«Буча — не адзінкавае зверства». Гэта расійская дактрына антыпартызанскай вайны
Тое ж самае ў свой час рускія войскі рабілі ў Афганістане і ў Чачні. «Мэта забойстваў адна і тая ж — адпомсціць насельніцтву за тое, што яно асмелілася супраціўляцца», — заявіў журналістам брытанскі эксперт Джэк Уотлінг.
Масавыя
забойствы, аналагічныя таму, што адбылося ў Бучы пад Кіевам, могуць быць шырока
распаўсюджаныя ў раёнах, якія захапілі расійскія войскі. Пра гэта заявіў ВВС
Джэк Уотлінг з брытанскага аналітычнага цэнтра па абароне і бяспецы.
Украіна абвінаваціла Расію ў наўмысным масавым забойстве мірных жыхароў, пасля таго, як журналісты выявілі на вуліцах Бучы мноства забітых людзей. Расія назвала гэтыя абвінавачванні ваеннай прапагандай.
«Гэта не адзінкавае зверства. Менавіта так расійскія войскі вядуць вайну супраць партызан», — заявіў Уотлінг.
Брытанскі эксперт дадаў: «Я думаю, у тых раёнах, дзе рускія занялі тэрыторыю, мы выявім значную колькасць падобных дзеянняў».
«Мэта ў гэтых забойстваў будзе адна і тая ж — адпомсціць насельніцтву за тое, што яно асмелілася супраціўляцца. Я думаю, гэта будзе вельмі шырока распаўсюджана».
«Тое ж самае яны рабілі ў Афганістане. Тое ж яны рабілі ў Чачні. Гэта дактрына антыпартызанскай вайны, якая заключаецца ў калектыўным пакаранні», — заявіў эксперт.