«Калі кожны зробіць тое, што ад яго залежыць, нешта зможа памяняцца»

АМАП, затрыманні, спартыўныя маладзёны на чорных джыпах і ўзброеныя вайскоўцы. Не, гэта не чарговы безгустоўны баявік і не гісторыя з «ліхіх 90-х». Гэта атмасфера, у якой адбываюцца выбары ў сучаснай Беларусі.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Хацеў напісаць заяву — трапіў на Акрэсціна


Павел Шульц назіраў за выбарамі на 32 участку Савецкага раёна Мінска, які размяшчаўся ў палітэхнічнай гімназіі №6. Павел захапіў датэрміновае галасаванне і крыху асноўнага дня.
— Я быў поўны дзень у пятніцу, 7 чысла. Адмыслова прыйшоў зранку, каб палічыць яўку. У асноўны дзень я падыйшоў бліжэй да канца, гадзін з сямі, — распавядае Павел. — Даныя па яўцы на датэрміновым галасаванні былі завышаныя штодзённа, і гэта было бачна няўзброеным вокам. Нам не давалі сядзець каля саміх участкаў, таму мы сядзелі на вуліцы каля корпуса гімназіі і назіралі, як людзі заходзяць і выходзяць. Мы лічылі кожнага, хто выходзіў, за выключэннем відавочных супрацоўнікаў гімназіі, вахцёра, міліцыянта. Астатніх, нават у кім мы сумняваліся, усё роўна лічылі як тых, хто прагаласаваў. У выніку атрымалася, што за дзень абодва ўчасткі наведала 102 чалавекі, а сумарна паводле пратаколаў камісій — 303.
Па факце завышэння яўкі на датэрміновым галасаванні Павел Шульц напісаў заяву ў Савецкае РУУС, яе прынялі, але адказу пакуль не далі.
Суразмоўца распавядае і пра іншыя парушэнні, напрыклад, лічбы ў пратаколах вывешвалі без подпісаў.
Калега Паўла Міхаіл Марчанка быў незалежным назіральнікам на суседнім, 31 участку, размешчаным у гэтай жа гімназіі. Малады чалавек прысутнічаў на сваім участку ў асноўны дзень галасавання — 9 жніўня, з 8 раніцы да 12 ночы.
— Я прыйшоў без чвэрці восем, акурат было апячатванне ўрнаў. Нас пусцілі ў памяшканне для галасавання, паказалі ўрны, мы сфатаграфавалі іх. Потым нам сказалі, што ёсць 5 назіральнікаў, якія зарэгістраваліся раней за нас, і яны будуць знаходзіцца тут. Тым, хто быў ад платформы «Сумленныя людзі», альбо самастойна, сказалі ісці ў калідор.

Чарга з ахвотных прагаласаваць у калідоры. Фота Ірыны Шаркоўскай

Чарга з ахвотных прагаласаваць у калідоры. Фота Ірыны Шаркоўскай

Міхаіл зазначае, што незалежныя назіральнікі сталі фіксаваць яўку, а таксама колькасць людзей з белымі бранзалетамі. Аднак праз 15 – 20 хвілін назіральнікаў папрасілі пакінуць калідор.
— Падпалкоўнік міліцыі і намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Віктар Кацуба сказалі, што мы ствараем пажарную небяспеку.
Міхаіл прапанаваў паклікаць старшыню камісіі Ірыну Міхайлаўну Шпак, якая паведаміла, што яна адказвае толькі за парадак на ўчастку, а па-за ім — адміністрацыя гімназіі. На патрабаванне намдырэктара назіральнікі вымушаныя былі пакінуць калідор. Міхаіл Марчанка запатрабаваў кнігу заўваг і прапаноў, але яму яе не прадаставілі, спаслаўшыся на тое, што яна ў зачыненай прыёмнай. Тады назіральнік звярнуўся да міліцыянта, і той параіў напісаць заяву ад рукі.
Суразмоўца вырашыў адразу заяву не пісаць, а назіраць далей, стаўшы ля турнікета.
— З іншага ўчастка незалежнага назіральніка, Арцёма Сташэнку, выганялі па такім жа сцэнары. Ён сказаў, што будзе выклікаць міліцыю. Прыехалі два маёра і лейтэнант. Арцём апісаў ім сітуацыю і тое, што яму перашкаджаюць назіраць. Міліцыянт спытаў у яго, ці будзе ён пісаць заяву. Ён сказаў — так, і яму сказалі прайсці ў машыну. Ён стаяў каля машыны з адным маёрам. Я падыйшоў і спытаў: «Вы яго затрымліваеце?». Ён адказаў, што не, Арцём проста напіша заяву, а пакуль чакаюць астатніх міліцыянтаў.
На ўсялякі выпадак у гэты момант Міхаіл пачаў відэаздымку, і там бачна, што міліцыянты сядзяць у машыне, і туды ж сядае незалежны назіральнік Арцём Сташэнка. Тады Міхаіл яшчэ раз задаў пытанне, ці яго затрымліваюць, на што той адказвае станоўча. На якой падставе, высветліць не ўдалося, і праз паўгадзіны тэлефон Арцёма ўжо быў недасяжны. Як і на наступны дзень, і праз дзень.


