Магда: «Лінія Хрэніна» — гэта не болей чым дэманстрацыя салідарнасці з Расіяй

Нядаўна ў сеціве з'явіліся здымкі так званых «зубоў дракона» — фартыфікацыйных збудаванняў на мяжы з Украінай. СМІ паспелі ўжо назваць іх «лініяй Хрэніна». Украінскі палітолаг Яўген Магда ў размове са «Свабоднымі навінамі» расказвае, што азначае гэтае ўзмацненне мяжы і ці пагражае Беларусі «вагнерызацыя».

Узмацненне мяжы — карцінка для Расіі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Узмацненне мяжы — карцінка для Расіі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Лукашэнка заявіў, што сустракаецца з Пуціным «не для таго, каб паглядзець адзін на аднаго».

«Як мне дакладвае ўрад, ну амаль няма аніякіх праблем. Я ў гэта мала веру. Я бачу па сітуацыі, што ўсё-ткі праблемы ёсць, нестыкоўкі нейкія. Часам бюракратызм. Хто ў гэтым вінаваты? Каб вось, сустракаючыся паслязаўтра ў Маскве, мы з прэзідэнтам Расіі Пуціным маглі абмеркаваць і зняць тыя праблемы, які[ наогул не павіннf быць у нашых адносінах», — заявіў Лукашэнка, прымаючы 22 мая беларускага пасла ў Расіі Дзмітрыя Крутога.

Навошта спатрэбіўся такі разбор палётаў? Ды таму, што 24-25 траўня Лукашэнка зноў адпраўляецца ў Маскву. Фармальна — для ўдзелу ў II Еўразійскім эканамічным форуме і пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Усё б нічога, ды вось апошні візіт у першапрастольную адбыўся 9 траўня. Такімі тэмпамі хутка ўбачым пераход на штотыднёвыя планёркі ў Крамлі.

Усё-ткі: навошта Лукашэнка зноў і зноў ляціць у Маскву? «Свабодныя навіны» пагаварылі з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Украіна) Яўгенам Магдам.

— Думаю, не за грашыма. Хутчэй, вырашаць палітычныя пытанні, для чаго перыядычна неабходна бываць побач з Пуціным, дэманструючы саюзніцкую адданасць. У рэшце рэшт, трэба паказаць, што ён здаровы.

Калі прааналізаваць карцінкі папярэдніх высокіх сустрэч, то яны нагадваюць закрыццё бальнічнага ліста: чалавек просіць прадоўжыць, каб на працы не моцна лаяліся... Я лічу, што Лукашэнка ўжо нават не імітуе самастойнасць ад Расіі. Але бяда ў тым, што ён гуляе не толькі суверэнітэтам Беларусі, але і жыццём і здароўем мільёнаў грамадзян Беларусі. Гэта таксама трэба разумець.

— Вы прагназуеце ў найбліжэйшай перспектыве «вагнерызацыю» Беларусі. Што гэта такое і як яна можа адбывацца?

— Я мяркую, што беларускіх вайскоўцаў могуць прымусіць пайсці на ваенныя злачынствы; магчыма, не ўсіх, а тых, хто пагодзіцца, каго матэрыяльна прастымулююць. Магчыма, прымусяць прыняць удзел у абстрэлах «Іскандэрамі» тэрыторыі Украіны; магчыма, прадэманструюць, што на «Іскандэры» можна паставіць ядзерныя боегалоўкі. Не забывайце, што вайна прадугледжвае не толькі непасрэдныя баявыя дзеянні, але і разнастайныя інфармацыйныя аперацыі. На сённяшні момант «вагнерызацыя» Беларусі, па сутнасці, ужо адбываецца. І гэта рэальны працэс, які нясе пагрозу не толькі ёй, але ўсяму рэгіёну.

— Хвароба Лукашэнкі, якая здарылася проста на парадзе ў Маскве, выклікае ўсё больш і больш пытанняў. Ці з'явіліся новыя версіі, якія раскрываюць загадку гэтай хваробы?

— Я не лекар, не магу нічога сказаць. Але на фотаздымках і відэа, якія паказвалі на мінулым тыдні, выглядаў ён не вельмі добра. Я б на яго месцы больш турбаваўся пра ўласнае здароўе, чым пра паездкі ў Маскву. І ўжо ні ў якім разе ў Маскве нічога б не еў і не піў, акрамя таго, што накладваюць і наліваюць выключна правераныя людзі і выключна ва ўласны посуд.

— Мінск называе ўкраінскае контрнаступленне фэйкам, але пад Гомелем усталёўваюцца абарончыя «лініі Хрэніна». Навошта?

— У вас не першы месяц працягваюць рэтрансляваць расійскую пазіцыю адносна Украіны, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Але ставіць у непасрэднай блізкасці ад беларуска-ўкраінскай мяжы «зубы Хрэніна» — гэта досыць смешна. Падобныя фартыфікацыйныя збудаванні нічога не вырашаюць у сучаснай вайне. І чалавек, які любіць вайсковую форму з лампасамі, павінен бы пра гэта ведаць: у яго ж ёсць дарадцы, якія дапамагаюць разбірацца ў важных пытаннях. Гэта толькі дэманстрацыя салідарнасці з Расіяй, не больш за тое.