялі горад Нікапаль у Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі 42-гадовы мужчына і 9-гадовы хлопчык, паведаміў старшыня Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.  

«9-гадовы хлопчык пацярпеў падчас артабстрэлу Нікапаля. Дзіця ў стане сярэдняй цяжкасці. Лекары аказалі неабходную меддапамогу. Ачуньваць будзе дома».

Паведамляецца, што таксама ў горадзе пашкоджаныя 4 пяціпавярхоўкі і газаправод.

***

Курскі губернатар паведаміў пра абстрэл вобласці і гібель чалавека.

Як сцвярджаеРаман Старавойт, сяло Каравякоўка Глушкаўскага раёна было абстраляна ў пятніцу з боку Украіны. «Налічылі 11 прылётаў. Загінуў мясцовы жыхар», — напісаў у тэлеграме кіраўнік Курскай вобласці.  

«Пашкоджаныя пяць домаўладанняў, крама і асабісты аўтамабіль. Таксама перабіта газавая труба, парушана электразабеспячэнне, у вёсцы часткова няма святла. Аварыйныя брыгады пачнуць аднаўленне, як толькі дазволіць абстаноўка. Падамавы абыход працягваецца», — дадаў ён.

***

Мінабароны Расіі заявіла, што гэтай ноччу над Белгародскай вобласцю былі збітыя дзве ўкраінскія ракеты, выпушчаныя з сістэмы залпавага агню «Вільха».

У Белгародскай вобласці а трэцяй гадзіне ночы аб'яўлялі ракетную небяспеку.

Інфармацыі пра наступствы на зямлі пакуль няма.

«Вільха» — гэта новая ўкраінская ракетная сістэма, якая па традыцыі называецца сістэмай залпавага агню, але страляе не толькі залпамі, а і тактычнымі карэкціруемымі ракетамі далёкасцю, паводле неафіцыйных даных, да 130 км.