На днях Міхаілу ўдалося звязацца з Арцёмам. Ён шукае сведкаў свайго затрымання, бо на яго склалі два адміністрацыйных пратакола. Адзін — за дробнае хуліганства: нібыта назіральнік замінаў працы камісіі, размахваў рукамі. Другі — за супраціўленне міліцыі, калі яму прапанавалі праследаваць у РУУС. Але ў відэа выдатна бачна, што малады чалавек не хапаўся за абмундзіраванне міліцыянтаў і дзверы машыны, як сцвярджаецца ў пратаколе.
 Арцём распавёў, што яго адвезлі ў РУУС, там ён быў суткі, і на наступны дзень яго адвезлі на Акрэсціна. Са словаў Арцёма, там на яго склалі пратакол за нібыта ўдзел у мітынгу і далі 15 сутак, хаця ён фізічна не мог там быць, бо знаходзіўся ў РУУС. Я разумею, што суд быў на Акрэсціна, але праз 4 дні, калі пачалі вызваляць людзей, яго выпусцілі без рэчаў і папер, збіўшы, і цяпер павінен быць другі суд па гэтых двух пратаколах.


АМАП, цітушкі і бусы з узброенымі людзьмі


У дзень выбараў пасля затрымання калегі Міхаіл застаўся каля свайго ўчастка і працягнуў фіксаваць яўку.
— Мы зафіксавалі, што прыйшло 1060 чалавек, з іх 452 былі з белымі стужкамі. Па нашым участку яўка склала 102%. На суседнім участку — больш за 120%, — распавядае Міхаіл.

Чарга з выбаршчыкаў на вуліцы. Фота Ірыны Шаркоўскай

Чарга з выбаршчыкаў на вуліцы. Фота Ірыны Шаркоўскай

Незалежныя назіральнікі звярнуліся да старшыні камісіі з просьбай прысутнічаць пры падліку галасоў. Аднак яна паведаміла, што дапусціць толькі тых назіральнікаў, якія ўжо прысутнічаюць на ўчастку.  
— За 15 хвілін да заканчэння галасавання закрылі турнікеты — напэўна, каб мы, назіральнікі, не прарываліся туды, — мяркуе Міхаіл Марчанка. — Гэта дастаўляла цяжкасці і выбаршчыкам, якія прасілі адчыніць турнікет, каб іх выпусцілі.
— Тое абмежаванне колькасці назіральнікаў, якое ўвёў ЦВК — максімум 5 чалавек на ўчастку ў асноўны дзень галасавання, перастае працаваць у 20 гадзін. Мы, уласна, таму туды і прыйшлі, каб прысутнічаць пры падліку галасоў, — дадае Павел Шульц. — Але нам гэта нахабна забаранілі. Мы прасілі прадаставіць дакумент, на які спасылаецца гэтая забарона. Але старшыня камісіі 31-га ўчастка проста паварочвалася і сыходзіла. Старшыня 32-га ўчастка нават не выйшаў да нас.
Павел спрабаваў звярнуцца да міліцыянта на ўчастку, але адказу ад яго не атрымаў. Тады малады чалавек вырашыў выклікаць міліцыю, каб зафіксаваць парушэнне. Але па нумары 102 яму параілі звяртацца да таго ж прадстаўніка МУС, які дзяжурыць на ўчастку. Яшчэ раз звярнуўшыся да міліцыянта на ўчастку, Павел атрымаў адказ, што той падпарадкоўваецца старшыні камісіі і ніякіх размоваў з ім весці не будзе.
Пасля закрыцця ўчасткаў ля гімназіі сабралося людзі, якія чакалі выніковы пратакол. На 31 участку яго вывесілі больш чым праз тры гадзіны пасля закрыцця. Перад гэтым прыехала 10 чалавек АМАПУ, якія запатрабавалі, каб людзі адыйшлі ад уваходу. Прысутныя зрабілі «жывы калідор», каб сябры камісіі маглі прайсці.

Пасля галасавання людзі сабраліся, каб убачыць выніковы пратакол. Фота Ірыны Шаркоўскай 

Пасля галасавання людзі сабраліся, каб убачыць выніковы пратакол. Фота Ірыны Шаркоўскай 

— Недзе а палове на дванаццатую прыехала 10 – 15 незразумелых людзей без апазнавальных знакаў, у спартыўных касцюмах, з белымі павязкамі, дручкамі і ў спецыяльных пальчатках з кастэтамі. Нехта пачаў крычаць, што гэта цітушкі, баяліся, што нейкая правакацыя. Яны крыху пастаялі, і іх пусцілі ў будынак. І ў 12 гадзін вывесілі пратакол. АМАП дазволіў сфатаграфаваць. Як толькі сфатаграфавалі, пад’ехала тры ці чатыры бусы, поўныя людзьмі. Я падумаў, што гэта АМАП, але потым мне сказалі, што гэта ўнутраныя войскі ледзьве не са зброяй прыехалі, — гаворыць Міхаіл.


«Вера ў праўду надае моцы»


Аднак пасля завяршэння галасавання клопату ў незалежных назіральнікаў не паменела. Міхаіл Марчанка пачаў збіраць на сваім участку подпісы выбаршчыкаў, якія галасавалі за Святлану Ціханоўскую, каб падаць скаргі. Але і збор подпісаў аказаўся справай рызыкоўнай.
 Мы ў панядзелак (10 жніўня. — НЧ) збіралі подпісы ля карпусоў гімназіі, на наступны дзень я вырашыў збіраць каля пад’езда. Суседзі самі развесілі аб’явы, што можна прыйсці падпісацца з 7 да 11 гадзін. Недзе ў 10.55 прыйшла падпісацца дзяўчына з суседняга дома, і тут з-за рагу выходзяць двое хлопцаў, адзін лысы ў спартыўным касцюме, другі — у шортах, і ідуць у наш бок. Жонка паклікала дзяўчыну ў пад’езд, а я застаўся на ганку размаўляць па тэлефоне. І тут пад’язджае танаваны джып, апускаецца шкло, і чалавек у машыне кажа: «Ён, напэўна, у пад’езд пабег». Я хуценька паварочваюся, заходжу ў пад’езд і зачыняю дзверы. А той лысы хлопец пачынае грукацца і казаць, каб я адчыніў. Дзяўчына, якая прыйшла падпісацца, гадзіну сядзела ў нас дома, баялася выйсці. Яе муж з акна бачыў, што хвілін 20 – 30 тыя хлопцы чакалі, потым разыйшліся.
Калі Міхаіл паспрабаваў збіраць подпісы ў сваім раёне, яго папярэдзілі, што побач стаяць бусы з АМАПаўцамі, і лепш не рызыкаваць, таму далей збор працягваўся аддалена. З улікам такіх абмежаванняў і таго, што многія людзі баяліся падпісвацца, удалося сабраць 198 подпісаў — хаця, паводле афіцыйнага пратаколу, на ўчастку за Святлану Ціханоўскую прагаласавалі 164 чалавекі. Сабраныя подпісы далучылі да заявы, якую падалі ў пракуратуру.
— Таксама я пайшоў у гімназію і напісаў скаргу на намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы з нагоды таго, што ён замінаў працы назіральнікаў, папрасіў прыцягнуць яго да дысцыплінарнай адказнасці. Са свайго боку мы зрабілі, што маглі. Далей — праца праваахоўнікаў: калі ласка, апытайце тых, хто быў ва ўчастковай выбарчай камісіі. Чаму спатрэбіліся тры аўтобусы з узброенымі людзьмі супраць сваіх грамадзян, якія галасавалі?..
Калі чыноўнікі замест адказу па факце дашлюць звычайныя адпіскі, незалежныя назіральнікі гатовыя іх абскарджваць.
— Калі кожны чалавек са свайго боку зробіць тое, што ад яго залежыць, нешта зможа памяняцца, — перакананы Міхаіл Марчанка.
Ён дадае:
— Я хачу, каб мае правы не парушаліся. АЗГ так не затрымлівалі, як затрымліваюць (цяпер. — НЧ) выпадковых людзей! Гэта непрымальная сітуацыя ў ХХІ стагоддзі. Пасля гвалту была пяройдзена чырвоная лінія, цяпер тут немагчыма адчуваць сябе ў бяспецы.
Міхаіл працуе ў сферы ІТ, у яго была магчымасць з’ехаць працаваць у Кіеў. Але ён гэтага не зрабіў. Спачатку суразмоўца быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі.
— Ён рызыкнуў, папрасіў падтрымаць яго. Ён не спужаўся, дык чаму я павінен баяцца? Я раблю ўсё па законе. І калі цяпер апусціць рукі, атрымліваецца, што ўсё, што адбылося, было дарэмна? Вера ў праўду надае моцы, я раблю тое, што мушу рабіць.