Еўрасаюз увядзе дадатковыя санкцыі супраць Беларусі

Еўрасаюз увядзе дадатковыя санкцыі супраць Расіі і Беларусі. Пра гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. На Беларусь будзе пашырана частка ўведзеных раней супраць Расіі санкцый. Таксама будуць абмежаваныя закупкі шэрагу таварных пазіцый.


«Мы нацэлімся на іншага агрэсара ў гэтай вайне — рэжым Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі садзейнічаў заганнай атацы супраць Украіны. Мы ўдарым па рэжыме Лукашэнкі новым пакетам санкцый. Мы ўводзім абмежаванні супраць найбольш важных сектараў. Яны спыняць экспарт мінеральнага паліва, тытуню, драўніны, піламатэрыялаў, цэменту, жалеза і сталі. Мы таксама пашырым на Беларусь экспартныя абмежаванні на тавары падвойнага прызначэння, якія мы ўвялі ў дачыненні да Расіі», — цытуе кіраўніка Еўракамісіі REFORM.by.

Старшыня Еўракамісіі дадала, што будуць уведзеныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх функцыянераў, якія садзейнічалі агрэсіі.

«Мы закрываем еўрапейскую паветраную прастору для Расеі. Забарона тычыцца кампаній і самалётаў, зарэгістраваных у РФ», — сказала Урсула фон дэр Ляен.

Таксама Еўрасаюз спыніць вяшчанне Russia Today і Sputnik, а таксама іх даччыных структур. Будуць распрацаваны адпаведныя інструменты.

Па словах фон дэр Ляен, дадзеныя санкцыі ўводзяцца ў дадатак да раней анансаваных адключэння расійскіх банкаў ад SWIFT, замарозцы актываў Цэнтрабанка, і расійскіх алігархаў.

Нагадаем, тыдзень таму прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пагражаў Літве тым, што яе пазбавяць беларускай драўніны ў адказ на адмову перавозіць мінеральныя ўгнаенні.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: