«Цэляцца ў Вярхоўную Раду, а трапляюць у Дом настаўніка»

Наконт расійскай «высокадакладнай зброі» выказаўся ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__18_.jpg

Расія б'е састарэлымі савецкімі ракетамі, якія на сотні метраў адхіляюцца ад зададзеных мэтаў. Пра прычыны такой малой дакладнасці трапляння «Можем объяснить» распавёў палітолаг і ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

«Расія выкарыстоўвае зброю, якая была выраблена ў Савецкім Саюзе. Нават «Іскандэры» і «Калібры» — гэта вельмі глыбокая мадэрнізацыя савецкіх сістэм. Але любая мадэрнізацыя не можа даць высокай дакладнасці», — тлумачыць Грабскі.

Па словах эксперта, гэта зброя стваралася для дастаўкі да кропкі прыцэльвання ядзернага боепрыпасу. Для яго адхіленне ў 200–300 метраў не з'яўляецца крытычным. «Таму мы і бачым такія ўдары — калі цэляцца ў Вярхоўную Раду, а трапляюць у Дом настаўніка», — адзначыў Грабскі.

Ракеты настолькі састарэлі, што пры запусках над акваторыяй Чорнага мора часам сыходзяць з траекторыі і падаюць у ваду. Але ў Расіі ёсць яшчэ дастаткова запасаў савецкага ўзбраення, паколькі яно стваралася на працягу апошніх 50 гадоў.

Гэта састарэлая зброя ўсё ж дазваляе «вырашаць пэўныя задачы — напрыклад, нанесці ўдар па інфраструктуры. Гэта магчыма нават старымі ракетамі», — прызнае Грабскі.

Нагадаем, паводле СБУ, толькі кожны 20-ы ракетны ўдар Расіі быў нанесены па ваенным аб'екце, астатнія 19 — па жылых дамах і цывільнай інфраструктуры. Адхіленні ад курсу адбываліся і раней — у чэрвені па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу трапіла ракета Х-22. Радыус яе адхілення ад мэты складае каля аднаго кіламетра.