Фрыдман: Міжнародны крымінальны суд можа выдаць ордар і на Лукашэнку

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прызнала Аляксандра Лукашэнку датычным разам з Пуціным і Львовай-Бяловай да выкрадання ўкраінскіх дзяцей. Якія наступствы гэта можа мець для беларускага правіцеля — тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Міжнародны крымінальны суд. Ці чакае Лукашэнку Гаага? 

Міжнародны крымінальны суд. Ці чакае Лукашэнку Гаага? 

Нагадаем, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка прапанаваў прызнаць вінаватым у выкраданні ўкраінскіх дзяцей не толькі Пуціна, але і Лукашэнку. ПАСЕ падтрымала ягоную прапанову.
Рэзалюцыя ПАСЕ называе прымусовую дэпартацыю дзяцей і дарослых з Украіны ў РФ «генацыдам».
— Рэзалюцыя ПАСЕ трохі пагаршае становішча Лукашэнкі: цяпер ПАСЕ прывязала яго да кейса Пуціна і Львовай-Бяловай. І гэта падвышае шанцы на тое, што Міжнародны крымінальны суд можа заняцца ім і можа выдаць ордар на арышт Лукашэнкі, а таксама Аляксея Талая. А рэакцыя з боку прапагандыстаў досыць тыповая: прапаганда ведае, што для Лукашэнкі гэта вельмі непрыемная тэма, таму яны і абыходзяцца з ёю вельмі селектыўна. З аднаго боку, не хаваюць, што Беларусь згадваецца ў рэзалюцыі, але замоўчваюць згадкі персанальна пра Лукашэнку як саўдзельніка генацыду. Для Лукашэнкі гэта вельмі непрыемная псіхалагічная гісторыя, хаця пакуль пра выдачу ордара гаворка і не ідзе, — адзначыў Аляксандр Фрыдман.
У сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у РФ.