Кадыраўцы ў Беларусі

Генштаб УСУ: у Беларусь прыбываюць з Чачні прыхільныя Кадыраву жаўнеры.

kadyraucy.jpeg


Беларусь і надалей падтрымлівае расійскую ўзброеную агрэсію супраць Украіны, а Расія працягвае перакідваць асобныя падраздзяленні на тэрыторыю нашай краіны, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
Было адзначана прыбыццё на чыгуначную станцыю Брэст эшалона ваеннай тэхнікі з Расіі. Разам з вайскоўцамі УС РФ прыбываюць так званыя «кадыраўцы», заявіў спікер Генштаба УСУ Аляксандр Штупун. Акрамя таго, расійскія вайскоўцы былі заўважаныя ў населеных пунктах паміж гарадамі Брэст і Маларыта.


Паводле звестак украінскага боку, таксама захоўваецца пагроза нанясення ракетных удараў і задзейнічання ўдарных беспілотнікаў з тэрыторыі Беларусі.
Нагадаем, нядаўна ўкраінскі ваенны эксперт Міхаіл Самусь разважаў:

— Рызыка паўторнага наступлення праз беларуска-ўкраінскую мяжу ёсць — і яна пастаянна павялічваецца. І калі група Прыгожына, Кадырава і Суравікіна атрымае карт-бланш на правядзенне ўсёй «аперацыі», яны не будуць гандлявацца з Лукашэнкам. Лукашэнка ўмее гаварыць з Пуціным, але я ўпэўнены, ён не зможа дамовіцца з Прыгожыным або Кадыравым.

Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні рэгіянальнай групы войскаў Саюзнай дзяржавы, адпаведна, паводле нарматыўна-прававых дакументаў, з гэтага моманту ваенныя сілы Беларусі пераходзяць пад камандаванне рэгіянальнай групы. Я думаю, што гэта камандаванне ажыццяўляе Суравікін, таму што ў яго ў распараджэнні ўсе рэсурсы, якія толькі могуць быць ва ўзброеных сілах.

— Трэба пачаць працу з Пераходным кабінетам Ціханоўскай. Паспрабаваць пераканаць Ціханоўскую і яе паплечнікаў у тым, што іх роля — простых назіральнікаў, а іх місія — рыхтаваць Беларусь да новых выбараў…

Выбараў ужо не будзе. Калі прыйдуць такія, як Прыгожын, Кадыраў і Дугін да ўлады, ніякіх выбараў у Беларусі ўжо не будзе ніколі. Гэта ўжо цяпер акупаваная тэрыторыя. А калі яны будуць рыхтаваць ваенную аперацыю, гэта значыць, туды зойдзе 50 тысяч мабілізаваных, Беларусь будзе акупаваная яшчэ і фактычна.

Гэта будзе [як] Херсонская вобласць. Калі Лукашэнка не будзе з чымсьці згаджацца, яго ліквідуюць і паставяць іншага.